Невялікую жаночую групу ў складзе карэспандэнткі «Свабоды ў турмах», супрацоўніцы «Пляформы» ды маці палітвязьняў запрасілі на адзін дзень у швэдзкую турму Karlskoga. Наша падзяка арганізатарам гэтай экскурсіі — праваабаронцам з Östgruppen Марціну Углу, Юну Фрыдгольму, Паўліне Клюгэ, а таксама прадстаўніцы швэдзкай пэнітэнцыярнай сыстэмы Аньне Сіф-Улафсан.
На пачатку кароткія ўражаньні некаторых удзельніц паездкі.
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
Адрозна ад гэтых жанчын, я ў швэдзкай турме не ўпершыню. Гадоў 10 таму давялося тут пабываць дзякуючы праграме абмену паміж швэдзкім інстытутам FOJO і беларускай асацыяцыяй журналістаў. Тады мне і маім калегам нават удалося паразмаўляць зь некаторымі вязьнямі. Цяперашнім часам, кажуць, яны рэдка ідуць на кантакт.
Österåker, Джоні Кэш і беларуска
Калі ўжо зусім дакладна, то ў маё жыцьцё «швэдзкая турма ўвайшла» ўвогуле ў далёкія 1970-я. Тады ў двары майго дзяцінства на Круглай плошчы ў Менску жыў хлопец, які фарцаваў ня толькі джынсамі, але і заходнімі кружэлкамі. Сярод яго музычнага «тавару» пераважала музыка кантры. У выніку асаблівасьцяў таго нелегальнага рынку адну зь першых пазыцыяў сярод заходніх сьпевакоў і першую ў нашым «хіповым» асяродку трымаў амэрыканец Джоні Кэш з альбомамі «Folsom Prison» (жывы канцэрт у каліфарнійскай турме) ды "Österåker«( жывы канцэрт у аднайменнай швэдзкай турме непадалёк ад Стакгольму).
Сярод песьняў папулярнасьцю карысталася «Me and Bobby McGee».
«Freedom is just another word for nothing left to lose
Nothing! That’s all that Bobby left me!»
(«Свабода — проста слова, якое азначае, што губляць больш ужо няма чаго. Зусім няма чаго! Вось і ўсё, што пакінуў мне Бобі»).
Падкупляла тое, што вядомы сьпявак зьвяртаўся да швэдзкіх зэкаў як да лепшых сяброў, прычым на швэдзкай мове.
«Спадзяюся вам падабаецца наша музыка? Спадзяюся, што і я вам падабаюся?» — пытаўся ён у залі. Так, — захоплена гарлалі зэкі. Джоні Кэш ня мог не падабацца. Ён выступаў у самых розных вязьніцах і патрабаваў ад уладаў гуманней абыходзіцца зь вязьнямі.
Карацей, ня самае простае з гледзішча нашай фанэтыкі слова Österåker запомнілася надоўга. Мінулай восеньню з нагоды 40-годзьдзя таго выступу Кэша папулярныя швэдзкія музыкі правялі ў Österåker канцэрт памяці для цяперашніх ЗК і супрацоўнікаў турмы.
Зь нядаўняга часу менавіта ў гэтай пэнітэнцыярнай установе (у яе ўваходзяць турма ды сьледчы ізалятар), а менавіта ў СІЗА Österåker, чакае суду адна наша суайчыньніца. Паводле тых сьціплых зьвестак, якія час ад часу трапляюць у СМІ, працэс над ёю прызначаны на 28 траўня. Да апошняга часу маладая жанчына патрабавала экстрадыцыі на радзіму і скардзілася на ўмовы ўтрыманьня. Турма Österåker, гэта аднак ня тычыцца СІЗА, належыць да клясы бясьпекі С, у якой найбольш абмежаваньняў (адпавядае нашаму строгаму рэжыму). Шмат гадоў турма і СІЗА спэцыялізуюцца на працы з «кліентамі» (так найчасьцей завуць у Швэцыі вязьняў), якія маюць рознага кшталту залежнасьці — напрыклад, алькагольную ці наркатычную. Тых, хто трапляе за краты ў складаным псыхічным стане, нярэдка ізалююць ад астатніх сядзельцаў да таго часу, пакуль чалавек ня зробіцца ізноў адэкватным. Паводле швэдзкіх законаў, зьвесткі пра турэмных «кліентаў» прыватным асобам, апрача блізкіх, не выдаюцца.
Як кажа супрацоўніца швэдзкай пэнітэнцыярнай сыстэмы Анна Сіф-Улафсан, якая суправаджала нас у вязьніцу, гэта робіцца ў інтарэсах саміх вязьняў. Большасьць зь іх усяляк пазьбягае афішаваць такія старонкі сваёй біяграфіі.
«Швэды саромеюцца пра гэта гаварыць. Гэта натуральна. Грамадзтва зь недаверам глядзіць на чалавека, які правёў у турме гадоў 10. А можа, гэты чалавек забіў сваіх дзяцей? З такой рэпутацыяй вельмі цяжка зрабіць кар’еру. Таму гэты факт, як правіла, застаецца невядомы для працадаўцаў. Нават тыя мае знаёмыя, якія трапілі на невялікі тэрмін, за нейкую драбязу — напрыклад, сеўшы нецьвярозымі за руль, — прызнаюцца ў гэтым не адразу. Толькі празь некалькі гадоў пасьля знаёмства можна нечакана пачуць: а аднойчы я таксама мусіў там пасядзець».
Менавіта з гэтай прычыны шмат хто зь вязьняў не ідзе на кантакт з журналістамі: а раптам зьвесткі праточацца на волю і трапяць да патэнцыйных працадаўцаў? Журналістам і наведнікам турмаў забаронена фатаграфаваць вязьняў, весьці без дазволу запісы на дыктафон. Пры гэтым, аднак, даецца дабро на інтэрвію з турэмнымі супрацоўнікамі, фатаграфаваньне камэраў ды іншых памяшканьняў без прысутнасьці тых, каго называюць «кліентамі». Рабіць фоты можна толькі ўсярэдзіне вязьніцы і толькі турэмнай фатакамэрай. Здымкі спраўджвае сыстэма бясьпекі, і толькі пасьля гэтага іх дасылаюць вам электроннай поштай.
Чэргі на «нары»
Мужчынская турма Karlskoga, якую ў нас назвалі б зонай, месьціцца за 250 км ад Стакгольму і належыць да клясы В (узмоцнены рэжым). Тут сядзіць усяго 76 чалавек. Гэта адна з 50-ці швэдзкіх пэнітэнцыярных установаў. У 9-мільённай Швэцыі, якая па колькасьці насельніцтва прыкладна роўная Беларусі, усяго 5 тысяч вязьняў (для параўнаньня: у Беларусі — разоў у 10 болей). Паводле статыстыкі, 96% швэдзкіх вязьняў — мужчыны. Узровень рэцыдываў — 46%.
Як сьведчаць самі швэды, турэмных месцаў у краіне сёньня відавочна не хапае. Таму асуджаныя мусяць стаяць у чэргах, каб адбыць сваё пакараньне. Тыя, хто ўчыніў ня самыя цяжкія злачынствы — напрыклад, сеў за руль у нецьвярозым стане — і асуджаны на некалькі месяцаў няволі, чакаць найчасьцей мусяць ня ў камэры папярэдняга зьняволеньня, а дома.
Нярэдка такія людзі атрымліваюць зь ведамства па выкананьні пакараньняў лісты наступнага кшталту:
«Паважаны спадар (імя і прозьвішча)! На жаль, вольных месцаў у турмах Швэцыі пакуль няма. Мы вырашылі замяніць ваша пакараньне на хатні арышт. Вы можаце самі выбраць адрас на тэрыторыі Швэцыі, па якім будзеце сядзець. (Хочаце — жывіце адзін, хочаце — з партнэркай або партнэрам, хочаце — з бацькамі). Хатні арышт азначае, што вам выдадуць бранзалет на нагу з электронным датчыкам, а таксама жалезную скрынку-перадатчык. Скрынку паставіце ў шафу, яна будзе праз пэўныя прамежкі часу перадаваць сыгнал, што вы дзесьці паблізу. Вам будзе дазволена выходзіць на вуліцу, у краму ці цырульню на 2 гадзіны ў тыдзень у суботу. Ежа і аплата кватэры — за ваш кошт».
Далей падаецца адрас, дзе можна атрымаць гэты самы бранзалет.
У расейскамоўнай інтэрнэт-прасторы можна прачытаць шмат баек пра тое, як былыя савецкія людзі, якія маюць у Швэцыі від на жыхарства, зыходзячы з сваіх эканамічных разьлікаў, усё ж дамагаліся турэмнага, а ня хатняга рэжыму, і, адседзеўшы ў вязьніцы пару-тройку месяцаў, выходзілі адтуль ад’еўшыся, з «напампаванымі» біцэпсамі і добрымі словамі на адрас пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Што праўда ў такіх гісторыях, а што не — невядома. Абсалютна дакладна: большасьць вязьняў турмы Karlskoga за пэрыяд зьняволеньня сапраўды набіраюць вагу і нарошчваюць мускулатуру. Гэта пацьвярджае супрацоўнік турмы Даніэль, які вядзе праграмы па барацьбе з залежнасьцю.
Даніэль: «Калі да нас паступаюць новыя асобы ў моцнай наркатычнай ці алькагольнай залежнасьці, мы мусім іх выводзіць з гэтага стану. Дзеля гэтага мы на самым пачатку даем ім магчымасьць карыстацца алькаголем ці наркотыкамі. Часам даводзіцца іх везьці ў псыхіятрычную клініку ў бліжэйшым горадзе. Размова ідзе пра тых наркаманаў ці алькаголікаў, якія трапляюць да нас з волі. Нярэдка бывае, што да суду чалавек знаходзіцца дома, а потым, пасьля вынясеньня выраку, ён павінен прыехаць да нас і здацца. Нярэдка такія людзі прыбываюць да нас у „шалёным“ стане. У такіх выпадках робіцца дэзынтаксыкацыя, чалавека ізалююць ад іншых сядзельцаў, каб ён не нэрваваў іх. Калі ж кліенты трапляюць да нас пасьля СІЗА, то іх адлучаюць ад залежнасьці яшчэ там».
Даніэль адзначае, што з кожным кліентам вядзецца так званая індывідуальная праца. Чалавек сам на сваё жаданьне выбірае сабе праграму. Адны хочуць адвыкнуць ад алькаголю ці наркотыкаў, другія — ад пэўных крымінальных паводзінаў, трэція жадаюць выхаваць у сабе бацькоўскія якасьці, і г.д.
Поўная занятасьць
«Як на тутэйшыя меркі, аплата працы 11 швэдзкіх крон за гадзіну — невялікая», — кажа Анна Сіф-Улафсан. Аднак зьняволеныя нічога ня плацяць ані за турэмнае ўтрыманьне, ані за ежу (калі мы былі, на абед былі стэйк з ласося, бульба, салата, сокі, кава), ані за адзеньне.
Анна Сіф-Улафсан: «Мы забясьпечваем сядзельцаў добрым, адэкватным адзеньнем з натуральных матэрыялаў, такім жа добрым абуткам, у тым ліку і спартовым. Мы зацікаўленыя, каб іхнія родныя не прыносілі сваіх перадачаў, бо так нам лягчэй змагацца з праносам наркотыкаў».
Як і ўсе астатнія грамадзяне, швэдзкія вязьні маюць права на бясплатнае навучаньне. Хто атрымлівае ў турме пачатковую адукацыю, хто — сярэднюю, а хто — і ўнівэрсытэцкую. Гэтаксама як і ў астатніх «зонах», у Karlskoga ёсьць свае настаўнікі. Адна зь іх — былая грамадзянка Казахстану:
Your browser doesn’t support HTML5
Тыя, хто набывае ўнівэрсытэцкую адукацыю, вучацца завочна. У турме ёсьць адмысловае памяшканьне, дзе можна атрымаць кансультацыю выкладчыка праз тэлефон ці кампутар (гэта адзіная для вязьня магчымасьць зьвязацца праз інтэрнэт з вонкавым сьветам). Калі такі студэнт здае дыстанцыйны экзамэн, то мясцовы выкладчык назірае, каб ня сьпісваў. У калёніі кажуць, што іх задача — даць чалавеку на выхадзе з турмы лепшыя шанцы, чым тыя, зь якімі ён трапляе да іх. Ні ў якіх дакумэнтах не пазначаецца, дзе менавіта чалавек атрымаў адукацыю. Але хоць шанцы і ёсьць, карыстаюцца імі ня ўсе.
«Каб жа ж такія магчымасьці ды нашым вязьням», — кажа Марына Лобава:
«Мой Эдзік ад самога пачатку хацеў вучыцца. Я хадзіла ў ДВП, таксама да начальніка калёніі. Я прапанавала ў дар установе кампутар, каб тыя, хто хоча вучыцца, маглі ім карыстацца. Ці нейкі букрыдэр, бо перадаваць шмат кніг у нас таксама нельга, а тут колькі інфармацыі можна запампаваць для дыстанцыйнага навучаньня. Катэгарычна адмовіліся. Аргумэнтавалі, што няма такога закону».
Пра спатканьні
...Супрацоўніца турмы Эма паказвае нам адмысловыя пакоі для спатканьнях. Кожны кліент мае права сустракацца тут са сваімі сямейнікамі, сябрамі, знаёмымі. Таксама ў арыштанта ёсьць магчымасьць сустрэцца з блізкімі падчас кароткатэрміновых вакацыяў, але ўжо на волі. Бліжэй да вызваленьня вязьні выкарыстоўваюць іх у тым ліку і для працаўладкаваньня. Працягласьць адпачынку залежыць ад рэжыму зьняволеньня, а таксама ад тэрміну прысуду.
...Досыць прасторны пакой для спатканьняў, якія нам паказваюць у Karlskoga, нібыта падзелены на дзьве зоны. Адна — дзіцячая, з гульнямі ды цацкамі. Другая — для дарослых. Столік, канапа, коўдры. У памяшканьні няма відэакамэры. Гэта асабістая прастора вязьня, тут ён і яго наведнікі могуць рабіць усё, што хочуць. Праўда перад сустрэчай пэрсанал, часам пры дапамозе сабакі, пільна аглядае гасьцей. Адміністрацыя павінна пераканацца, што госьці ня маюць пры сабе забароненых да перадачы рэчаў.
Звычайная працягласьць спатканьня — 45 хвілін. Калі ж госьці прыбываюць здалёк, час павялічваецца да 90 хвілін. Колькасьць спатканьняў залежыць ад таго, колькі гасьцей можа прыняць турма ў арганізаваным парадку. Ва ўсякім разе, выходзіць ня меней як раз за тыдзень.
Алёна Красоўская-Касьпяровіч называе арганізацыю кантактаў вязьняў з вонкавым сьветам у Швэцыі ды Беларусі несупастаўнымі:
«Калі казаць пра нашы працяглыя спатканьні (да трох сутак, але шмат каму зь вязьняў гэты час могуць скараціць да адных сутак), то ёсьць рэжымы ўтрыманьня, калі вязьні маюць права толькі на адно такое спатканьне ў год. Ды нават два-тры разы на год — гэта абсалютна недастаткова. Тут жа магчымасьць кожны тыдзень сустракацца са сваімі сем’ямі. Наўпрост кажучы, ёсьць магчымасьць нейкай фізіялягічнай разрадкі, што таксама важна. Чалавек такім чынам пастаянна адчувае сувязь са сваімі роднымі. Да таго ж сваякі не павінны думаць пра тое, як і за што сабраць чарговую пасылку для сядзельца. Тут, у Швэцыі, дзе вязьні забясьпечаныя літаральна ўсім, такой праблемы проста няма».
Ці б’юць швэдзкія турэмнікі швэдзкіх зэкаў?
Падчас экскурсіі хтосьці з нашай групы задае пытаньне пра тое, як часта даводзіцца пэрсаналу выкарыстоўваць фізычную сілу ў дачыненьні да кліентаў. Ці тут, у Швэцыі, усе вязьні законапаслухмяныя ды спакойныя?
Анна Сіф-Улафсан: «Пакуль мы хадзілі па турме, мы бачылі спакойную абстаноўку. Аднак ёсьць, зразумела, і нашмат больш агрэсіўныя хлопцы, чым тыя, якія нам сустракаліся. І калі ўявіць, што ў турме раптам выбухнула паўстаньне (такога выключыць таксама нельга), то, зразумела, уласнымі сіламі мы ня ўправімся. У такой сытуацыі сюды ўжо будуць выкліканыя так званыя спэцатрады. Тыя людзі, якія працуюць тут, маюць спэцыяльныя балёнчыкі зь перцавым газам ці дубінкі. Аднак супрацоўнікі ведаюць, што пры выкарыстаньні гэтых сродкаў ім трэба пісаць доўгія тлумачальныя запіскі кіраўніцтву. І часам выкарыстаньне падобных сродкаў можа выклікаць пакараньне. Таму нашы супрацоўнікі імкнуцца не выкарыстоўваць падобныя меры. Крытэр нашага прафэсіяналізму — калі мы можам разьвязаць сытуацыю, не ўжываючы гвалту»
Паводле афіцэра Даніэля, галоўны акцэнт у паводзінах супрацоўніка турмы пры экстрэмальных сытуацыях робіцца на тое, каб не ўступаць у бойку з «кліентамі» і не наносіць ім шкоды.
Даніэль: «Фізычны гвалт даводзіцца выкарыстоўваць вельмі рэдка. Звычайна, калі чалавек у неадэкватным псыхічным стане. За чатыры гады маёй службы мне прыйшлося толькі аднойчы заламаць руку чалавеку, які захацеў прычыніць сабе шкоду. Для таго каб з такімі праграмамі працаваць, трэба мець давер з боку „кліентаў“, а ўжываньне гвалту не спрыяе такому даверу. Зразумела, гвалту трэба ўсяляк пазьбягаць. Трэба перамагаць мазгамі, спрытам, уласнай сілай, але не дубінкамі».