Пайшоў у школу — паслалі перабіраць бульбу

Бацькі вучняў сярэдняй школы вёскі Дзераўная Слонімскага раёну абураныя, што іх дзяцей замест заняткаў пасылаюць перабіраць бульбу і садзіць лес. Адміністрацыя школы перакананая, што сельгаспрацы не перашкаджаюць навучальнаму працэсу.
Трывогу бацькі вучняў сярэдняй школы ў Дзераўной забілі пасьля таго, як іх дзеці некалькі разоў запар замест урокаў хадзілі ў мясцовы СПК перабіраць бульбу і садзіць лес. Яны ананімна патэлефанавалі ў мясцовую газэту і запатрабавалі, каб рэдакцыя разабралася — чаму іхнія дзеці ня вучацца, а садзяць лес і перабіраюць гнілую бульбу?

Зь некаторымі бацькамі мне давялося пагутарыць. Усе яны перакананыя, што школьная праграма цяпер вельмі складаная і настаўнікі павінны аддаваць заняткам больш увагі, каб дзеці яе засвоілі і ў далейшым без праблемаў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Спадарыня: «Ну вядома, гэта бацькам не падабаецца, і мне асабіста таксама не падабаецца. Мы адпраўляем дзяцей у школу вучыцца, а не працаваць. І хоць там настаўнікі кажуць, што выпускныя клясы яны не задзейнічаюць, але калі дзеці здаюць тэставаньне, то ў білетах пытаньні і з праграмы 8-й, 10-й клясы таксама ёсьць. Яны б маглі лепш засвоіць гэтую праграму, толькі калі б болей займаліся».

Яшчэ адна маці дваіх вучняў катэгарычна супраць усякіх сельгаспрацаў для школьнікаў.

Спадарыня: «Я да гэтага стаўлюся вельмі дрэнна, бо і вучоба, і праца ў іх узросьце — усё перамешваецца...»

Адміністрацыя школы ў вёсцы Дзераўная лічыць інакш. Дырэктарка, Іна Рачкова, кажа, што сельгаспрацы на навучаньні не адбіваюцца, бо на працу вучні ідуць толькі пасьля трох урокаў, а прапушчаныя заняткі дадаюцца да раскладу ў іншыя дні.

Больш за тое: паводле Рачковай, вытворчая праца прадугледжаная як праграмай, так і загадамі, якія школа атрымлівае з Упраўленьня адукацыі, на тое, каб дзеці бралі ўдзел у сельгаспрацах. Дырэктарка дадае, што 40% заробку вучням выдаюць на рукі, а астатнія 60% ідуць на рахунак школы, і пазьней за гэтыя грошы тут робяць рамонт, набываюць мэблю і іншае.

І, вядома, паводле дырэктаркі, такая праца станоўча ўзьдзейнічае на выхаваньне падлеткаў.

Рачкова: «Я хачу сказаць, што праграма ў школе не перанасычаная. А тое, што дзеці ў хаце перанасычаныя кампутарамі і тэлевізарамі — гэта 100%. Дзеці цяпер не прывучаныя да працы. Прыедзьце ў Дзераўную і паглядзіце, у колькіх людзей ёсьць гароды. І гэта на вёсцы. А колькі кароў трымалі раней і колькі цяпер трымаюць? На ўсю вёску, можа, 10 кароў».

У раённым упраўленьні адукацыі сваю пазыцыю адносна сельгаспрацаў ня выказалі. Намесьніца начальніка ўпраўленьня Наталя Юнчыц паабяцала вывучыць сытуацыю, але ў прызначаны час ейны тэлефон ужо не адказваў.

Былы пэдагог з 30-гадовым досьведам Мікалай Барысік са Слоніма перакананы, што галоўная задача дзяцей — гэта вучыцца за партай у школе, а не перабіраць бульбу ў калгасе. Ён узгадвае, як яшчэ за савецкім часам на загад упраўленьня адукацыі мусіў сам выводзіць дзяцей на такія працы. Паводле яго, прапускалі тады па два і больш тыдняў заняткаў, і нічога добрага для вучняў і настаўнікаў гэта як не дадавала, так і не дадае.

Барысік: «Калі дзіця замест таго, каб сядзець за партай і знаёміцца на ўроках гісторыі, літаратуры, матэматыкі з новым матэрыялам, ідзе перабіраць бульбу альбо садзіць лес, то гэта ўжо — прабачце... А потым, што атрымліваецца — усё галёпам ідзе. Засваеньне матэрыялу ўжо ня тое, замест 2–3 гадзін матэрыял засвойвалі за 1 гадзіну. Але гэта ўжо ня веды».