84-гадовая бабуля з катамі й сабакамі жыве на гарышчы затопленай хаты

Your browser doesn’t support HTML5

Гомель: Ад паводкі ратуюцца на гарышчы

У Гомелі ў Рачным завулку ўжо тыдзень жыве на гарышчы старэнькай хаціны 84-гадовая пэнсіянэрка Лідзія Жарына. Тут яна ратуецца з катамі й сабакамі ад вялікай паводкі, якая заліла звыш сотні прыватных дамоў у мікрараёне Манастырок.
Жыцьцёвая прастора хворай на ногі пэнсіянэркі Лідзіі Жарынай абмежавана цяпер нізкім гарышчам, дзе на пяску ляжыць матрасік, каб паспаць і адпачыць, і дахам прыбудоўкі — на паўтара дзясятка квадратных мэтраў. Такі імправізаваны балькон без аніякай агароджы. Вакол — дамы ў глыбокай вадзе.

Жарына: «Усё затапіла. Там, у хаце, па пояс вады, там усё затапіла. Я была яшчэ хадзіла ў ботах, а потым і ў боты стала набірацца. Дык я папрасіла ўжо людзей — суседа во, каб ён мяне падняў наверх. Цяпер вось жыву на даху й гарышчы».

Падняць старую на гарышча суседу па хаціне й няшчасьці Міхасю Варатынскаму дапамагалі ратавальнікі. Міхась адмыслова выразаў дзірку ў столі, прыставіў лесьвіцу — па ёй і падымалі Лідзію Мікалаеўну на гарышча.

Ратавальнікі прапаноўвалі Жарынай ехаць у шпіталь, але яна адмовілася:

«А што мне было рабіць? У мяне во гадаванцы — каты, сабакі. Яны ж усе патопяцца. Я гэтых самых катоў ніколі ня кіну, таму што яны мяне вылечвалі. Сабакі — гэта ерунда, я з-за катоў не пайшла ў шпіталь. Сама падохну, а яны няхай жывуць. К-с, к-с, кіса, кіса».

Лідзія Жарына


Катоў у бабулі цэлы дзясятак. Сабак крыху менш, але паўдзясятка набярэцца. Самыя кусачыя засталіся ў доме й туляцца на стале, які вада яшчэ не заліла зь верхам. Сусед Міхась хацеў падняць на гарышча ўсіх сабак, ды ня здолеў — пакусалі. Цяпер ім найгорш. Гаспадыня ці той жа сусед кіне зьверху празь дзірку кавалак хлеба на стол — вось і ўся кармёжка.

Лідзія Мікалаеўна наверсе з катамі ды сабачкамі таксама не шыкуе. Сілкуецца пераважна хлебам з малаком ці якой кансэрвай. Тым жа корміць і сваіх гадаванцаў.

Жарына: «Прыносіць сусед… (сусед: „Міша!“) Ён тут жыве побач са мною — хата ў нас на дзьве паловы. Дзякуй яму! Ён у краму паедзе на лодцы й прывязе паесьці».

Міхась Варатынскі


Варатынскі: «Скажы, што й сьпімо на гарышчы разам з катамі й сабакамі».

Пра жывёлін нагадваюць і экскрэмэнты на даху прыбудоўкі: спраўляць патрэбу ў вядзёрка сабакі й каты не прызвычаеныя.

Калі-нікалі сядзельцам на гарышчы дапамагаюць празь Міхася Варатынскага суседзі — перадаюць супу ці яшчэ якога варыва.

Згатаваць нешта самім на даху прыбудоўкі, дзе стаіць лядашчы стол з слоікамі й бутэлькамі прывезенай вады, не выпадае. Электрычнасьць адключана, дый электрапліткі нямашака.

Жарынава: «Ёсьць бульба, але варыць няма на чым — я не магу варыць. Хоць бы далі якія грошы ў пазыку на прадукты, каб зьезьдзіць купіць і паесьці. Атрымала я раней без малога 2 мільёны, але туды-сюды — хлеба, малака набрала — і скончыліся грошы. Цяпер хоць бы якіх 200 тысяч рублёў, ці каб мне зь ежай дапамаглі».

Спадар Міхась кажа, што грошы скончыліся ў іх абаіх:

«У нас грошы скончыліся — у мяне, і ў яе. І во седзімо! А хто нам дасьць? Сваякоў у бабулі няма, а я таксама ня буду хадзіць пабірацца. Няхай бы далі грошай, прывезьлі якой тушонкі, малака й хлеба. І больш нічога ня трэба, каб нам дажыць да пэнсіі».

Бабуля Ліда паведаміла, што пэнсію яна атрымае 9 траўня, а ў Міхася яна — толькі 11-га. Апрача таго, у Міхася няма пашпарта — яго забраў сусед за тое, што пэнсіянэр лодкай выпадкова зрабіў драпіну на плоце з мэталічнага профілю. За шкоду сусед патрабуе мільён.

На Рачным завулку ў Гомелі