Юрась Бушлякоў адышоў 4 чэрвеня а 19-й гадзіне.
Вінцук Вячорка: Лідарам новай плыні беларускага мовазнаўства
Лідарам новай плыні беларускага мовазнаўства назваў Юрася Бушлякова вядомы лінгвіст і грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка:
«Юрась — чалавек, які станавіўся і мог бы зрэалізавацца цалкам як лідэр новай плыні беларускага мовазнаўства — найперш скажу пра яго як пра мовазнаўцу, бо мне пашчасьціла працаваць зь ім некалькі гадоў. У складзе адной групы мы пісалі беларускі клясычны правапіс — гэта значыць мадэрнізаваныя нормы несавецкай беларускай правапіснай традыцыі. Ён дасканала ведаў гэтую правапісную традыцыю, яму ўдалося абараніць дысэртацыю. Ён валодаў надзвычайнымі якасьцямі, патрэбнымі навукоўцу. Безумоўна, ён быў выдатным пэдагогам. Ён быў чалавекам, здольным працаваць і індывідуальна, і ў камандзе. У яго фантастычныя асабістыя якасьці сапраўднага беларускага інтэлігента, ён быў выдатным чалавекам. І гэта вялікі ўдар для ўсіх нас, што адыходзяць маладыя людзі, якія і так шмат зрабілі, але маглі б зрабіць нашмат больш. Бо ўсё для гэтага было, каб ня вось такі жахлівы лёс».
Сьвятлана Вранава (Пардубіцэ Чэхія)
Даведалася пра сьмерць вашага калегі і сябра. Як шкада. Ведаю, якая балючая страта блізкага чалавека. Шкада таксама, што мне асабіста не давялося зь ім пазнаёміцца... Пісала беларускую дыктоўку пад ягоны запіс.
Мне спадабаліся словы, якія цытаваў Андрэй Хадановіч: «Ня трэба скардзіцца, што некага ўжо няма, трэба быць удзячным, што мы зь ім былі». Дык будзьце ўдзячныя Богу, што даў вам магчымасьць працаваць з надзвычайным чалавекам.
Уладзімер Колас: Ён зрабіў вялікі ўнёсак у тое, чым стаў ліцэй
Юрась Бушлякоў быў адным з выкладчыкаў гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас узгадвае:
«Сапраўды, спадар Юрась пэўны час выкладаў у нашым ліцэі і, безумоўна, сваёй інтэлігентнасьцю, сваёй дасьведчанасьцю, сваім высокім прафэсійным узроўнем ён зрабіў вялікі ўнёсак у тое, чым стаў ліцэй. І мы не гублялі зь ім кантактаў да апошняга. Безумоўна, усё гэта для нас абсалютна нечаканая, трагічная і сумная навіна».
Віталь Зыблюк: Чалавек, ад якога можна было чэрпаць сілы
Журналіст і кіраўнік Эўрарадыё Віталь Зыблюк сябраваў зь Юрасём Бушляковым і гэтак кажа пра сябра:
«Для мяне Юрась заўсёды быў звышінтэлігентны чалавек. Гэта чалавек, ад якога можна было чэрпаць сілы, каб таксама станавіцца больш інтэлігентным. Гэта быў выдатны навуковец, журналіст. Зь ім было цікава дыскутаваць і спрачацца. Юрась таксама быў і добрым арганізатарам, які мог аб’ядноўваць вакол сябе цікавых людзей, і кола ягоных сяброў было даволі вялікае. Юрась мог прыехаць з Прагі, патэлефанаваць, сабраць усіх у лазьні — абсалютна розныя людзі, якія дагэтуль адзін аднаго ніколі ня бачылі — яны знаёміліся і працягвалі сябраваць далей.
Валерыя Кустава: Ён казаў, што мы жывем дзеля таго, каб дапамагаць іншым
Паэтка і журналістка Валерыя Кустава ў свой час была студэнткай Юрася Бушлякова, а пазьней сябравала зь ім. Валерыя Кустава гэтак узгадвае Юрася:
«Калі я паступіла ва ўнівэрсытэт, я адразу пачала хадзіць на ягоныя лекцыі. Гэткім чынам, напачатку ён быў маім выкладчыкам, а затым мы сябравалі бліжэй, і я магу сказаць, што Юрась — самы добры чалавек, якога я ведала за ўсё сваё жыцьцё. Калі ў цябе здараліся якія праблемы ці клопаты, то ён імі мог займацца больш, чым сваімі. Ён так і казаў, што мы жывем дзеля таго, каб дапамагаць іншым. І, па сутнасьці, ён лічыў гэта адной з мэтаў свайго жыцьця — сябры і беларушчына. І, вядома, гэта вельмі вялікая страта для Беларусі і ягоных сяброў».
Генадзь Бураўкін: Юрась мог яшчэ многа зрабіць для роднага народа
Паэт Генадзь Бураўкін жыў зь Юрасём Бушляковым у адным доме, у адным пад’езьдзе, Юрась — на трэцім, Генадзь Мікалаевіч — на другім паверсе.
«Мы даволі часта сустракаліся зь Юрасём, бо жылі ў адным пад’езьдзе старога менскага дому непадалёк ад парку Чалюскінцаў. Яшчэ часьцей я чуў такі знаёмы ягоны голас, калі ўключаў Радыё Свабода. І быў ён для мяне апошнім часам як вельмі блізкі чалавек, яшчэ і таму, што як рэдка хто ў наш час адчуваў і ведаў сапраўдную нашу мову.
Ён прывозіў мне з Прагі прывітаньне ад прафэсара Ежы Марвана, майго знаёмца яшчэ з даўніх студэнцкіх часоў. Дзяліўся ўражаньнямі пра навінкі нашай літаратуры. І быў пры гэтым заўсёды ўважлівы, інтэлігентны і вельмі мілы.
Ня хочацца верыць, што так рана закончыўся ягоны жыцьцёвы шлях. Я не сумняваюся, што тыя, хто быў блізка зь ім знаёмы, хто працаваў зь ім, хто чытаў ягоныя выдатныя артыкулы па мове, ягоныя эсэ — будуць помніць яго доўга-доўга. Таму я не хачу сказаць, што мы разьвітваемся зь Юрасём. Проста на нейкі час ён ад нас аддаляецца. З адчуваньнем, што ён яшчэ мог вельмі многа зрабіць для роднага народу, аддаць вельмі многа цеплыні, якая ў яго была, сябрам, родным, сваякам.
Таму хочацца на разьвітаньне сказаць яму — «Дзякуй, Юрась! Дзякуй, дарагі, за тое, што ты быў з намі».
Ірына Шкраба: Тое, што ён зрабіў, мае вялікую навуковую вартасьць
Навуковы кіраўнік кандыдацкай дысэртацыі Юрася Бушлякова Ірына Шкраба:
«Юрась быў вельмі настойлівы ў навуцы. Ён зьбіраў глыбокія веды, быў прынцыповы, ён адстойваў сваю думку. І ў гэтым была прывабнасьць вучонага. І тое, што ён зрабіў, мае вялікую навуковую вартасьць. Мне было прыемна даваць яму парады, калі яны былі яму патрэбныя. Я бачыла рост гэтага чалавека. Ён дасягнуў многага. І шкада, што ня выйшла яго кніга. На жаль, хвароба яго забрала і не дала такой радасьці — убачыць сваю кнігу».
Аляксей Дзікавіцкі: Юрась дарыў нам кнігі і спагаду
Журналіст Аляксей Дзікавіцкі: «Наша знаёмства пачалося ад кніжкі, і апошняе, што я атрымаў ад Юрася ў падарунак, — кніга.
Калі мы пазнаёміліся ў Празе, я атрымаў ад Юрася кніжку, выдадзеную яшчэ за савецкім часам — натуральна, прысьвечаную праблемам граматыкі беларускай мовы. Мне было тады (дый цяпер ёсьць) чаму падвучыцца, што да правільнага карыстаньня моваю.
І тут Юрась заўсёды ўмеў карэктна ды без залішняга мэнтарства падказаць, патлумачыць. А пачуцьцё гумару... Гэтае слыннае «Дык мова ж разьвіваецца»... Калегі-свабодаўцы ведаюць, пра што я.
Юрась ведаў, што мой сын хварэе на рак крыві, і ўвесь час пытаўся, як ён, хаця сам быў у цяжкім стане.
Некаторы час таму я прыехаў у Прагу, каб пабачыцца. Прывёз, як заўсёды, кабаносы, хлеб, агуркі і пляшку гарэлкі. Адмысловую такую, вырабленую да чэмпіянату Эўропы па футболе 2012 — з плястыкавым мячыкам на дне, на якім было намалявана футбольнае поле. А атрымаў ад Юрася ў падарунак (а што ж яшчэ!) кнігу «Дзіцячая заМова» — для сына. Дамовіліся, як надыдуць лепшыя часы, бутэльку гэтую разам і пачаць... «Дзякуй Богу, што сын твой лепей пачуваецца. Толькі здароўя! Моцна цісну руку!», — апошні СМС ад Юрася. Спадзяюся, не пакрыўдзісься, што прыватнае апублікаваў.
Бывай, добры чалавек».
Зьміцер Саўка: Выдатны навуковец і геніяльны Чалавек
Мовазнаўца Зьміцер Саўка, які сябраваў зь Юрасём з 2001 году, з часу сумеснай працы на Радыё Рацыя: «Рэдкае спалучэньне выключнай асобы як навукоўца, мэдыйнай асобы і ў той жа час вельмі ўважлівага да іншых людзей чалавека. Бо, як правіла, мэдыйныя людзі ставяць у цэнтар сьвету сябе. А Юрасю ўдавалася, наадварот, быць уважлівым да кожнага, хто сустракаўся яму на шляху. Выдатны навуковец і геніяльны як Чалавек (Чалавек — зь вялікай літары)».
Уладзімер Куліковіч: Абаяльны чалавек і глыбокі дасьледчык
Выкладчык Тэхналягічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Куліковіч разам зь Юрасём абараняў кандыдацкую дысэртацыю:
«Мы працавалі зь ім разам на катэдры беларускай мовы філфаку БДУ. Гэта вельмі ўраўнаважаны, спакойны чалавек і глыбокі дасьледчык, які цікавіўся ня толькі вузкімі праблемамі, да прыкладу, нормы, але спрыяў і разьвіцьцю гэтай нормы. Мне заўсёды было прыемна зь ім весьці гутаркі. У нас была абарона дысэртацыяў, і яго абарону перанесьлі на другі дзень, хаця стаялі нашы абароны побач. І ўвечары ў гэты дзень у інтэрнаце ён падараваў мне томік Станкевіча, які толькі што выйшаў. Да яго вельмі прыязна ставіліся студэнты, і асабліва студэнткі. Мабыць, з-за таго, што была ў ім такая абаяльнасьць — выкладчыцкая абаяльнасьць і абаяльнасьць чалавечая. І ягоны ўнутраны спакой, відаць, перадаваўся студэнтам».
Глеб Лабадзенка: Мой любімы настаўнік
Глеб Лабадзенка, журналіст, вучань Юрася Бушлякова: «Ён быў маім любімым настаўнікам. Я вельмі шчасьлівы, што 12 гадоў таму, падчас маёй вучобы ў Коласаўскім ліцэі, мне выпала шчасьце мець такога настаўніка, як Юрась Бушлякоў. Пасьля таго як я скончыў ліцэй, мы сталі сябрамі. І я ў яго часта быў у гасьцях, і ён у мяне. І калі ён быў у Празе, я да яго прыяжджаў. Тая кніжачка, якая выйшла ў мяне некалькі месяцаў таму — „Малюнкі на моўную тэму“ — пачынаецца з прысьвячэньня Юрасю Бушлякову. Я вельмі рады, што пасьпеў зрабіць гэтую кніжку і ён яе патрымаў у руках. Літаральна некалькі дзён таму Юрасю споўнілася 40 гадоў, і вельмі балюча, што такі жыцьцярадасны чалавек адышоў. У маім разуменьні Юрась быў сьвятым чалавекам. Я да яго імкнуўся быць падобным у вельмі многіх момантах: абыходжаньня зь людзьмі, культуры мовы, культуры маўленьня. Гэта быў чалавек, які жыў, дыхаў моваю».
Андрэй Хадановіч: Каб не Юрась, магчыма, я цяпер не гаварыў бы па-беларуску
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч: Спрабуючы сам сябе суцешыць, паўтараю словы клясыка — «Ня трэба наракаць, што людзей ужо няма, трэба дзякаваць за тое, што яны ў нас былі». Хочацца сказаць «дзякуй» і самому Юрасю, і лёсу, што такі чалавек у нас быў — цудоўны сябра, таварыш, паплечнік, вельмі сьветлая, прыязная, таленавітая асоба. Вельмі грунтоўная і адукаваная, прыстойная асоба, чалавек, ад якога я ніколі ня чуў грубага, непрыязнага слова, чалавек, ад якога заўсёды сыходзіў арэол сьветлы, аптымістычны, пазытыўны. Заўсёды можна было на яго спадзявацца і ведаць, што такі чалавек у любую хвіліну дапаможа.
Так атрымалася, што не сустрэнься я зь Юрасём, — ня ведаю, ці даваў бы я вам гэтае інтэрвію па-беларуску. Бо для мяне ў часы вучобы ў БДУ на філфаку (Юрась вучыўся на беларускім, я на расейскім факультэце), — каб ня моўныя кантакты зь Юрасём, магчыма, усё магло быць інакш. Юрась — чалавек, які ўвасабляў для мяне жывую моўную стыхію.
Колькі я памятаю Юрася, куды б ён ні езьдзіў, ён заўсёды з сабой цягаў вялікую торбу беларускіх кніжак. Ён кантактаваў за мяжой зь людзьмі, якія цікавіліся літаратурай, перакладамі зь беларускай мовы, яму карцела, каб нашы кнігі зьяўляліся за мяжой па-беларуску.
Юрась быў унівэрсальнай парадай, як навярнуць, зацікавіць, прыцягнуць у беларускае маўленьне. Ён ніколі не абыходзіўся іранічна зь людзьмі, якія хочуць гаварыць па-беларуску, але яшчэ ня ўмеюць, ніколі не крытыкаваў і не высьмейваў.
Анатоль Івашчанка (ЖЖ): Спадар Юрась выкладаў бліскуча
Сёньня зраньня чамусьці зайшоў на сайт Свабоды (чаго ўжо вельмі даўна не рабіў) і ў вочы кінуўся банэр «Жывая мова Юрася Бушлякова», зь якога пасьміхаўся такі сьветлы й напраўдзе жывы спадар Юрась. І нейк пачалося згадвацца пра яго. Вядома, сьветлае (а іншага й ня ведалася)... І тут – гэтая жахлівая навіна.
Спадар Юрась выкладаў у нас стылістыку на 4-м курсе. І гэта было проста бліскуча. Шляхетна і, як здавалася, антысаўкова, па-эўрапейску. Пры тым што ніякіх асаблівых высілкаў, выглядала, ён не прыкладаў. Спакойны голас. Ніякага заігрываньня. Ніякіх падрыхтаваных досьціпаў, лірычных адхіленьняў ды звужэньня дыстанцыі. Роўна й толькі па тэме. І, ня памятаю, каб хтосьці з групы выказваў асаблівае захапленьне, але я лавіў літаральна кожнае слова. Разумеючы: вось гэта глыбішча. І вось гэта інтэлект. І дзесьці, пэрыфэрыйна, – нават зайздрасьць: чалавек, які займаецца Навукай, Справай... А яму тады не было й трыццаці.
Ён хадзіў шырокім хуткім крокам. Бывала, прыстройваўся сьледам за ім ад мэтро да корпусу, ледзь пасьпяваючы.
Памятаю, бачыў яго годзе ў 2003-м на нейкім «эўрапейскім маршы» – ён крочыў урачыста, з усьмешкай...
Такім і запомню.