Беларускамоўны? Значыць, дыскрымінаваны

У Менску адбыўся нацыянальны бацькоўскі сход, прысьвечаны праблемам беларускамоўнай адукацыі. Удзельнікі гаварылі пра цяперашнія цяжкасьці са статусам роднай мовы ў навучальных установах, а таксама падрыхтавалі пакет прапаноў да дзяржаўных ведамстваў, каб пераадолець фактычна ўзаконеную дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце.
Нагодай да сустрэчы адмыслоўцаў у галіне адукацыі і бацькоў, якія патрабуюць навучаньня сваіх дзяцей па-беларуску, стала сытуацыя з мовай выкладаньня. Дэкляраванае ўладамі двухмоўе на справе азначае фактычнае выцісканьне беларускай мовы з ужытку, працоўнай жа мовай робіцца расейская. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2011–2012 навучальных гадах агульную сярэднюю адукацыю па-беларуску атрымлівалі 18% навучэнцаў, сярэднюю спэцыяльную — 1%, вышэйшую — 0,9%.

Ня выправіў моўнай дыспрапорцыі і Кодэкс аб адукацыі, які акумуляваў разьяднаныя дагэтуль нарматывы. У артыкуле 90 хоць і гаворыцца, што гарантуецца права выбару навучаньня і выхаваньня на адной зь дзяржаўных моваў, але тут жа ўдакладняецца: працоўная мова вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі. Вынік «права на выбар» несуцяшальны: толькі 6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Менску, паводле статутаў, акрэсьлілі асноўнай мовай навучаньня і выхаваньня беларускую. Статуты яшчэ 10 устаноў прадугледжваюць дзьвюхмоўе (пры гэтым ніводная ня мае нават беларускамоўных клясаў), а больш за 230 школаў і гімназій абыходзяцца расейскай.

У выступе пра насьпелыя зьмены ў Кодэкс аб адукацыі і ў падзаконныя акты мовазнаўца Вінцук Вячорка адзначыў: «Статутны статус, даруйце за калямбур, школы не расшыфроўваецца ў практычным пляне. Іншымі словамі, калі школа зь беларускай мовай навучаньня і выхаваньня, то што канкрэтна з гэтага вынікае ў штодзённых моўных паводзінах пэдагогаў, тэхнічак і г.д. — абсалютна няясна. Калі падняцца на прыступку вышэй у адукацыйным заканадаўстве, то палажэньне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, якое павінна, на добры лад, вычарпальна дэталізаваць, як рэалізуецца канстытуцыйнае моўнае права на беларускамоўнае навучаньне, абмяжоўваецца толькі сьцьвярджэньнем: выбар мовы навучаньня ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з артыкулам 90-м Кодэксу аб адукацыі ды іншымі актамі заканадаўства».

Удзельнікамі сходу былі многія бацькі, якія спрабуюць супрацьстаяць расейскамоўнай сыстэме адукацыі. Пікет скульптара Гэніка Лойкі ля менскай гімназіі № 4 у Міжнародны дзень абароны роднай мовы 21 лютага і наступная 5-суткавая адседка за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» стаў своеасаблівай крытычнай масай у барацьбе за права атрымліваць адукацыю па-беларуску.

Пікет Геніка Лойкі



Прыклады пасьлядоўнага змаганьня адзінкавыя, але сапраўды самаахвярныя. Сям’я Салаўёвых з Магілёва літаральна прымусіла арганізаваць беларускамоўнае навучаньне для сваёй дачкі — цяпер яна адзіная ў абласным цэнтры, хто займаецца на роднай мове. Зьміцер Салаўёў кажа, што яны з жонкай паказалі прыклад тым, хто сумняваўся ў плённасьці нібыта загадзя пройгрышнай ідэі:

«Ёсьць прынамсі два законы, якіх пакуль што ніхто не адмяняў — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і закон „Аб мовах“, якія расьпісваюць правы кожнага канкрэтнага чалавека. На гэтыя дакумэнты можна і трэба спасылацца. Канечне, зараз артыкул 90-ы Кодэксу аб адукацыі вельмі расплывісты і зусім няпэўны, але можна і зь яго дапамогай ціснуць на адукацыйныя ўстановы. А самае галоўнае — не баяцца. Не баяцца — і ўсё, нічога яны вам кепскага ня зробяць».

Янка Лапіцкі

Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія праз аналягічныя выпрабаваньні прайшлі яшчэ раней — іх Янка быў першым беларускамоўным вучнем у Жодзіне. Аляксей кажа, што за прамінулыя гады сытуацыя не палепшылася:

«Праблема ў тым, што не адчыняюцца новыя беларускія клясы — з канкрэтнымі, а не дэкляраванымі абрысамі, не ажыцьцяўляецца набор дзяцей. Гэтак жа, як і не даецца хада прыватным ініцыятывам бацькоў. А гэта, у адпаведнасьці з існуючым заканадаўствам, павінна рабіць менавіта ўлада. Нічога гэтага не адбываецца. Пры тым, што праграма Міністэрства адукацыі, якая існуе, і адпаведныя нарматывы, прапісаныя ў Кодэксе, абавязваюць: у кожным горадзе, раёне павінны ўтварацца школы, гімназіі, плыні менавіта беларускамоўныя. Але нічога падобнага ня робіцца. І, як мы высьветлілі пры апытаньні, самай незацікаўленай катэгорыяй у адкрыцьці такіх клясаў зьяўляецца настаўніцтва, супрацоўнікі сыстэмы адукацыі».

Беларускамоўнасьць і нацыянальная арыентаванасьць ужо каштавалі працы і кар’еры не аднаму спэцыялісту. Прысутную на сходзе настаўніцу з Талькі Натальлю Ільініч звольнілі за грамадзкую актыўнасьць, выкладчыка юрыдычнага факультэту Гарадзенскага ўнівэрсытэту Ігара Кузьмініча папрасілі з установы за пазыцыю, якая не задавальняла кіраўніцтва ВНУ.

Ігар Кузьмініч

Спадар Кузьмініч як юрыст перакананы, што ва ўмовах цяперашняй Беларусі казаць пра вяршэнства закону не выпадае ў ніводнай сфэры:

«Закон ёсьць, але рэалізаваць права згодна з гэтым законам немагчыма. Іншымі словамі, заканадаўства нібыта ёсьць, але ўсё зьмяняецца зусім у іншы бок. І гэта тычыцца ня толькі адукацыі. Прыкладам, у нас ёсьць заканадаўства аб палітычных партыях. Але палітычнай сыстэмы няма. Бо палітычныя партыі ў існуючай сыстэме папросту непатрэбныя. Ці заканадаўства адносна дзейнасьці НДА — а насамрэч зарэгістраваць ніводную арганізацыю амаль немагчыма. Таму тое, што ёсьць заканадаўства, не азначае, што яно створанае дзеля таго, каб яго рэалізоўваць. Гэта проста добра пастаўленая сыстэма, дзе насамрэч ніякай альтэрнатывы няма. Але тут трэба сказаць, што і самі бацькі па большасьці баяцца за сваіх дзяцей, баяцца з-за таго, што ўжо бачаць».

Заснавальнік і дырэктар зачыненага ў 2003 годзе Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас перакананы: рэформы будуць магчымыя разам са «зьнішчэньнем як клясы» найперш кіраўнікоў школьных адміністрацый, якія цяпер цягнуць усю адукацыю ў ідэалягічную багну:

«Такое ўражаньне, што яны паводле пэўнага біятыпу адбіраюцца. Гэта павінны быць людзі, якія паслухмяна рэагуюць на „ўказілаўкі“ вышэйшых інстанцый, займаючы становішча ніжэй за плінтус. Прыкра, што з усім школьным калектывам яны абыходзяцца гэтак жа — заганяюць падначаленых пад той жа плінтус. Таму спрабаваць да нечага іх схіліць такім шляхам, нават апэлюючы да заканадаўства, на маё меркаваньне, справа досыць праблематычная. Гэта нават мякка кажучы, бо канструктыўнае супрацоўніцтва зь імі немагчымае».

Але, на думку намесьніцы старшыні Таварыства беларускай школы Тамары Мацкевіч, спрабаваць супрацоўнічаць з настаўніцтвам усё ж трэба — каб празь «пераадукаваныя» кадры падвышаць узровень самасьвядомасьці вучняў:

​«Ёсьць такая сыстэма, мэтодыка, якая называецца „Актыўная ацэнка“. Яна вучыць дзяцей ставіць перад сабой мэты, дасягаць іх, падвышаць свае амбіцыі, рабіць узаемную ацэнку, самаацэнку і такім чынам спрыяць свайму посьпеху. Бо калі ня будзе амбіцый, ня будзе амбітных беларусаў, а будуць проста разумныя, то будзе ў нас Лукашэнка век кіраваць, разумееце? Таму што ў любым выпадку знойдуцца людзі, якія будуць з амбіцыямі, але не беларусы».

Тамара Мацкевіч



На падставе выслуханых меркаваньняў удзельнікі сходу ўхвалілі шэраг прапаноў да зацікаўленых дзяржаўных структур, каб паспрыяць беларусізацыі навучаньня.


Прапановы


1. Кодэкс аб адукацыі

1.1. Дадаць да п. 90 наступнае палажэньне: «Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць гарантаванае і інстытуцыянальна забясьпечанае дзяржавай права вучыцца па-беларуску на ўсіх ступенях сыстэмы адукацыі і на ўсіх спэцыяльнасьцях у дзяржаўных навучальных установах».

2. Палажэньне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі

2.1. Перафармуляваць статус беларускамоўных навучальных установаў: «навучаньне, выхаваньне і справаводзтва на беларускай мове».

2.2. Перафармуляваць п. 53: «Асноўнай мовай навучаньня, выхаваньня і справаводзтва УА можа быць або беларуская, або руская».

2.3. Калі ў статуце УА фіксуюцца дзьве мовы навучаньня і выхаваньня, у Палажэньні павінна быць яснае тлумачэньне гэтага, напрыклад: «Ва ўстановах адукацыі зь дзьвюма мовамі навучаньня і выхаваньня ёсьць клясы (групы, плыні) як зь беларускай, так і з рускай мовамі навучаньня і выхаваньня». У інструкцыях МА павінна быць тлумачэньне: ва УА такога кшталту павінны быць клясы (групы, плыні) зь беларускай мовай навучаньня на ўсіх паралелях.

3. Моўны рэжым ва ўстанове адукацыі

3.1. Укласьці Рэглямэнт моўнага рэжыму як абавязковы для выкананьня дакумэнт, зыходзячы з навукова пацьверджаных патрабаваньняў ствараць і падтрымліваць кампэнсаторнае моўнае асяродзьдзе для засваеньня моваў, якія знаходзяцца ў абмежаванай функцыянальнай сытуацыі. Прадугледзець у беларускамоўных навучальных установах усіх узроўняў поўнае беларускамоўнае асяродзьдзе. У рускамоўных УА рэглямэнт павінен прадугледжваць частковае (кампэнсаторнае) беларускамоўнае асяродзьдзе для вучняў, у тым ліку ў пазаўрочнай дзейнасьці.

4. Дашкольнае выхаваньне

4.1. У кожным горадзе без раённага падзелу, у сельскім раёне, у раёне гораду частцы дзіцячых дашкольных установаў надаць статус беларускамоўных адпаведна працэнту жыхароў адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі, якія ў апошнім перапісе насельніцтва назвалі беларускую мову роднай. Сетку беларускамоўных установаў разьмеркаваць так, каб забясьпечыць пешую дасяжнасьць для любога жыхара.

4.2. У рускамоўных ДУ прадугледзець абавязковае частковае беларускамоўнае асяродзьдзе для выхаванцаў.

5. Агульная сярэдняя адукацыя

5.1. У кожным горадзе без раённага падзелу, у сельскім раёне, у раёне гораду частцы ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі надаць статус беларускамоўных адпаведна працэнту жыхароў адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі, якія ў апошнім перапісе насельніцтва назвалі беларускую мову роднай. Прыярытэт аддаваць гімназіям і ліцэям. Сетку беларускамоўных установаў разьмеркаваць так, каб забясьпечыць пешую дасяжнасьць для любога жыхара.

5.2. Унікальныя профільныя ўстановы сярэдняй адукацыі (Ліцэй БДУ, гімназія-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка і г.д.) абавязаць мець беларускамоўныя клясы ва ўсіх паралелях. Абавязаць мець беларускамоўныя групы ўсіх профіляў (спэцыяльнасьцяў) для дадатковых навучальных паслугаў, калі УА аказвае апошнія.

5.3. Усе віды навучальных дапаможнікаў, якія выкарыстоўваюцца ва УА, павінны мець беларускамоўную вэрсію, прычым з увагі на якасьць мовы прыярытэт павінен аддавацца дапаможнікам, напісаным аўтарамі па-беларуску.

5.4. Вызначыць нарматыўную напаўняльнасьць беларускамоўных клясаў у колькасьці 10 чалавек, пры гэтым скасаваць мінімум для адкрыцьця аднаго клясу. У пераходным пэрыядзе прадугледзець, што адной заявы бацькоў на беларускамоўнае навучаньне дастаткова для зьмены статусу УА.

5.5. Пры закрыцьці малакамплектных вясковых школаў, у выпадках закрыцьця (з прычыны аптымізацыі, узбуйненьня і г. д.) іншых школаў зь беларускай мовай навучаньня юрыдычна гарантаваць іх навучэнцам моўную пераемнасьць пры пераводзе ў іншыя школы.

5.6. Курс беларускай мовы ў рускамоўных сярэдніх школах пашырыць за кошт выкарыстаньня мэтодык практычнага засваеньня мовы.

6. Вышэйшая і сярэдняя спэцыяльная адукацыя

6.1. Ва ўсіх без выключэньня вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах краіны, на ўсіх факультэтах і спэцыялізацыях стварыць беларускамоўныя плыні (групы).

6.2. Студэнтам і навучэнцам рускамоўных плыняў (групаў) абавязкова вывучаць беларускую мову ў практычным пляне (тэрміналёгія, прафэсійная лексыка, справаводзтва і дакумэнтацыя, гутарковы практыкум).

7. Усе ступені адукацыі

7.1. Беларусазнаўчыя дысцыпліны — беларускую літаратуру, гісторыю, геаграфію, культуру, мастацтва Беларусі і г. д. — выкладаць па-беларуску ва ўсіх навучальных установах усіх ступеняў.

7.2. З увагі на няроўныя ўмовы працы пэдагогаў усіх ступеняў адукацыі, якія выкладаюць па-беларуску, у параўнаньні з рускамоўнымі (функцыянальна абмежаванае моўнае асяродзьдзе, неабходнасьць замацоўваць моўныя навыкі паралельна з прадметнымі, абмежаваны выбар або адсутнасьць мэтадычных дапаможнікаў, мультымэдыйных матэрыялаў, корпусу тэрміналёгіі) і дадатковую нагрузку, зьвязаную са стварэньнем кампэнсаторнага моўнага асяродзьдзя, з моўнай адаптацыяй, пошукам і стварэньнем матэрыялаў па-беларуску, прадугледзець надбаўку 10% (на падставе колькасных і якасных крытэрыяў дадатковай нагрузкі).

8. Арганізацыйныя прапановы

НБС ухваляе рашэньне ТБШ стварыць грамадзкую мэтадычную раду, прапануе Міністэрству адукацыі запрасіць гэтую раду да супрацы і/або стварыць грамадзкую мэтадычную раду пад сваёй эгідай з уключэньнем туды прадстаўнікоў пэдагагічнай і бацькоўскай грамадзкасьці, профільных грамадзкіх арганізацыяў (ТБШ, ТБМ), у тым ліку для супольнага разгляду выкладзеных прапановаў.