60 гадоў Нарыльскага паўстаньня

У траўні 1953-га пачалося паўстаньне ў Нарыльску — першая масавая акцыя непадпарадкаваньня вязьняў савецкіх лягераў. Пасьля паўстаньня ўлада вымушаная была пайсьці на саступкі.
Украінскі рэжысёр Міхаіл Ткачук, аўтар дакумэнтальнага фільма «Загадка Нарыльскага паўстаньня» распавёў Радыё Свабода, што з моманту стварэньня ГУЛАГу ў 1929 годзе гэта было першае значнае паўстаньне — не кропкавы акт супраціву, а паўстаньне некалькіх лягераў. У паўстаньні ў Нарыльску ўзялі ўдзел 20 000 вязьняў, 6 лягераў.

Паўстаньне ўзьнялося праз два месяцы пасьля сьмерці Сталіна:

Міхаіл Ткачук

«Выйшла супадзеньне зьнешніх абставінаў, сьмерць Сталіна і тое, што лягерная адміністрацыя пачала хвалявацца. Яны пасьля сьмерці Сталіна не ведалі, як сябе паводзіць. А потым, калі яны ўжо зразумелі, што нейкі пэрыяд прайшоў, яны пачалі правакаваць некаторыя рэчы — забіваць людзей, прычым, забіваць у зоне. І тут атрымлівалася, што з аднаго боку — гэта ахова лягера, таму што ўсё было інсьпіравана уладай, лягернай уладай. А з другога боку — у гэты час, у верасьні 1952 года, прыйшоў велізарны Карагандзінскі этап з Казахстана. Там было 1200 чалавек. Сярод іх, мабыць, 1100 было украінцаў, былі прыбалты, было некалькі грузінаў і г.д.. Прычым, гэтых людзей выслалі з Казахстана, таму што яны там уздымалі ўжо галовы.

Іх пераводзяць у Нарыльск, у сьнягі, як казалі, на выміраньне. І вось, калі іх туды перавялі, то гэтыя хлопцы пачалі свой зрыў. Чаму ён пачаўся? Таму што тут былі ўжо нейкія падпольныя камітэты. Але яны так працавалі ўтоена, людзі падтрымлівалі адзін аднаго, магчыма, пасылкамі — усё гэта было. Але калі зьявіўся гэты этап, Карагандзінскі, атрымалася, што гэтыя хлопцы пачалі разрэзваць ланцуг, які зьвязваў блатных і ўладу».


Цалкам інтэрвію Міхаіла Ткачука чытайце тут

Нарыльскае паўстаньне — архіўныя фота.