Шмат гадоў у эфіры Свабоды гучаць лінгвістычныя парады, адказы на пытаньні, тлумачэньні і камэнтары Юрася Бушлякова. Матэрыял гэтых перадачаў складзе новую кнігу Бібліятэкі Свабоды.
Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.
Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.
Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl. org.
Узгадаць ці згадаць?
У сучасным маўленьні і на пісьме суіснуюць дзеясловы ўзгадаць, узгадваць і згадаць, згадваць, назоўнікі ўзгадка і згадка. Якія з гэтых формаў, зь якой прыстаўкаю, больш апраўданыя ў літаратурным маўленьні?
Нарматыўныя слоўнікі фіксуюць толькі словы з прыстаўкавым з-: згадаць і згадваць, згадацца і згадвацца, згаданы, згадваньне, згадка. Такі падыход несумненна слушны, бо формы з прыстаўкаю уз- (узгадаць, узгадка ды інш.) у прасторы жывой народнай мовы былі і застаюцца вузкарэгіянальнымі, а ў кантэксьце літаратурнай мовы могуць разглядацца як кантамінаваныя, мяшаныя (напрыклад, форма ўзгадаць успрымаецца як вынік афармленьня слова згадаць на ўзор дзеяслова ўспомніць). Выбар на карысьць словаў згадаць, згадка — гэта выбар традыцыйных у літаратурным ужытку сродкаў. Згадаць — у Багдановіча і Купалы, Куляшова і Караткевіча, Быкава і Брыля.
І яшчэ трохі — пра значэньні дзеяслова згадаць. У сучасным літаратурным маўленьні згадаць ужываюць звычайна толькі ў сэнсе ‘ўспомніць’, ня ведаючы або забываючыся пра другое, традыцыйнае і рэгулярнае ў аўтэнтычнай мове, значэньне. “Дзяўчына... ведама, дзяўчына — хто там згадаў, што ў ёй сядзіць”, — пісаў Купала. “Ім ня сьцяць маіх думак і сэрца, не згадаць іх жыцьцёвы сакрэт”, — гэта ўжо радкі з паэзіі Алеся Салаўя. У прыведзеных ілюстрацыях згадаць значыць ‘угадаць’.
То ж памятайма: дзеяслоў згадаць мае ў літаратурнай мове два значэньні: ‘успомніць’ і ‘ўгадаць’ (напрыклад, згадаць былое ‘ўспомніць былое’ і згадаць загадку ‘ўгадаць загадку’).
Множны лік: бярвёны, зьвёны, камяні
У маўленьні і на пісьме здараюцца формы множнага ліку тыпу бярвеньні, зьвеньні, каменьні, карэньні. Як узьніклі такія формы і ці адпавядаюць яны нормам літаратурнае мовы?
Дасьледнікі словаўтварэньня адзначаюць іх мяшаны характар — рэч у тым, што для нашае мовы не характэрны суфіксальны спосаб утварэньня множналікавых формаў назоўнікаў. Форма множнага ліку назоўнага склону характарызуецца канчаткам -і (-ы), пры гэтым дадатковай суфіксацыі — далучэньня яшчэ нейкага суфікса — няма: волас — валасы, зуб — зубы, ліст — лісты, крыло — крылы і г. д. У формах тыпу карэньні, каменьні накладаюцца адна на адну, крыжуюцца беларускія і расійскія множналікавыя формы (коренья + карані → карэньні).
Вось жа, на месцы скрыжаваных ненарматыўных формаў маем ужываць або звычайныя, тыповыя формы множнага ліку на -і (-ы), або зборныя назоўнікі. Як ад вясло форма множнага ліку вёслы, ад гняздо — гнёзды, так, скажам, ад бервяно — бярвёны, а ад зьвяно (зьвяртаю на гэта асаблівую ўвагу) — зьвёны (ня зьвеньні, а якраз-такі зьвёны).
У сваю чаргу зборныя назоўнікі ўтвараюцца ад асновы формы адзіночнага ліку далучэньнем суфікса [й] і канчатка [э] (пры гэтым канцавыя гукі асновы, апрача губных і [р], падаўжаюцца): брус — брусьсе, дуб — дуб’ё, камень — каменьне, корань — карэньне, крыло — крыльле, ліст — лісьце, пяро — пер’е.
Пры канцы паправім адзін сказ з памылковаю формаю: Дрэва глыбока пусьціла карэньні. Замест формы карэньні трэба ўжыць або правільную форму множнага ліку назоўніка корань, або зборны назоўнік карэньне: Дрэва глыбока пусьціла карані або Дрэва глыбока пусьціла карэньне.
Дата: сёньня — першага студзеня
Сёньня — першае студзеня ці першага студзеня? Абедзьве названыя формы парадкавых лічэбнікаў — першае і першага — ужываюць у сёньняшняй мове пры абазначэньні даты. У сувязі з гэтым частае пытаньне — якая зь дзьвюх формаў найбольш характэрная, гістарычна апраўданая ў беларускай мове?
У старабеларускую пару дамінавала форма роднага склону: парадкавыя лічэбнікі выступалі, як правіла, у спалучэньні з назоўнікам дзень: шостого дня месяца серпня, дня 28 месяца липца. У літаратурным ужытку ў XX стагодзьдзі адступіліся былі ад традыцыйнага называньня. Зважаючы на расійскую мову, увялі мадэль з словам чысло ў назоўным склоне: першае чысло студзеня. Адсюль — як не было назоўніка чысло — выходзіла: першае студзеня. Злучэньні з родным склонам парадкавага лічэбніка пры называньні канкрэтнай даты некаторыя мовазнаўцы абвяшчалі нават памылковымі.
Нельга з гэтым пагадзіцца. Нашая мова да сёньня захавала часавыя канструкцыі з назоўнікам у родным склоне: мінулае ночы, пагоднага дня, наступнага году. Злучэньне першага студзеня — такой самай тыповай будовы. Можам сказаць: сёньня — сьцюдзёнага дня — нам не ўдалося ўбачыцца, заўтра — другога студзеня — мы сустрэнемся.
Злучэньні тыпу першага студзеня, дваццаць пятага сакавіка або шостага жніўня прыдатныя нам і ў тым разе, калі называем час дзеяньня, і ў тым, калі толькі канстатуем канкрэтную дату. Скажам, да прыкладу: учора быў апошні дзень году — (каторага дня?) трыццаць першага сьнежня; сёньня — першага студзеня; заўтра, у наступныя содні, — другога студзеня.

БУДОВА СЛОВА

Your browser doesn’t support HTML5
ФОРМЫ СЛОВА

БУДОВА ФРАЗЫ