«Крызіс на МАЗе — вынік імпартазамяшчэньня»

Леанід Злотнікаў

Апошнія месяцы кардынальна пагоршылася эканамічная сытуацыя на Менскім аўтамабільным заводзе.
Паводле вынікаў першага кварталу гэтага году, доля МАЗа на расейскім рынку грузавікоў скарацілася ў два разы. Пра што сьведчаць праблемы аднаго з найважнейшых беларускіх прадпрыемстваў? Ці можа разьвязаць крызіс на МАЗе ягонае аб’яднаньне з расейскім КАМАЗам, якое ўвесь час адкладаецца беларускімі ўладамі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў

Цыганкоў: Ці можна цяперашнія праблемы МАЗа назваць стратэгічнымі? Здаецца, за апошнія 20 гадоў у заводу бывалі крытычныя моманты, але неяк удавалася зь іх выходзіць. Ці сьведчыць цяперашні крызіс пра кардынальныя зьмены ў эканамічным становішчы заводу?

Злотнікаў: Гэтыя праблемы набіраліся шмат гадоў. І ня толькі для МАЗа. У сьвеце ішла тэхналягічная рэвалюцыя, а нашы прадпрыемствы тут адставалі. У сьвеце ішла спэцыялізацыя, каапэрацыя вытворчасьці, а ў Беларусі адбывалася палітыка імпартазамяшчэньня. І гэтая палітыка адсунула беларускія прадпрыемствы, асабліва машынабудаваньня, ад уключэньня іх у міжнародную сыстэму спэцыялізацыі і каапэрацыі. Бо — што такое спэцыялізацыя? Гэта танныя і якасныя дэталі і кампанэнты. Так што цяперашнія праблемы МАЗа — гэта вынік палітыкі імпартазамяшчэньня, і, вядома, вынік усёй неэфэктыўнай эканамічнай беларускай мадэлі.

Цыганкоў: Ці можа разьвязаць крызіс на МАЗе яго патэнцыйнае аб’яднаньне з расейскім КАМАЗам, якое беларускімі ўладамі ўвесь час адкладаецца? Ці забясьпечыць гэтае аб’яднаньне выйсьце з сытуацыі для МАЗа, або выйсьце трэба шукаць у іншым баку?

Злотнікаў: Выйсьце ў іншым баку трэба было шукаць 5–10 гадоў таму. І яно было, калі пачыналася каапэрацыя зь нямецкім МАN, былі іншыя альтэрнатывы. Але цяпер у Беларусі такая сытуацыя, неспрыяльная для прадпрымальніцтва, для бізнэсу, што знайсьці кагосьці з Захаду, хто арганізуе тут вытворчасьць больш сучаснай тэхнікі, — вельмі цяжка. Калі нехта і можа прыйсьці, то гэта расейцы. Але і яны нічога такога сюды не прынясуць, бо яны і самі залежаць ад паступленьня тэхналёгіяў з Захаду.