20 гадоў Газпрому. Расея змагаецца за дамінаваньне

Найбуйнейшай кампаніі Расеі споўнілася сёлета дваццаць гадоў. Але ў Газпроме, здаецца, мала падставаў для сьвяткаваньня, піша аналітык «Свабоды» Том Балмфорз.
Кантраляваная дзяржавай газавая манаполія, якая была створана як грамадзкая гандлёвая карпарацыя ў 1993 годзе, нядаўна абвясьціла, што яе чысты прыбытак летась зьнізіўся на 11 працэнтаў, і кошт кампаніі апусьціўся ніжэй за 100 мільярдаў даляраў упершыню ад 2009 году.

Акрамя таго, Газпром цяпер праходзіць праз аўдыт, які праводзяць улады Расеі і прадстаўнікі ЭЗ. Некаторыя ключавыя крамлёўскіх інсайдэры, як паведамляецца, нават настойваюць на тым, у што калісьці было немагчыма паверыць: на падзеле газавага гіганта Расеі на драбнейшыя адзінкі.

Адчуўшы ўразьлівасьць Газпрому, даўнія крытыкі хутка накінуліся на некалі недатыкальную кампанію. Апазыцыянэр Уладзімер Мілаў, былы намесьнік міністра энэргетыкі Расеі, заявіў у нядаўнім інтэрвію інтэрнэт-тэлеканалу Nevex.tv:

«Газпром знаходзіцца ў вельмі глыбокім стратэгічным крызісе, які нарастаў даўно. Іх папярэджвалі шмат разоў , што іх нягнуткая, упартая, саўковая палітыка давядзе да праблемаў. Праблемы пачаліся».

Аналітыкі кажуць, што Газпром не сьпяшаўся рэагаваць на патэнцыйна рэвалюцыйныя зьмены на рынку энэрганосьбітаў, такія як зьяўленьне сланцавага газу і звадкаванага прыроднага газу.

ЗША, якія маюць багатыя запасы сланцавага газу, і Катар, найбуйнейшы экспарцёр звадкаванага прыроднага газу ў сьвеце, сталі больш актыўнымі на эўрапейскім рынку, і рэзка зьнізілі прыбыткі Газпрому. ЗША значна павялічылі экспарт вугалю ў Эўропу.

Ільдар Даўлетшын, нафтагазавы аналітык кампаніі Рэнэсанс Капітал, кажа, што нягледзячы на зьмены рынку Газпром працягвае настойваць на дарагіх доўгатэрміновых газавых кантрактах, прывязаных да цаны на нафту:

«Газпром клапоціцца толькі пра цэны і сілу цэнаў адрозна ад сілы попыту і экалягічных чыньнікаў. Улічваючы дрэнны стан эўрапейскай эканомікі, гэта, верагодна, ня лепшая стратэгія».

У выніку, многія з эўрапейскіх кліентаў Газпрому зьвяртаюцца да іншых пастаўшчыкоў. Летась, напрыклад, продажы Нарвэгіяй газу ў Эўропе вырасьлі на 16 адсоткаў, нягледзячы на крызіс эўразоны, у той час як продажы Газпрому ў Эўропе скараціліся на 8 працэнтаў, канстатуе Эўрапейская камісія.

Летась Газпром, нарэшце пачаў рэагаваць на ціск рынку і зьнізіў кошты для некаторых эўрапейскіх кліентаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі Газпрому, прыведзенай у газэце «Вести», кампанія чакае, што сёлета цана за газ будзе ў сярэднім на 14 працэнтаў менш. Для Польшчы яна зьнізіцца на 27 працэнтаў, для Вугоршчыны на 2 працэнты.

Летась у верасьні Эўракамісія пачала праверку, ці не блякуе Газпром дывэрсыфікацыю паставак. Расьсьледаваньне ўдарыла ў сэрца бізнэс-мадэлі Газпрому і яго запаветнага мэтаду цэнаўтварэньня – дарагіх доўгатэрміновых газавых кантрактаў, прывязаных да цаны на нафту. Вынікі расьсьледаваньня чакаюцца пры канцы гэтага года.

Аналітыкі кажуць, што многія праблемы Газпрому караняцца ў двайной ролі кампаніі як камэрцыйнага прадпрыемства і як жорсткага інструмэнта замежнай палітыкі Крамля – у выкарыстаньні энэргіі ў якасьці сродку ўзнагароды сяброў і пакараньня ворагаў.

Мала таго, што палітычная роля Газпрому прымушае ўсё больш і больш эўрапейскіх дзяржаў дывэрсыфікаваць свае запасы энэргіі, але яна таксама прымусіла кампанію марнаваць грошы на дарагія праекты трубаправодаў з сумнеўнай камэрцыйнай каштоўнасьцю.

Аналітыкі ўказваюць на Паўднёвы паток і новыя вэктары Паўночнага патоку, якія, як чакаецца, забясьпечаць дастаўку расейскага газу ў Эўропу, у абыход Украіны, зь якой Масква мела палітычныя спрэчкі.

Джонатан Стэрн, старшыня Оксфардзкага інстытуту энэргетычных дасьледаваньняў кажа, што гэтая кампанія ў асноўным рэалізоўвае не камэрцыйныя інтарэсы Газпрому, але геапалітычныя патрэбы прэзыдэнта Уладзімера Пуціна:

Стэрн: «Людзі ў Газпроме не дурныя. Яны могуць бачыць, што адбываецца. Але Пуцін прымушае іх да рознага кшталту вар'яцкіх праектаў і не дазваляе ім адаптавацца да рынкавых умоваў. Калі вы паглядзіце на ўсе пасланьні Газпрому, то гэта ўсё пасланьні Пуціна. Чаму Газпром гаворыць аб будаўніцтве ўсіх гэтых трубаправодаў ў Эўропу? Таму што Пуцін хоча зрабіць гэта».

Паводле ацэнак, Газпром ужо мае магчымасьць пастаўляць 244 мільярды кубічных мэтраў праз сваю існуючую сетку трубаправодаў у Эўропу, але летась былі выкарыстаныя 155 мільярдаў кубамэтраў, і гэта ставіць пад сумнеў пляны дадатковых магутнасьцяў Паўднёвага і Паўночнага патокаў, ня кажучы ўжо пра Ямал-Эўропа.

У інтэрвію Financial Times сёлета ў сакавіку зьвязаны з Крамлём алігарх Алег Дзерыпаска прапанаваў падзяліць Газпром на асобныя кампаніі.

Паводле паведамленьняў СМІ, магутныя сябры Пуціна Ігар Сечын, генэральны дырэктар кампаніі Роснафта, і бізнэсмэн Генадзь Цімчанка, заснавальнік кампаніі гандлю сыравінай Gunvor, таксама настойваюць на тым, што газавы гігант павінен быць разьдзелены.

Акрамя таго, другая па велічыні расейская газавая кампанія НОВАТЭК, якая зьвязаная зь Цімчанкам, лабіруе, каб урад разарваў манаполію Газпрому на экспарт, каб атрымаць права на экспарт звадкаванага прыроднага газу.

Аналітыкі кажуць, што, нягледзячы на цяперашнія цяжкасьці Газпрому, кампанія наўрад ці будзе падзеленая на часткі бліжэйшым часам.

Стэрн тлумачыць:

«Мы ўсе можам думаць пра тое, якім спосабам падзяліць Газпром на часткі. На нашую думку гэта было б нашмат больш эфэктыўна. Але мы не глядзім на палітычную рэальнасьць. Палітычная рэальнасьць такая, што расейскі ўрад і Пуцін патрабуюць Газпром для выкананьня пэўных функцый, і большасьць з гэтых функцый не зьяўляюцца камэрцыйнымі».

***

Тым часам у Беларусі, у Віцебску адбываецца карпаратыўны фэстываль Газпрому «Факел». Расейская кампанія ладзіць гэты фэстываль ужо дзесяць гадоў, і сёлета вырашыла правесьці яго ў Беларусі. Як паведамляе Белта, на карпаратыў Газпрому прыехалі больш за 1300 удзельнікаў з 36 доччыных таварыстваў і арганізацый з Расеі і Беларусі, у тым ліку дэлегацыя «Газпром трансгаз Беларусь».