У абарону садовых хохлікаў

Швэдзкі мэблевы гігант IKEA выклікаў шквал крытыкі на свой адрас, запусьціўшы ў Вялікабрытаніі рэклямны ролік, у якім маладая сям’я зьнішчае садовых хохлікаў, як палічылі гледачы, «страшным і непрымальным спосабам», паведамляе газэта The Daily Mail.
Відэа, паводле задумкі яго стваральнікаў, было закліканае натхніць спажыўцоў на абнаўленьне мэблі ў сваіх садах. Героі рэклямнага роліка — шлюбная пара — ставяць на газоне каля дому пару яркіх плястыкавых крэслаў, набытых, мяркуючы па ўсім, у IKEA, чым выклікаюць незадаволенасьць садовых хохлікаў, якія прызвычаіліся да больш традыцыйнай абстаноўкі. Вярнуўшыся ў сад з новым сталом, муж і жонка высьвятляюць, што крэсла было перакулена адным з хохлікаў .

І далей пачынаецца вайна, у працэсе якой хохлікі спрабуюць напасьці на жыхароў дому, а тыя, у сваю чаргу, зьнішчаюць іх як праціўнікаў абнаўленьня, разьбіваючы аб плот, топячы ў канаве, паліваючы струмянём вады. Самі ж тым часам абсталёўваюць сад новай мэбляй зь мяккімі падушкамі і столікамі для піцьця гарбаты. Хохлікі зьбіраюцца ў цэлую армію, але церпяць паразу. Ролік заканчваецца тым, што дачка «наватараў» знаходзіць хохліка ў гамаку і ўсьміхаецца яму. Відэа заканчваецца тытрамі: «Уладкуйце свой сад. Скажыце „Не“ хохлікам».

http://www.youtube.com/embed/S9xROONPy6Y

Рэкляма выклікала ў гледачоў такую рэакцыю, якой аўтары зусім не чакалі. 50 чалавек патэлефанавалі ў Камітэт рэклямных стандартаў Вялікабрытаніі і паскардзіліся на некарэктны, на іх думку, ролік. Яны былі абураныя сцэнамі, калі парцалянавыя хохлікі разьбіваюцца на аскепкі, і паказваецца, як па шчацэ аднаго зь іх коціцца сьляза.

Супрацоўнікі камітэту паспачувалі абураным гледачам, але заявілі, што ня будуць прымаць ніякіх мераў. На іх думку, відэаролік усё ж не заахвочвае гвалт, не патурае асацыяльным паводзінам і ня шкодзіць дзецям. Разам з тым экспэрт па садовых хохліках Твігс Вэй ня зьдзіўлены, што відэа падняло такі шум. Ён нагадаў, што многія брытанцы любяць праяўляць некаторую старамоднасьць у справе садовых традыцыяў, і рэклямшчыкам варта ня крыўдзіць чароўных пэрсанажаў.

У выніку кіраўніцтва IKEA вымушана было зрабіць заяву, што ніводзін хохлік не пацярпеў у выніку здымкаў роліку, а візуальныя эфэкты выкананыя з дапамогай кампутарнага мантажу.