Дыякан-абаронца Pussy Riot атрымаў прытулак ў Чэхіі

Помнік Сталіну ў Тамбове.

Расейскі праваслаўны сьвятар, які летась выступіў з адкрытым лістом у падтрымку зьняволеных удзельніц панк-гурту Pussy Riot, атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Ён паведаміў чэскім СМІ, што зьбіраецца перайсьці ў грэка-каталіцтва.
Тамбоўскі дыякан Сергій Баранаў быў пазбаўлены сану ў верасьні мінулага году пасьля таго, як напісаў адкрыты ліст да патрыярха Кірыла. Там ён выказаў нязгоду з пазыцыяй царквы ў справе Pussy Riot і сам папрасіў зьняць зь яго сан, бо ня хоча быць у адной царкве з хлусамі і крывадушнікамі.

Як паведамляла расейская «Новая газета», на Баранава пачаўся ціск — намесьнік губэрнатара Тамбоўскай вобласьці Сяргей Чабатароў прыяжджаў да яго дадому і тлумачыў, што ён патрапіў у палітычную справу, прадстаўнікі ФСБ тэлефанавалі ягоным знаёмым, каля ягонага дому дзяжурыў мікрааўтобус з танаваным шклом. У выніку Баранаў папрасіў палітычнага прытулку праз амбасаду Чэхіі.

17 жніўня 2012 году Хамоўніцкі суд у Маскве прысудзіў трох удзельніц гурту Pussy Riot да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па артыкуле «хуліганства» за панк-малебен «Багародзіца, Пуціна прагані» ў Храме Хрыста Збаўцы. У кастрычніку суд зьмяніў пакараньне адной з удзельніц групы Кацярыне Самуцэвіч на ўмоўны тэрмін. Марыя Алёхіна і Надзея Талаконьнікава адбываюць двухгадовае зьняволеньне

Самі дзяўчаты не прызналі сваёй віны, заявіўшы, што іх акцыя ў храме была накіравана ня супраць вернікаў, а супраць «зрошчваньня РПЦ і ўлады», хаця ў часе судовага разбору прынесьлі прабачэньні вернікам за тое, што закранулі іх рэлігійныя пачуцьці.