Адгадай загадку

9 траўня 1941 году ў атлянтычных глыбінях недзе на поўдзень ад Ісьляндыі шукала чым такім разжыцца на абед адзінокая нямецкая субмарына U-110 пад камандаваньнем капітана Фрыца-Юліюса Лемпа.

Гэта было яе другое вялікае паляваньне — на рахунку U-110 было пакуль што пяць ахвяраў. Але ў той дзень 28-гадоваму капітану Лемпу, шыю якога ўпрыгожваў Рыцарскі крыж Жалезнага крыжа за дваццаць патопленых суднаў, не пашэнціла. Сьлед ад пэрыскопа ягонай субмарыны заўважылі два брытанскія эсьмінцы і карвэт, якія не марудзячы падрыхтаваліся да атакі — лодка наляцела на цэлы лес глыбінных бомбаў і атрымала такія пашкоджаньні, што давялося «паказаць лічыка»: тэрмінова ўсплываць. Большая частка экіпажу была ўзятая ў палон, астатнія загінулі, сам Лемп быў ці то забіты, ці то скончыў жыцьцё самагубствам; субмарыну паспрабавалі цягнуць за сабой на буксіры, але ўжо на другі дзень яна затанула. Праўда, перад гэтым на ёй пабывалі ангельскія маракі, аблазілі ўсё ў пошуках сакрэтных дакумэнтаў, зьдзіўляючыся, у якой сьпешцы нямецкая каманда пакідала свой U-Boot — і наткнуліся на нейкую дзіўную друкавальную машынку.

«А можа, ну яе?...» — сказаў адзін з матросаў, якому зусім не хацелася цягаць на сабе гэты чамаданчык з клявішамі, дроцікамі ды лямпачкамі.

«Дурань, гэта ж Энігма! — сказаў другі. — Зь яе дапамогай мы выйграем бітву за Атлянтыку, пра нас напішуць кніжкі, здымуць чатыры фільмы, у якіх усё пераблытаюць, і выпусьцяць кампутарную гульню, а адзін француз назаве ў гонар нашай знаходкі свае псэўдагрэгарыянскія харалы, пад якія ўся плянэта будзе цалавацца пры сьвечках і ўяўляць сябе апошнімі рамантыкамі!»

«Ну тады ладна», — пагадзіўся першы і пацягнуў машынку да люка.

«...Цікаўнасьці вашых канкурэнтаў адразу ж будзе пакладзены канец, бо „Энігма“ дазваляе вам захоўваць зьмест вашых дакумэнтаў або прынамсі самых важных іх частак у поўнай таямніцы без істотных выдаткаў. Адзін добра абаронены сакрэт можа акупіць кошт усёй машыны». Так у 20-х гадах рэклямаваўся той апарат, прыдуманы нямецкім вынаходнікам Артурам Шэрбіюсам. Тым самым, які пачынаў з электрагрэлак і вэнтылятараў, а ў выніку прыдумаў «Энігму». Сам Шэрбіюс лічыў, што на расшыфроўку аднаго паведамленьня, прапушчанага празь ягоную машыну, спатрэбіцца гадоў дзесяць.

Да самага цікавага ён не дажыў — у 1929-м наляцеў, едучы ў павозцы, на каменны мур і памёр ад ранаў. А цікавае не прымусіла сябе чакаць. У пачатку трыццатых мэханізм тагачаснай «Энігмы», якую ўрэшце ўзялі на вайсковую службу, здолелі разгадаць тры польскія матэматыкі. Пракляты чалавечы фактар лёгка перамагаў машыну там, дзе іншая машына аказвалася ў тупіку і сьмярдзела ад перагрэву. Даводзілася рэгулярна ўдасканальваць і мяняць коды. А іначай — канец, і тысячы памруць там, дзе плянавалася перамога. Почасту так і адбывалася. Пра тое, што «Энігма» была зьнятая з субмарыны капітана Лемпа і перададзеная спэцыялістам, камандаваньне Kriegsmarine наогул не здагадвалася амаль год. А яны, машыны, працягвалі пісаць другую, таемную гісторыю вайны — як звар’яцелыя храністы ў сваіх нябачных вежах. Пакуль на франтах салдаты забівалі адзін аднаго, у пракураных сакрэтных памяшканьнях, галёнамі заліваючы ў сябе эрзац-каву і лаючыся на змораных машыністак, вялі сваю вайну тысячы крыптолягаў, якія так ніколі і не пабачылі сваіх ворагаў у твар: толькі лямпачкі ды лічбы, якія сьняцца па начах. Гэта чымсьці нагадвае тую самую падводную вайну, якую прайграў капітан U-110.

Ну, а рэкляма на тое і рэкляма, каб ня верыць ніводнаму яе слову: добра абаронены сакрэт у сьвеце толькі адзін, і мы яго ня ведаем. Таму і жывем пакуль што.