У Беларусі ёсьць аднаполыя пары, якія гадуюць дзяцей

Рэдактар беларускага сайту gayby.net Аляксандр Палуян пракамэнтаваў прыняцьце ў Францыі закону, які дазваляе аднаполыя шлюбы.
Паводле Аляксандра Палуяна, гэтая падзея сапраўды ўскалыхнула ЛГБТ-супольнасьць, але ў Беларусі ёсьць асаблівыя праблемы, больш актуальныя, чым рэгістрацыя аднаполых шлюбаў:

«Тыя ж грамадзянскія правы. Прыкладам, калі пара жыве разам, трэба, каб былі ўзаконеныя іх правы. Каб маёмасьць лічылася сумеснай, каб у шпіталь пускалі аднаполых партнэраў, каб не было гвалту і дыскрымінацыі адносна такіх людзей. Мяркую, гэта для нас больш актуальна, чым аднаполыя шлюбы. Хаця аднаполыя шлюбы таксама важныя, але вялікай неабходнасьці ў гэтым тут няма».

Паводле Аляксандра Палуяна жадаючых пабрацца шлюбам сярод аднаполых параў у Беларусі ня гэтак і шмат.

Аляксандр не бярэцца прагназаваць, ці дойдзе да Беларусі хваля легалізацыі аднаполых шлюбаў праз 10, 20 гадоў ці болей. Ён кажа, што беларускае грамадзтва не гатовае да такіх радыкальных пераменаў.

Пры дзейнай ўладзе такія зьмены ў масавых меркаваньнях людзей немагчымыя, мяркуе Аляксандр. Ён згадвае нядаўняе пасланьне Аляксандра Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу, ў якім той сказаў: «Не будзе гэтага ў бліжэйшы час, пакуль я прэзыдэнт,— гэта дакладна».

На пытаньне, ці ёсьць ў Беларусі прыклады, паводле якіх можна меркаваць пра тое, добра ці дрэнна, калі ў аднаполых параў растуць дзеці, Аляксандар Палуян адказаў:

«Ня ведаю, ці адкрыю я вам Амэрыку, але ў Беларусі ўжо ёсьць аднаполыя пары, якія жывуць разам і ў якіх ёсьць дзеці. Ёсьць адна пара (дзьве дзяўчыны), у якіх ёсьць дзіця, і ёсьць два хлопца, ў якіх засталіся дзеці ад шлюбаў. І гэтыя дзеці растуць, як усе нармальныя дзеці, ходзяць у дзіцячы садок, у школу, разьвіваюцца, як усе іншыя. І казаць пра тое, што геі масава пачнуць усынаўляць дзяцей, калі такое дазволяць, таксама не даводзіцца. Бо геі, як і іншыя людзі, глядзяць на гэта, зыходзячы з розных чыньнікаў: варта ці не, зможа ўтрымліваць або не. А кім вырасьце дзіця, якой яно будзе сэксуальнай арыентацыі, гэта ўжо не ад чалавека залежыць, а ад прыроды. І дасьледаваньні ў тых краінах, дзе ўсынаўленьне ў аднаполых сем’ях дазволена, паказваюць, што сэксуальная арыентацыя такіх дзяцей ніяк не залежыць ад сэксуальнай арыентацыі іх бацькоў».