Магчымасьць бухты

«...Въ послѣднiе годы значительно увеличился прiѣздъ въ Ялту трудового люда, не богатаго средствами, желающаго на сотню трудовыхъ рублей прожить въ Ялтѣ пару мѣсяцевъ, набраться силъ и покупаться въ морѣ. Значительнѣйшую часть этого контингента составляетъ педагогическiй персоналъ. Кромѣ педагоговъ прiѣзжаетъ много учащихся. Этимъ послѣднимъ при желанiи устроиться подешевле слѣдуетъ поискать комнату на одной изъ окраинъ города: въ Аутке, на Воронцовской слободкѣ, въ концѣ Заречья, гдѣ можно найти комнату рублей за 10 и жить въ ней вдвоем. Лѣтомъ въ такихъ комнатахъ можно смѣло селиться, зимою же многiя изъ нихъ требуютъ къ себѣ большой осмотрительности...»

***

«Пакой быў даволі вялікі, сьветлы, меў выгляд на мора, на другім паверсе, з асобнай лесьвіцай і абсалютна ізаляваны: хоць крычы, хоць грукачы — ніхто не пачуе (гаспадыня жыла ўнізе) і не дапаможа».

Так пазьней апісаў апошні прыстанак Багдановіча яго бацька. І дадаў, поўны скрухі: «Найлепшае месца, каб паміраць у адзіноце». «Я не самотны...», — запярэчыць Багдановіч-малодшы перад сьмерцю, быццам ведаючы, якім рэхам яна адгукнецца. Пакой у доме нумар восем на вуліцы Мікалаеўскай у Ялце быў зьняты яшчэ ў лютым. Гаспадыню, якая «жыла ўнізе», звалі Марыя Цамко. Менавіта ў гэты пакой яна ўвайшла 25 траўня 1917 году: яе кватарант ляжаў, выпрастаўшыся, на ложку, адна рука пад падушкай, другая адкінутая ўбок, на зэдліку побач трускаўкі ў набрынялым сокам кульку. На старых капэртах яна адшукала яраслаўскую адрэсу бацькі Багдановіча, ня ведаючы, што ён у гэты час быў зусім блізка, у Сымфэропалі. Напісала яму пра сьмерць сына, паплакала трохі па маладым-прыгожым, але без гістэрык — у Ялту шмат хто ехаў лячыцца, а прыяжджаў паміраць: сярод дамаў з сабачкамі, за два крокі ад мора, зьеўшы апошняе марозіва на знакамітай набярэжнай, шпацыруючы вакол няіснага вакзалу з набокаўскага «Сагледача».

Ні пані Цамко, для якой пастаялец быў звычайны хворы студэнт, ні бацька, які на сваё зьдзіўленьне апынуўся неўзабаве ў ценю сынавай славы, бо нічога такога ніколі і падумаць ня мог, хаця сына, вядома, паважаў і любіў; ні тая містычная дзяўчына, зь якой Багдановіч пазнаёміўся незадоўга да сьмерці — ніхто не падазраваў, што за чалавек насамрэч разьвітаўся з жыцьцём. Дый цяпер шмат хто не падазрае. Прынамсі, абсалютная большасьць тых, каго Максім Багдановіч заклікаў біць двуручнымі мячамі па галаве (ОК, трохі ніжэй), каб яны пачулі нарэшце, як начамі баліць беларускае сэрца, на свой конт гэтых словаў не адносяць і шчыра працягваюць блытаць паэзію зь міністэрствам культуры.