Госьця з будучыні

На двары травень, а яны так мерзнуць, гэтыя мужчыны ў плашчах, са сьмешнымі стрыжкамі пад гаршчок — віно іх даўно ня грэе, сонца гэтыя небаракі, седзячы ў сваіх каменных кабінэтах, амаль ня бачаць, а выправіцца да руанскіх прасталытак не дазваляе высокі статус. Таму празь некалькі дзён яны, канонікі ды багасловы, ударнікі інквізыцыйнай працы, загадаюць разьвесьці на галоўнай плошчы Руану вялікае вогнішча — мо хаця б там зуб пападзе нарэшце на зуб, можна будзе выцягнуць рукі да полымя, адчуваючы, як прыемна адтаюць пальцы, і ўсё гэта скончыцца...

«Вось бы кінуць усё ды махнуць за горад на шашлыкі! — летуценна кажа адзін зь іх. — Усё ж добра прыдумалі гэтыя басурмане: бярэш шампур, насаджваеш мяса... Не, спачатку замочваеш...»

«Басурман, ён ніколі жанчыне шашлык не даверыць, — устаўляе свае пяць су другі інквізытар. — Я іх, ведама ж, ненавіджу, басурманаў, што возьмеш з тых, хто без Хрыста жыве, але тут яны, што ні кажы, маюць рацыю... Ёсьць справы, куды бабам лепш ня совацца!»

«Цішэй там! — прыкрыквае на іх трэці. — Будзе вам шашлык, будзе...»

Ужо некалькі месяцаў яны працуюць не складаючы рук, каб спаліць гэтую чортаву мадэмуазэль — канец блізка, аднак час цягнецца так марудна, і холад ніяк не сыходзіць. Але сёньня ведзьма сама прысьпешыць разьвязку. 28 траўня 1431-га, добра пасьнедаўшы, судзьдзі наведваюць яе ў турме Руанскага замку і — «яна зноў зрабіла гэта!» Жанна д’Арк, яна ж Арлеанская дзева, яна ж Жанна з Домрэмі, яна ж Жанна Нявінная, чарговы раз сустракае іх у мужчынскім адзеньні. Некалькі дзён таму яна, паглядзеўшы на падрыхтаваныя для яе дровы, пагадзілася адрачыся і надзець сукенку, і вось:

«Жанна была зноў апранутая па-мужчынску, у куртку з капюшонам, кароткую робу і іншае мужчынскае адзеньне, якое яна раней зьняла на наш загад і апранулася ў жаночае. Таму мы распыталі яе, каб даведацца, зь якой прычыны яна зноў у мужчынскім убраньні. «Я надзела яго з уласнае волі, — абвясьціла Жанна, — я надзела яго, бо для мяне больш натуральна апранацца па-мужчынску, чым па-жаночаму, я ж знаходжуся з мужчынамі. Я зноў надзела яго таму, што абяцанае мне так і не было выканана: што я пайду да службы, пакаштую ад цела Хрыстова і зь мяне здымуць кайданы».

Працэс над Жаннай ішоў ужо пяты месяц. Ніякага больш-менш значнага кампрамату на яе сабраць не ўдалося: дрэсіраванай мандрагоры ў яе не знайшлі, голай зь мяцёлкай верхам на вепруку яе ніхто ня бачыў, на Лысай Гары яе таксама не апазналі, тэст на цнатлівасьць яна вытрымала з гонарам, і па месцы нараджэньня і ў мясьцінах баявой славы яе ніхто не памянуў благім словам. А ангельцы, якім бургундцы летась прадалі Жанну за дзесяць тысяч франкаў, нецярпліва чакалі расправы і ўжо, god damn, пачалі падазраваць суд у валакіце і сабатажы! Рабілася відавочным, што той пункт абвінавачаньня, у якім вялося пра парушэньне заведзенага ад біблейскіх часоў дрэс-коду («на жанчыне ня мусіць быць мужчынскага ўбраньня, а на мужчыне жаночага, брыдкі перад Богам той, хто робіць такое») станецца ледзьве не галоўнай апорай суду. Збольшага празь яго было даказанае і ўсё астатняе — і перадусім непаслушэнства сьвятой царкве.

...Жанна д’Арк нагадвае госьцю з будучага, чалавека, які стрымгалоў кінуўся ў калідоры часу, каб вярнуцца і ўратаваць Францыю. Не падумаўшы пра наступствы для сябе і забыўшыся, дзе прыпаркаваная яе Машына. Яна апранаецца, як сучасная жанчына, яна жыве напалову ў віртуальнай рэальнасьці, дзень і ноч размаўляючы зь нябачнымі сьвятымі, яна прапаноўвае альтэрнатыву стомленаму ад войнаў грамадзтву, яна ведае цану адзінства, яна ўмее маніпуляваць і натхняць прыкладам, яна фэміністка, яна пацыфістка — на свой лад: «Я наўмысна трымала ў руках сьцяг, каб нікога не забіваць». Урэшце, яна ведае свае правы, хаця зусім непісьменная — пяць месяцаў яна па-майстэрску, аргумэнтавана і з годнасьцю абвяргае ўсе абвінавачаньні, допыты амаль нічога не прыносяць, яна выходзіць зь іх пераможцай. Але што тады, што цяпер — трапіўшы ў лапы «закону», вырвацца немагчыма...

Адкуль гэтая жарсьць да мужчынскага адзеньня? Яе дагэтуль тлумачаць па-рознаму. Штаны абаранялі Жанну ад замахаў на яе гонар — у іх яе значна цяжэй было згвалціць, а такія спробы былі. Мужчынскае ўбраньне для мужчынскай справы — Жанна была салдатам. Мужчынскае адзеньне як сымбаль: празь яго яна абвяшчала сьвету, што больш не падпарадкоўваецца ягоным умоўнасьцям — дзеля перамогі ў сьвятой справе. Ёсьць і больш памяркоўныя тэорыі: штаны і куртка як сродак захаваць дзявочую сарамлівасьць там, дзе ты штосэкунды ва ўсіх на вачах.

...«Усё, што я сказала раней, і маё адрачэньне — гэта было зроблена ад страху перад вогнішчам. Я не адракаюся ад маіх відзяжоў, я бачыла іх, бачыла сьвятую Кацярыну і сьвятога Міхала, і бог выказаў мне празь іх сваё вялікае шкадаваньне, што я пагадзілася на гэтую жахлівую здраду, каб уратаваць сабе жыцьцё».

«Адказ сабе на пагібель», — не стрымаўшыся, вывеў на палях пратаколу пісар. Пратакол сканчаўся словамі судзьдзяў:

«Пачуўшы гэта, мы пайшлі, каб дзейнічаць у адпаведнасьці з правам і розумам».

Пачухваючы свае правы і розумы, мужчыны па адным выйшлі з камэры і спусьціліся ў двор. Апошнім выйшаў галоўны судзьдзя Кашон, які зірнуў на сонца і, не хаваючы палёгкі, прамовіў: «Ну ўсё, цяпер можна і на шашлыкі...»

30 траўня Жанну спалілі зажыва на плошчы Старога Рынку ў Руане. Яна згарэла, апранутая ў доўгую, да пятаў, бясформенную кашулю — жаночая яна была ці мужчынская, не ўзялася б вызначыць нават інквізыцыя.