Уладзімер Сіўчыкаў — пра кнігі беларускіх народных казак

Уладзімер Сіўчыкаў

Чалавек як мінімум тры-чатыры разы праходзіць пэрыяд актыўнага ўспрыманьня казак: у сваім маленстве, у школе на ўроках чытаньня і літаратуры, тады, калі выхоўвае сваіх дзетак, і тады, калі гадуе ўнукаў.

Мабыць, у кожнай сям’і на паліцах можна знайсьці некалькі кніжак казак. Зь імі, як правіла, не расстаюцца, а калі каму і перадаюць, дык найчасьцей у спадчыну. Падзяліць іх можна было б на дзьве катэгорыі: выданьні навукоўцам і дзецям. Некаторыя з кніг беларускіх народных казак рэпрэзэнтуе пісьменьнік Уладзімер Сіўчыкаў.


Казкі ў сучасных запісах [Уклад. тэкстаў, уступ. артыкул і камэнт. К. П. Кабашнікава, Г. А. Барташэвіча. Мастак К. Шаранговіч]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989

Гэты фаліянт, падрыхтаваны ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук, — адзін з больш чым паўсотні ў сэрыі «Беларуская народная творчасьць», якой мы мусім ганарыцца. Шэсьць зь іх прысьвечаныя беларускім народным казкам, а чарадзейным казкам давялося выдзеліць ажно два тамы па 650 старонак! Некаторыя жанры ў нас куды багацейшыя, чым у суседзяў: да прыкладу, у беларускім рэпэртуары каля 500 сюжэтаў легендарных казак, ва ўкраінскім — 196, а ў расейскім — 56.

Пад вокладкаю гэтага тома ўпершыню сабраныя архіўныя матэрыялы і экспэдыцыйныя запісы паваенных гадоў, якія значна пашыраюць уяўленьні пра казкі, іх сюжэтны склад і асаблівасьці бытаваньня.

Выданьне папраўдзе грунтоўнае, акадэмічнае — да тэкстаў дададзены ўступны артыкул-дасьледаваньне, а таксама камэнтары — паказьнік сюжэтаў, асабовы сьпіс зьбіральнікаў, асабовы сьпіс казачнікаў і геаграфічны паказьнік, якія займаюць ледзь ня дваццаць адсоткаў аб’ёму кнігі.


Вацлаў Ластоўскі. Бяздоннае багацьце: Апавяданьні, легенды, казкі, аповесьці [Уклад. Я. Янушкевіч. Мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. — Мн.: Юнацтва, 2001

Казкі пісалі, апрацоўвалі, пераказвалі многія творцы — ад пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, Каруся Каганца, Цёткі, Ядвігіна Ш., Максіма Багдановіча да літаратараў сёньняшняга дня. Мабыць, і самі яны часам цяжка вызначалі, дзе апрацоўка фальклёрнай пярліны, дзе майстравіты вольны пераказ, а дзе ўжо ўласна літаратурны твор.

У 1946 годзе выйшла кніжка беларускіх народных казак, пераказаная дзеткам Міхасём Клімковічам, у 1952 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР парупілася выпусьціць «Беларускія народныя казкі» ў апрацоўцы Якуба Коласа, а з 1955 года, ад кніжкі «Каток — залаты лабок» усталявалася гегемонія Алеся Якімовіча.


Людзей слухай, а свой розум май: Беларускія народныя казкі [Апрацоўка А. Якімовіча. Мастак В. Славук]. Мн.: Юнацтва, 1987

Беларускі пісьменьнік Алесь Якімовіч (1904–1979) пісаў пераважна для дзяцей. Ён выдаў некалькі кніжак вершаў і апавяданьняў, літаратурныя казкі ў вершах і ў прозе «Каваль Вярнідуб», чытэльныя аповесьці «Канец сэрвітуту», «Кастусь Каліноўскі» і «Цяжкі год», быў аўтарам падручнікаў і складальнікам чытанак, выступаў і як перакладчык. Але наўрад ці мог ён уявіць, што самымі запатрабаванымі зь ягонай творчай спадчыны, надрукаванымі шматтысячнымі накладамі акажуцца… апрацоўкі беларускіх народных казак.

«Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1983) — ад сярэдзіны пяцідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя і да сёньняшніх дзён зборнікі казак менавіта ў ягоных перастварэньнях выходзяць з зайздроснай рэгулярнасьцю. Дзіва што! Выдаўцам было і ёсьць з чаго выбіраць — Алесь Якімовіч апрацаваў больш за дзьвесьці казак!

Гэтая кніга — своеасаблівы клон выдадзенай «Мастацкай літаратурай» на сем гадоў раней. Зьмяніліся хіба што фармат і мастак-ілюстратар.


Хітрэй сьвету ня будзеш: Беларускія народныя чарадзейныя казкі [Апрацоўка Хр. Лялько. Мастак Т. Беразенская]. — Мн.: Юнацтва, 1991.

Вядомы беларускі празаік і перакладчык Хрысьціна Лялько перапыніла фактычна аднаасобнае панаваньне Алеся Якімовіча, таленавіта пераказала тэксты, якія некалі рупліва зьбіралі і запісвалі фальклярысты і этнографы Еўдакім Раманаў, Міхал Федароўскі, Адам Ганоры Кіркор, Аляксандар Сержпутоўскі, Павал Шпілеўскі дый іншыя.

Дзівіць хіба што тое, што выдаўцы пазыцыянавалі ўсе казкі зборніка як чарадзейныя. А між тым сустракаюцца сярод іх і казкі пра жывёл («Казка пра ласку», «Былінка і верабей», «Дасьціпны пеўнік», «Пеўнік і курачка»), і сацыяльна-бытавыя («Хітрэй сьвету ня будзеш») і нават паданьне («Чаму ў Беларусі львоў няма»).

Але што значыць гэтая прыкрая парушынка ў параўнаньні з накладам у 300 тысяч асобнікаў слаўных адраджэнцкіх гадоў!


Прагны багацей: Беларуская народная казка [Апрацоўка А. Якімовіча. Мастак М. Селяшчук]. — Мн.. Юнацтва, 1986

Кнігі казак, адрасаваныя дзецям, цяжка ўявіць без ілюстрацый, хаця сустракаюцца часам і такія парадоксы. А ў гэтай — на 5 старонак прыгожа аблямаванага тэксту 10 палосных, найшыкоўнейшых ілюстрацый!

Дый увогуле трэба парадавацца за беларускіх дзяцей, бо для іх шчыравалі такія майстры як Тацяна Беразенская, Вячаслаў Валынец, Анатоль Волкаў, Уладзімер Савіч, Мікола Селяшчук, Валеры Славук, Галіна Хінка-Янушкевіч… Іхняя натхнёная праца ня раз адзначалася на кніжных выставах і сымпозіюмах, а Павал Татарнікаў здабыў нават «Залаты яблык» — найвышэйшую ўзнагароду Міжнароднага біенале ілюстрацыі ў Браціславе!