Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
У Менску ў кінатэатры «Перамога» пачнецца пяты фэстываль эўрапейскага кіно. Адкрыцьцё а 18.30 з удзелам фінскага рэжысэра Томаса «Домэ» Карукоскі, які прэзэнтуе свой фільм «Ляпляндзкая адысэя». Уваход на ўсе паказы вольны.
У Нясьвіжы палац Радзівілаў праводзіць Ноч музэяў. Наведнікі палацу змогуць пабачыць тэатралізаваныя рамантычныя паданьні, а спэцыяльна для дзяцей будзе пастаноўка тэатру ценяў. Уваход будзе каштаваць 120.000 — 150.000 рублёў.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1933 — студэнты-нацыянал-сацыялісты пачалі паліць кнігі ў Бэрліне, што паклала пачатак паленьню кніг, непажаданых з гледзішча нацысцкага рэжыму.
1940 — брытанскі прэм’ер Нэвіл Чэмбэрлен падаў у адстаўку, фармаваньнем новага ўраду заняўся Ўінстан Чэрчыль.
1956 — у СССР адмянілі плату за навучаньне ў старэйшых клясах сярэдніх школаў.
1994 — адбылася інаўгурацыя Нэльсана Мандэлы, першага чарнаскурага прэзыдэнта Паўднёваафрыканскай Рэспублікі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1797 — Дамінік Стэфановіч, музыка, настаўнік Станіслава Манюшкі.
1879 — Сямён Пятлюра, лідэр украінскіх нацыяналістаў.
1883 — Янка Маўр, беларускі пісьменьнік.
1923 — Гейдар Аліеў, кіраўнік Азэрбайджану (1993–2003).
1928 — Арнольд Руўтэль, трэці прэзыдэнт Эстоніі.
1931 — беларускі паэт Сьцяпан Гаўрусёў.
1942 — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст Сяргей Панізьнік.
У гэты дзень памерлі:
1774 — Людовік XV, кароль Францыі.
1940 — пры спробе захопу гестапаўцамі ў Варшаве загінуў генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі вайсковы дзяяч. У свой час камандаваў асобным аддзелам войскаў БНР у Балтыі. Захапіўшы з сваімі аддзеламі Мазыр, абвясьціў там незалежнасьць БНР. Некаторыя свае вершы друкаваў пад псэўданімам Бацька.
ЦЫТАТА ДНЯ
«У нашай краіне мужчына ня можа быць слабым. Мы захапляемся мужчынамі, якія могуць заўсёды быць моцнымі. З гэтага „мужчынскага сораму“ мы і зрабілі сцэнар».
Томас «Домэ» Карукоскі пра свой фільм «Ляпляндзкая адысэя»