Чалавека хлебам не кармі — дай толькі пабудаваць які-небудзь канцлягер. Праўда, канцлягеры для людзей паціху выходзяць з моды — дорага, негігіенічна і непаліткарэктна. Застаюцца браты нашыя меншыя — гэтыя пэтыцый пісаць ня будуць і паўстаньняў уздымаць таксама.
Перамогі над прыродай — адноснай і даволі ўяўнай, памятайма пра Бабра! — чалавеку заўжды было мала. Бо: а як жа памучыць, як жа пазьдзекавацца? Садагуманізм абавязвае: знаёмства з флёрай і фаўнай бязь іхнага прыніжэньня ніякай радасьці не прынясе... Каб палюбіць матылька або муху, трэба хаця б раз у дзяцінстве адарваць ім крылы. Ударыць сабаку, каня, схапіць за хвост ката... Гэта ўжо потым, пазьней зьявіцца дзіцячая мара: вызваліць усіх зьвяроў з заапаркаў і цыркаў. Шырокія савецкія вуліцы, запоўненыя сланамі, ільвамі і малпамі, якія шыбуюць дадому — і дрэсіроўшчыкі ды наглядчыкі ў клетках... Але і гэта прайшло. Цяпер мы ідзем з дачкой па заапарку Гагенбэка, для зьвяроў самых розных відаў тут найлепшыя ўмовы — гэта быў галоўны прынцып Гагенбэка: жывёла ў заапарку мусіць жыць так, як яна жыве ў натуральным асяродзьдзі. У гэтым заапарку лёгка можна заблудзіць. Пакутай тут ня пахне, але няволя ёсьць няволя. Гадоў пяць таму ў Менскім zoo дзіцяці хацелася захінуць чым-небудзь вочы — відовішча было не для слабанэрвовых.
Карл Гагенбэк наогул любіў розных дзікіх істотаў. Заснаваўшы ў дзевятнаццатым стагодзьдзі свой зааапарк, ён рэгулярна выстаўляў там напаказ і людзей. Хіба ж не займальна: побач з паўночнымі аленямі ў яго жылі сем’і саамаў, а побач з тыграмі і антылёпамі — сапраўдныя афрыканцы, прывезеныя з калёніяў. Гагенбэк зладзіў каля пяцідзесяці чатырох такіх выставаў, і ўсе яны карысталіся шалёным посьпехам. Без ахвяраў не абышлося — але ж ці мала гіне жывёлы?
А першы грамадзкі заапарк у Эўропе, дзе ўсё было салідна, па-навуковаму, быў заснаваны задоўга да Гагенбэкавага. 10 чэрвеня 1793 году ў Парыжы, на левым беразе Сены, у Jardin des Plantes адчыніўся зьвярынец: месца, куды кожны мог прыйсьці і паназіраць за экзатычнай зьвярынай, прывезенай з каралеўскага зьвярынцу ў Вэрсалі. Рэвалюцыйная Францыя ўсё імкнулася павярнуць на карысьць народу — прызначэньне заапаркаў было зразумета практычна і прагматычна. Натоўп узброеных людзей уварваўся ў Вэрсалі ў той прыватны каралеўскі заасад і пачаў адбор: тыя жывёлы, якіх можна было есьці, былі забітыя на месцы, а мяса падзялілі народныя масы. Што да нясмачных, іх пакінулі жыць і аддалі пад нагляд вучоных. Што ж, часам нават чалавеку выгодна быць нясмачным — хаця, урэшце, уся рэч толькі ў прыправах.