У Рэгенсбургу будуецца беларуска-нямецкі культурны мост

Рэгенсбург

У Рэгенсбургу ад 30 красавіка да 26 чэрвеня адбываецца цыкль імпрэзаў «Ці ведаеце вы Беларусь?», дзе будзе прадстаўленая жывая беларуская культура — літаратура, тэатр, музыка, кіно, фатаграфія.
Баварскі горад Рэгенсбург, дзе паўстагодзьдзя таму віравала беларускае жыцьцё - дзейнічаў Беларускі Нацыянальны Камітэт і была адкрытая Беларуская гімназія, сёлета зноў пасьля доўгага перапынку пачуў беларускую мову.

«Эўрапэўм» — Усходне-Заходні Цэнтар пры Рэгенсбурскім унівэрсытэце — арганізуе ў гэтыя месяцы культурную акцыю «Ці ведаеце вы Беларусь?». Гэты дасьледны цэнтар займаецца разьвіцём кантактаў паміж Усходняй і Заходняй Эўропай у галіне навучаньня і дасьледаваньня.

Дырэктар «Эўрапэўму» славіст Вальтэр Кошмаль расказаў пра сэнс «беларускага сэзону» ў Рэгенсбургу і асаблівасьці яго падрыхтоўкі:

«Мэта цыклю імпрэзаў „Ці ведаеце вы Беларусь?“ — пазнаёміць немцаў з разнастайнай жывой культурай Беларусі. Немцы сёньня маюць аднабаковае ўяўленьне пра Беларусь — калі наагул яго маюць — якое абмяжоўваецца палітыкай.

Цыкль акцыяў „Ці ведаеце вы Беларусь?“ — ня першы, які праводзіць Эўрапэўм. Розьніца з папярэднімі, прысьвечанымі Польшчы, Славаччыне, Славеніі, у тым, што там мы мелі шырокую падтрымку ад генэральных кансулятаў і амбасадаў тых краінаў. Цяперашнія імпрэзы мы праводзім безь ніякай падтрымкі з боку краіны, зь якой мы знаёмім немцаў. Вядома ж, мы паслалі запрашэньне ў генэральны кансулят Беларусі ў Мюнхене, а пасьля яшчэ й тэлефанавалі туды, але ніякага адказу на запрашэньне не атрымалі.

Яшчэ адно адрозьненьне — напрыклад, у выпадку з Польшчай, ёсьць шэраг вядомых людзей, якія асабіста падтрымліваюць разьвіцьцё сувязяў зь нямецкім бокам — гэта своеасаблівыя жывыя масты паміж Нямеччынай і Польшчай. На жаль, сёньня такіх жывых мастоў паміж Нямеччынай і Беларусьсю няма.

У гэтым і важнасьць нашай цяперашняй культурніцкай акцыі — мы хочам будаваць такія масты. І я спадзяюся, што калі празь нейкіх дзесяць гадоў мы зноў будзем праводзіць цыкль такіх імпрэзаў — такія масты ўжо будуць існаваць. Спадзяюся таксама, што празь дзесяць гадоў мы будзем мець падтрымку і ад беларускай дзяржавы».

Вальтэр Кошмаль



Важнасьць сёлетняй акцыі адзначае адна з актыўных арганізатараў цыклю імпрэзаў, праект-мэнэджэр «Эўрапэўму» Каця фон Пошынгер:

«Я думаю, што гэта вельмі важная справа, бо Беларусь у сьвеце, на Захадзе ня вельмі вядомая. Гэтую справу трэба падтрымаць і рабіць такія імпрэзы паўсюль, дзе ёсьць беларусы. Мы пабачылі тут, у Рэгенсбургу, што атрымаць грошы і падтрымку на гэта цалкам рэальна, бо ёсьць зацікаўленасьць. І гэта трэба рабіць самім, калі ўжо гэтым не займаецца беларуская дзяржава. Беларусь для немцаў — пакуль што невядомая краіна, белая пляма на мапе. А калі ім пачынаеш расказваць, калі яны бачаць беларускую культуру, чуюць мову — у іх зьяўляецца зацікаўленасьць».

Каця фон Пошынгер



Цыкль імпрэзаў «Ці ведаеце вы Беларусь?» адкрыўся 30 красавіка лекцыяй Лявона Баршчэўскага «Беларусь для пачаткоўцаў».

Лявон Баршчэўскі растлумачыў, які сэнс быў закладзены ў тэму выступу:

«Мы знаходзімся ў такой сытуацыі, што веды пра Беларусь і беларускую культуру па-за межамі Беларусі настолькі слабыя — калі ен лічыць найбліжэйшых суседзяў — што любая імпрэза вельмі важная. Прынамсі, каб людзі пачулі, што існуе такая краіна, што яна мае сваю мову, культуру. Тым больш гэта важна, калі гэта не адзін выступ або лекцыя, а цэлая праграма, цэлы шэраг мерапрыемстваў. Гэта шанец, што пра такую краіну тут пачуюць».

Лявон Баршчэўскі



Адначасна распачала сваю працу фотавыстава «Беларусь сёньня: абмен пэрспэктывамі». Арганізатары выставы спрабавалі высьветліць — ці існуе розьніца паміж тым, якой бачаць беларусы сваю краіну, і тым, якой бачаць яе немцы, і калі так — то дзе і ў чым яна палягае?

8 траўня адбылася тэатральная імпрэза — перад нямецкай публікай выступіў плястычны тэатар «ІнЖэст» Вячаслава Іназемцава з спэктаклем «ДК Данс 2013», на другі дзень кіраўнік тэатру правёў з гасьцямі імпрэзы практычны сэмінар.

13 траўня госьцем рэгенсбурскіх культурных імпрэзаў быў пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, які жыве ў Гамбургу. Ён выступіў з чытаньнямі з сваёй кнігі «Сарока на шыбеніцы», якая выйшла ў нямецкім перакладзе Томаса Вайлера ў 2010 годзе ў выдавецтве Leipziger Literaturverlag. Пасьля чытаньняў аўтара адказаў на пытаньні слухачоў.

Альгерд Бахарэвіч



На пытаньне, што новага пра Беларусь можа расказаць немцам ягоны раман, аўтар адказаў:

«Я лічу, што чытаць кнігі — гэта не найлепшы спосаб для таго, каб нешта даведацца пра краіну, пра яе жыцьцё, бо мастацкая літаратура існуе не для гэтага. Для таго, каб даведацца штосьці новае, трэба чытаць газэты, інтэрнэт-сайты, нейкія навуковыя кнігі. А вось для таго, каб зразумець, якія працэсы адбываюцца ў краіне — тут мастацкая літаратура можа адыграць сваю ролю. Мой раман адмыслова пабудаваны так, што дзеяньне там адбываецца не ў Беларусі — там пра гэта нідзе ня сказана наўпрост, гэта хутчэй „краіна падобная да Беларусі“. І гэта зроблена, каб максымальна адмежавацца ад просталінейнасьці».

Новыя беларускія кнігі, выдадзеныя ў Нямеччыне



Цыкль рэгенсбурскіх беларускіх імпрэзах працягне 6 чэрвеня канцэрт джазавага саксафаніста Паўла Аракеляна з гуртом «The Outsiders», а 12 чэрвеня адбудзецца паказ фільму «Жыве Беларусь» і сустрэча з адным зь яго стваральнікаў Франакам Вячоркам.

18 чэрвеня адбудзецца круглы стол і дыскусія на тэму «Чаму Беларусь мусіць уступіць у Эўразьвяз?», а закончыць беларускі сэзон у Рэгенсбургу 26 чэрвеня бібліятэкар Матыяс Вэнцэль, які азнаёміць з асобнікам Бібліі Скарыны, знойдзеным у 2005 годзе ў Верхнелужыцкай навуковай бібліятэцы ў Гёрліцы.

Аляксандра Фарн, Сяргей Шупа
Рэгенсбург