На ягоны пятнаццаты дзень нараджэньня бацька, з паходжаньня немец, падараваў яму сапраўдную друкарскую машыну. Друкаром хлопец, праўда, так і не зрабіўся — затое апублікаваў за сваё не такое ўжо й доўгае жыцьцё больш за шэсьцьдзесят кніг. А першую ён пачаў пісаць у дванаццаць гадоў, так што бацька ведаў, што рабіў, і, магчыма, спадзяваўся, што цікавасьць да пісьма ў сына прыме больш разумныя і неабходныя для нармальнага жыцьця формы. Друкар або ўладальнік друкарні — годная прафэсія, на благі канец журналіст, але вось пісьменьнік...
15 траўня 1856 году паблізу ад Нью-Ёрку на сьвет зьявіўся Лаймэн Фрэнк Баўм. Калі гуляць з друкавальнай машынай яму надакучыла, ён заняўся курамі і нават напісаў кіраўніцтва па курагадоўлі. Потым ён пісаў для газэтаў, потым было змазачны алей «кастарын Баўма», потым... На сьвеце існаваў толькі адзін занятак, які заўжды прыносіў Баўму неверагодную радасьць: расказваць дзецям гісторыі на ноч. І з часам ён пачаў іх запісваць. А прыкладна ў той самы час, калі Баўм нарэшце зрабіўся пісьменьнікам, недзе ў Расеі пайшоў пехатой пад стол Аляксандар Волкаў. У 1900-м, калі Волкаву споўнілася усяго дзевяць і ніхто не дарыў яму ніякіх друкавальных машын, Баўм выдаў сваю кніжку «Чараўнік краіны Оз», якая адразу зрабіла яго знакамітым — на ўсе часы, кніжку, працяг якой ён пісаў да самай сьмерці, а затым пісалі іншыя. У тым ліку той самы Волкаў.
Як і ў выпадку з Бурацінам і Пінокіё, усё здольнае чытаць насельніцтва плянэты з часам падзялілася на «баўмаўцаў» і «волкаўцаў», і той, каму выпала пазнаёміцца перш-наперш з Элі і Татошкам, не асабліва пераймаецца наконт прыгодаў Дораці і Тото, і наадварот. Элі і Татошка папулярныя ня толькі сярод тых, хто вырас у СССР — напрыклад, ва Ўсходняй Нямеччыне іх таксама да нядаўняга часу любілі і шанавалі і стараліся па магчымасьці перадаць таемную веду пра Смарагдавы горад, Страшылу і Баязьлівага Льва дзецям. І ніякіх восаў. Што да мяне, то адносна Бураціны я пінокіевец, але калі вядзецца пра Чароўную краіну — дык верны волкавец. Няхай жывуць Урфін Джус і ягонае драўлянае войска.
Перачытваючы ўсё гэта ўжо дарослым, што няправільна (дарослым быць наогул няправільна), задаешся некалькімі дзіўнымі пытаньнямі. Якім мусіў быць час і якімі — норавы ў літаратуры, каб вось так проста ўзяць і, скарыстаўшыся са сваёй ангельскай і з дарэвалюцыйнай бібліятэкі, пераказаць «Чараўніка» па-расейску. Ніякага асуджэньня, хутчэй — удзячнасьць напалову зь недаўменьнем. І няхай кніжкі Волкава імкнуцца ўвесь час выйсьці на нейкі новы, больш акрэсьлены, чым у Баўма, этычны ўзровень — ідэя ж усё адно застаецца ня волкаўская... Як ён з гэтым жыў? А яшчэ муляюць тыя Мараны са сваім вогненным богам. Назваць казачных герояў у гонар хрышчоных яўрэяў — гэта сьмела. І неяк ня верыцца, што адбылося ўсё ненаўмысна. Але гэта калі чытаць тыя казкі па-даросламу. Што ў краіне Оз забаронена — і не без падставаў.