Лукашэнка: галасаваньне за Ланскую ў Расеі сфальшавалі. Ці магчыма гэта?

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падлік галасоў у Расеі за беларускую ўдзельніцу «Эўрабачаньня» Алёну Ланскую быў палітызаваны і фальсыфікаваны. Паводле канчатковых вынікаў, за Ланскую ў Расеі ніхто не прагаласаваў.
«Я ведаю, Алёна, тваю рэакцыю на вынікі галасаваньня ў Расеі. Можаш у свой актыў запісаць 12 балаў, ня меней. Гэта сьведчыць пра тое, наколькі падобны конкурс ня проста палітызаваны, а наколькі ён фальсыфікаваны», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з таленавітай моладзьдзю, дзе прысутнічала Ланская.

Таксама Лукашэнка згадаў пра «скандал наконт фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня», маючы на ўвазе тое, што ў Азэрбайджане ніхто не прагаласаваў за прадстаўніцу Расеі.

Як наагул праводзіцца галасаваньне і ці магчымыя фальсыфікацыі пры падліку галасоў? Гэта карэспандэнт Свабоды спрабаваў высьветліць на прыкладзе Беларусі.

Кіраўніца прэсавай службы Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Смалонская-Краскоўская патлумачыла:

«Галасаваньне ў Беларусі ў гэтым годзе забясьпечвала кампанія „Белтэлекам“. І далей вынікі галасаваньня былі перададзеныя нашым партнэрам. Гэта плятформа, якую выбірае Эўрапейскі вяшчальны саюз, гэта нямецкая кампанія Digame. Гэта галоўны цэнтар, куды паступаюць усе вынікі галасаваньня. Белтэлерадыёкампанія ня мае ніякіх адносінаў да галасаваньня і яго вынікаў».

Адносна магчымых фальсыфікацыяў у «Белтэлекаме» сказалі, што гэта пытаньне «не да іх»
У прэс-службе «Белтэлекаму» адзначылі, што Digame заключае дамову з кампаніяй-правайдэрам у кожнай краіне. У Беларусі гэта быў «Белтэлекам».

«Мы адчыняем лініі сувязі і забясьпечваем нармальную працу сувязі падчас галасаваньня. Вынікі галасаваньня адразу паступаюць у гэтую кампанію. У кожнай краіне ёсьць афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскага вяшчальнага саюзу. У нас гэта Белтэлерадыёкампанія. Таму калі вам цікава, як падлічваюцца галасы, то, магчыма, варта да іх зьвярнуцца. Можа, яны вам скажуць».

Адносна магчымых фальсыфікацыяў у «Белтэлекаме» сказалі, што гэта пытаньне «не да іх».

У прэсавай службе Першага расейскага тэлеканалу карэспандэнту Свабоды ня сталі нічога тлумачыць ані пра магчымае фальшаваньне вынікаў галасаваньня за Алёну Ланскую ў Расеі, ані пра закіды з боку кіраўніка Беларусі. Там сказалі, што каб атрымаць адказ на гэтыя пытаньні, трэба накіраваць пісьмовы запыт.