Мэтадам матыкі

«Самдэку Нарадому Сіянуку...
Самдэку Пэн Нуту...
Кхіеў Самфану...

Ад імя Цэнтральнага камітэту КПСС, Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, Савецкага ўраду і ўсяго савецкага народу шлем вам і ў вашых асобах усім камбаджыйцам гарачыя віншаваньні з нагоды выдатнай перамогі — вызваленьня сталіцы Камбоджы Пномпэня. Гэтая перамога, дасягнутая камбаджыйскімі патрыятычнымі сіламі... успрынятая ўсімі савецкімі людзьмі з пачуцьцём глыбокага задавальненьня. Яна знамянуе сабой важны этап на шляху да поўнага таржаства...»


І гэтак далей. Такое віншаваньне за подпісамі Брэжнева, Падгорнага і Касыгіна выйшла ў «Праўдзе» 18 красавіка 1975 году. СССР горача вітаў зьяўленьне на мапе сьвету яшчэ адной краіны, якая абвясьціла пра марксісцкі курс і якую можна было б зацягнуць у сфэру свайго ўплыву. Але неўзабаве пра новы рэжым папаўзьлі такія чуткі, ад якіх рабілася не па сабе нават савецкім ідэолягам. Дый віншавалі, як высьветлілася, ня тых.

***

У пачатку пяцідзясятых гадоў малады камбаджыец Салот Сар паехаў у Парыж вывучаць радыёэлектроніку. Але вучоба яму вельмі хутка абрыдла. Як і сама радыёэлектроніка. Прычым апошняя абрыдла настолькі, што ў другой палове сямідзясятых, калі Салот Сар зрабіўся гаспадаром Камбоджы, ён загадаў зьнішчыць у краіне ўсе электрапрыборы як перажытак імпэрыялізму. І ўнівэрсытэты таксама.

З Парыжу ён пісаў сваім родным кароткія лісты. Але пісаць дамоў яму неўзабаве абрыдла. Так абрыдла, што, зрабіўшыся кіраўніком краіны, ён адмяніў у ёй пошту як контррэвалюцыйны інстытут. І тэлефон адмяніў. І тэлеграф. У Парыжы яму ўвесь час не хапала грошай. Адным зь першых сваіх рэвалюцыйных дэкрэтаў ён адмяніў іх празь іхную поўную непатрэбнасьць. Бо абрыдлі так, што моцы няма пра іх думаць. Таму і думкі ён таксама адмяніў.

У Парыжы пажылыя людзі ў акулярах вучылі яго, як жыць. І абрыдлі студэнту настолькі, што пасьля перамогі ён адмяніў у Камбоджы людзей у акулярах. Прычым ня толькі пажылых, але і маладых. Іх можна было забіваць на месцы, бо паўнавартасных членаў новага, здаровага камбаджыйскага грамадзтва з тых, хто носіць акуляры, атрымацца не магло.

А яшчэ ў Парыжы зь ім гаварылі па-француску. Прымушалі чытаць францускія кнігі. Вось сволачы. Калі надарылася магчымасьць, ён адмяніў францускую мову як каляніяльны перажытак. А заадно ўсе астатнія мовы, апрача кхмэрскай. І кнігі адмяніў таксама. Акрамя «Маленькай чырвонай», зборніку вэрлібраў пра тое, як яму ўсё абрыдла і што яшчэ трэба адмяніць.

Парыж быў вялікі горад. Калі рэвалюцыя перамагла і Салот Сар прыйшоў да ўлады, ён адразу ж адмяніў гарады. Спачатку Пномпэнь, а потым і астатнія. Парыж ён адмяніць ня мог — затое пастараўся зрабіць так, каб ніхто ня мог даведацца, што гэта такое і дзе. Камбоджа таксама пасьпела яму абрыднуць, і ён зрабіў зь яе Дэмакратычную Кампучыю. А яшчэ больш абрыд Віетнам. Ён паспрабаваў адмяніць і яго, але скончылася ўсё адменай самога Салота. Аднак гэта будзе потым. А пакуль што, у 1975-ым, ён адмяніў мапы і зачыніў межы.

Дагэтуль ніхто ня можа сказаць з дакладнасьцю, калі нарадзіўся Салот Сар. Як самую праўдападобную дату называюць 19 траўня 1928 году. Дні нараджэньня ён таксама адмяніў. І вясельлі, і хаўтуры. І Новы год зь Першамаем. У маленстве ён два гады быў манахам. Манаства так яму абрыдла, што пры нагодзе ён адмяніў рэлігію і павынішчаў усіх вернікаў і сьвятароў. А як яму абрыдла ягонае імя!... Таму, як толькі займеў уладу, ён адмяніў і імёны. Сваё ён яшчэ ў Парыжы памяняў на Пол Пот, скарачэньне ад словаў «палітыка магчымага». А потым і наогул зрабіўся таварышам нумар 87.

Часам ён хварэў. І гэта так яму абрыдла, што ён адмяніў у Дэмакратычнай Кампучыі мэдыцыну. І хворых адмяніў таксама. І інвалідаў, якіх тут проста спальвалі жыўцом. Бо хваробы ды інфэкцыі — гэта ўсё старарэжымныя забабоны, а яны ўжо даўно абрыдлі, праўда? За Пол Потам Камбоджа зрабілася краінай з самым здаровым насельніцтвам у Азіі, бо за хваробу тут проста забівалі.

У сям’і яго любілі. Асабліва сёстры. Потым яго любіла адна жанчына, якой таксама ўсё абрыдла. Ад яе ў яго было чатыры дачкі. І гэта ўсё было так брыдка, што ён адаслаў усіх сваякоў на перавыхаваньне ў джунглі, адмяніў сям’ю, шлюб і любоў ва ўсіх яе праявах. І дзяцей адмяніў — іх забіралі ў бацькоў і рабілі зь іх салдатаў рэвалюцыі. Яму вельмі хацелася адмяніць сэкс, але тады ў яго б не было маладых салдатаў, і ён нехаця дазволіў, каб сагнаныя ў вёскі дэмакратычныя камбаджыйцы раз на месяц маглі застацца на гадзінку сам-насам пасьля дванаццацігадзіннай лекцыі на тэму таго, як яму ўсё абрыдла. Лішніх дзяцей, тых, хто меў бацькоў, за ягоным часам зьвязвалі разам і скідвалі ў напоўненыя вадой яміны, каб ніхто зь іх ня мог выбрацца. Бо што такое дзіця? «Дзіця — гэта патэнцыйны вораг рэвалюцыі».

Ён быў знаёмы з тысячамі людзей. І яны настолькі яму абрыдлі, што за некалькі гадоў яго ўладараньня ў краіне было забіта некалькі мільёнаў чалавек. Большасьць — ударам матыкі па галаве. Яшчэ тут любілі пераразаць горлы пальмавымі лістамі. Тапіць і душыць цэляфанавымі пакетамі. Бо патроны трэба было эканоміць. А вось самога таварыша № 87 мала хто знаў у твар. Большасьць удзельнікаў гэтага экспэрымэнту не падазравала, хто насамрэч кіруе краінай і як ён выглядае. Адзін мастак намаляваў аднойчы ягоны партрэт, які плянавалася разьвесіць ва ўсіх казармах і бараках (іншага жытла не прызнавалася). Каб было як у сапраўднай марксісцка-ленінскай дзяржаве. Калі таварыш № 87 даведаўся пра гэта, мастака забілі матыкай. Бо абрыд ужо, контра.

Калі Салот Сар нарэшце памёр, таварышы спалілі яго труп на вогнішчы з аўтамабільных шынаў, у джунглях, дзе да апошняга працягвалі сваю партызанскую барацьбу за матычнае шчасьце народу. Ва ўладара не было ні рахункаў у замежных банках, ні прыдворных паэтаў, ні дачы, ні самалёта. Таварыш № 87 меў толькі гімнасьцёрку і палку. Ды яшчэ веер. Каб ня так сьмярдзела чалавечынай.