У Менску распачынаецца фэстываль беларускамоўнай рэклямы

25 красавіка ў Менску распачынаецца чацьвёрты фэстываль беларускамоўнай рэклямы «АD. NAK».
Ягоны арганізатар — культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі», яе падтрымлівае шэраг рэклямных і інфармацыйных кампаній. Сёлета ўдзельнікамі фэстывалю ўпершыню стануць прадстаўнікі Італіі і Японіі.

Сярод мэтаў фэстывалю — ня толькі сабраць найлепшыя маркетынгавыя і рэклямныя творы, але і зьвярнуць увагу прафэсійнай супольнасьці на невідавочную аксіёму: калі ты беларусаарыентаваны, то ўжо ў трэндзе, падкрэсьліла адна з арганізатарак і кіраўнікоў кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская:

«Мы ладзім гэты фэстываль для таго, каб спрыяць разьвіцьцю рэклямна-камунікацыйнага рынку ў Беларусі. А таксама стымуляваць, заахвочваць і нагадваць, што ствараць якасны рэклямны прадукт можна і патрэбна, выкарыстоўваючы беларускую мову як паўнавартасны сродак камунікацыі».

​У праграме фэстывалю — намінацыі, конкурсы і адукацыйныя праграмы ў галінах тэле- і радыёрэклямы, друкаванай, вонкавай прадукцыі і іншых кірунках. Арганізатары паведамляюць, што за тры гады фэстывалю колькасьць заяўленых працаў вырасла ад ста да трох сотняў. Далучаюцца і беларускія бізнэс-кампаніі. Так, сёлета фундатарам конкурсу «Зрабі ZABOR» стала кампанія «Зубр-капитал». Удзельнікамі будуць таксама вядомыя стваральнікі рэклямы зь Японіі і Італіі, а ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі ўзяў прадстаўнік італьянскай амбасады Джузэпэ Боска.

прадстаўнік італьянскай амбасады Джузэпэ Боска



Плянуецца і конкурс антырэклямы пад назвай «Каша сувораўская» — першапачаткова гэта назва грачаных крупаў ад беларускіх вытворцаў. Летась антыпераможцам конкурсу сталася шакалядная скульптура вядомага помніка з Хатыні — селяніна зь целам сына на руках, кажа кіраўнік праекту Marketing.by Сяргей Скараход:

«Гэтая шакалядная скульптура стаяла на адной з маскоўскіх выставаў. Гэткім чынам беларускія вытворцы рабілі рэкляму сваёй прадукцыі. Удзельнікамі гэтай прэміі будуць людзі, якія заўважаць неадэкватнасьць такой рэклямы, яе вар’яцтва — не пабаюся гэтага слова — сфатаграфуюць і дашлюць нам такія здымкі».

У выніку фэстывалю беларускамоўны маркетынг павялічвае ўплыў і на грамадзтва, і на прафэсійную супольнасьць. Пра гэта сьведчыць выкарыстаньне беларускамоўнай рэклямы такімі буйнымі кампаніямі, як «Velcom», «Hyundai» і шмат якімі іншымі. Каб дапамагчы беларускім рэклямадаўцам пераадолець стэрэатыпы і зрабіць першы крок, рэклямная кампанія TDI Group разьмяшчае беларускамоўныя групы ў сацыяльных сетках, паведаміў творчы дырэктар кампаніі Сяргей Флазановіч:

«Ініцыятыва нашага агенцтва называецца „Спрабуй па-беларуску“: у самых буйных сацыяльных сетках мы стварылі групы, у якіх заклікаем людзей пісаць па-беларуску. Я заклікаю вас уступаць у нашы групы і пісаць па-беларуску. Я думаю таксама, што і фэстываль „АD. NAK“ будзе рухаць беларускамоўную культуру ў грамадзтва і дамагацца посьпехаў».

Арганізатары фэстывалю беларускамоўнай рэклямы «АD. NAK» паведамляюць, што прыём конкурсных прац працягнецца да 3 чэрвеня. Узнагароды пераможцы атрымаюць 27 чэрвеня.