Стамбул: паліцыя адступіла, акцыю легалізавалі

Your browser doesn’t support HTML5

Разгон дэманстрантаў у Турэччыне

Улады далі дазвол дзясяткам тысячаў пратэстоўцаў у Стамбуле працягваць дэманстрацыі.
Паліцыя пакідае галоўную плошчу Стамбулу, дзе раней супраць людзей былі ўжытыя сьлезацечны газ і вадамёты. Таксама паведамлялася пра пластыкавыя кулі.

Мясцовыя агенцтвы навінаў паведамілі, што паліцыя пакідае барыкады пасьля таго, як дэманстранты кідалі туды фаервэркі.

У Стамбуле сёньня раніцай сотні людзей правялі шэсьце праз Басфорскі мост у падтрымку ўдзельнікаў антыўрадавых выступаў. Пра гэта паведамляе BBC. Паліцыя спрабавала разагнаць іх сьлезацечным газам, некаторыя зь мітынгоўцаў пачаў кідаць камяні. Мітынгоўцы паспрабавалі прарвацца ў парлямэнт.

У выніку ўчорашніх сутыкненьняў паміж дэманстрантамі і паліцыяй у стамбульскім раёне Таксім дзясяткі чалавек атрымалі раненьні. Затрыманыя больш за 60 чалавек. Праваахоўныя органы ўжылі сьлезацечны газ і вадамёты, каб разагнаць пратэстоўцаў, якія выступілі супраць плянаў рэканструкцыі гэтай часткі гораду і высечкі дрэваў у парку Гэзі.

Пратэсты супраць рэканструкцыі плошчы Таксім выліліся ў незадаволенасьць палітыкай, якая праводзіцца прэм’ер-міністрам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам. Сярод моладзі пануе незадаволенасьць урадам і ўладнай партыяй з-за «наплыву ісламізацыі». Эрдаган знаходзіцца ва ўладзе ад 2002 году, крытыкі заяўляюць, што яго ўрад становіцца ўсё больш аўтарытарным.

Маніфэстацыі прайшлі і ў іншых гарадах краіны, у тым ліку ў сталіцы — Анкары, а таксама ў Ізміры, Бадруме і Конье.