«Кніга Бандажэўскага павінна быць ва ўсіх турэмных бібліятэках»

25 красавіка а 18-й гадзіне — прэзэнтацыя кнігі прафэсара Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе» на Ўправе БНФ (Чарнышэўскага 3а, Менск).

Нагадаць пра падзею




Павал Севярынец шостую частку свайго трыццацішасьцігадовага жыцьця правёў у зьняволеньні. І пра кнігу «Турма і здароўе» малады палітык даведаўся, адбываючы на прымусовых працах чарговы прысуд. Літаратуры, якая дапамагае зьняволеным, у Беларусі амаль няма, а выданьня, падобнага да кнігі Юрыя Бандажэўскага, ён не сустракаў, — кажа Павал Севярынец.

Павал Севярынец

«Я не сустракаў. Я бачыў пару мэтадычак „Вясны“ наконт праўнай абароны, і гэта хіба што ўсё.

А такія кнігі патрэбныя. Яны патрэбныя любому беларусу, таму што, пачынаючы ад харчаваньня і ладу жыцьця, завяршаючы элемэнтарнай нейкай інфармацыяй пра правы ў такіх умовах — гэтага ўсяго вельмі не хапае. Вядома, такая літаратура карысная. Трэба выдаваць і кніжкі, і буклеты, і брашуры. І чыталі б іх і на „хіміі“, і ў „зонах“ чыталі б. Тым болей — у „зонах“. Там чыталі б яшчэ болей».


Гразнова: «Турма і здароўе» дапамагае і тым, хто на волі


Праваабаронца Людміла Гразнова прачытала кнігу Юрыя Бандажэўскага яшчэ ў рукапісе. Доўгі час аўтар «Турмы і здароўя» ня мог знайсьці для яе выдаўцоў. Спадарыня Людміла вельмі ўсьцешылася, даведаўшыся, што такая магчымасьць у яго зьявілася і людзі змогуць скарыстацца з парадаў унікальнага даведніка па захаваньні здароўя ў нездаровых умовах. Але і незьняволеным чытачам кніга вельмі карысная, перакананая Людміла Гразнова.

Людміла Гразнова

«Калі ты ня можаш дыхаць вольным паветрам, калі ты ня можаш ужываць нармальную ежу, калі ў цябе няма магчымасьці рухацца і жыць паўнавартасным жыцьцём, то трэба неяк прыстасоўвацца, трэба сябе адбудоўваць нейкім іншым чынам. І вось тое, што прапаноўвае Бандажэўскі, — гэта той настрой, тое будаўніцтва асобы, якая апынулася ў такіх абмежаваных абставінах.

І гэта ня толькі мэдыцынскі падыход, гэта больш агульны падыход, духоўны таксама, які дапамог у турме самому Бандажэўскаму, такому вялікаму спэцыялісту, вельмі адукаванаму чалавеку. І ён, гэты падыход, гэты погляд на жыцьцё ў абмежаваных абставінах і карысны цяпер для людзей, якія тым ці іншым чынам апынуліся ў турме. Таму, вядома, Бандажэўскі зрабіў добрую працу, яна карысная, яна дапамагае людзям. І ня толькі людзям, якія апынуліся ў турме.

Яна дапамагае і людзям, якія жывуць на волі, таму што мы самі часта засоўваем сябе ў кут, у турму ў сваёй кватэры. Калі мы сядзім перад тэлевізарам, нікуды не выходзім, нічога ня робім, ня рухаемся, не адбудоўваем сябе, не глядзім на сьвет шырока расплюшчанымі вачыма і не ўліваемся ў гэты сьвет, а замыкаемся і сядзім, як мышкі. Таму гэтая кніга карысная і для ўсіх астатніх нас, беларусаў, сёньня».

Валянціна Аліневіч: Урыўкі з кнігі за кратамі чытаюць зь вялікай увагай


Першыя публікацыі на нашым сайце разьдзелаў кнігі Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе» адразу ж прыцягнулі ўвагу тых, чые родныя і блізкія апынуліся за кратамі.

Распавядае маці палітвязьня Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч: «Я кожны раз чакала, калі выйдзе новы ўрывак з гэтай кнігі, раздрукоўвала яго, пасылала ўсім нашым вязьням — і палітычным, і непалітычным — усім, каго хацела неяк падтрымаць. І хоць асабіста Юрыя Бандажэўскага я ня ведаю, але я вельмі ўдзячная яму, што ён робіць. Ён не застаўся абыякавы да нашых праблемаў і да праблемаў наогул усёй Беларусі.

Мы ўжо разумеем, як шмат невінаватых людзей сядзіць у турмах, і што такое можа здарыцца абсалютна з кожным у нашай краіне, на жаль. Не магу сказаць, што трэба быць да гэтага гатовым, але гэтая кніга паказвае, што адзін чалавек вельмі шмат можа зрабіць у падтрымцы іншых. Перавярнуць сьвет — ня ведаю, але можа праявіць рэальную салідарнасьць сваімі ведамі, сваім прыкладам у той, абсалютна непрадбачанай сытуацыі.

Юры Бандажэўскі мала таго, што прайшоў такі шлях абсалютна неверагодных выпрабаваньняў, пры гэтым ён застаўся чалавекам і да гэтага чаму хвалюецца пра іншых людзей, скарыстоўваючы свае каштоўныя веды і досьвед.

Ігар мне пісаў пасьля таго, як атрымліваў ад мяне ўрыўкі з кнігі, што людзі там з вялікай увагай і цікавасьцю чытаюць дасланыя раздрукоўкі і карыстаюцца парадамі. І таму я думаю, што гэтая кніга — проста як зорка на нашым небасхіле. Такімі людзьмі, як Юры Бандажэўскі, наша краіна можа ганарыцца. На жаль, яму не знайшлося месца ў ёй, але месца ў нашых сэрцах яму заўсёды было і ёсьць».

«Кніга Бандажэўскага павінна быць ва ўсіх турэмных бібліятэках»


Намесьніца старшыні Маладога Фронту Наста Дашкевіч (Палажанка) добра ведае, як няпроста за кратамі змусіць сябе думаць пра здароўе. Сама пасьля Плошчы-2010 прайшоўшы праз турму КДБ, яна цяпер хвалюецца за жыцьцё свайго мужа палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, які за кратамі ўжо трэці год. Наста пашле Зьмітру кнігу Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе», але яна ня пэўная, што новае выданьне Бібліятэкі Свабоды дойдзе да ўсіх зьняволеных.

Наста Дашкевіч

«Калі няма ніякіх пэрсанальных „указілавак“ адносна чалавека, то, безумоўна, такая кніга можа трапіць да яго за краты — і да палітычнага вязьня, і да проста зьняволенага. Але калі ўжо ёсьць нейкія спэцыяльныя ўказаньні адносна пэўнай пэрсоны, тады гэта ўжо іншая гісторыя.

Але, вядома, такія кнігі вельмі важныя для чалавека ў няволі. Бо яго здароўе — гэта акурат тое, што мы ніякім чынам ня можам кантраляваць, знаходзячыся па гэты бок турмы. Мы можам хоць трошкі кантраляваць пытаньні стаўленьня да яго там, мы можам нейкім чынам паўплываць на ягоны настрой, можам дапамагаць яму маральна і спрыяць ягонай веры ў хуткае вызваленьне, але вось ягонае здароўе — гэта тое, што застаецца па-за межамі нашай дасяжнасьці, бо мы ня можам штодня бачыць чалавека, ня можам штодня рэагаваць на тое, як ён сябе пачувае. І таму, безумоўна, такія прафэсійныя парады карысныя зьняволеным, асабліва тады, калі яны могуць ужо самастойна нешта прадпрымаць у камэрах, рабіць нейкія практыкаваньні, каб захаваць сваё здароўе.

Апынуўшыся ў той турэмнай сыстэме, чалавек рана ці позна разумее, што збольшага ад яго самога і яшчэ Госпада Бога залежыць тое, як ён выйдзе на волю, у якім стане, зь якім здароўем. Таму, безумоўна, такія спэцыяльныя парады прафэсіянала будуць яму карысныя».



Тацяна Равяка: «Такая кніжка дазволіла б дапамагчы людзям захаваць сваё здароўе ў самых экстрэмальных умовах»


Тацяна Равяка

Выбраныя разьдзелы кнігі «Турма і здароўе», якія зьяўляліся на сайце Радыё Свабода яшчэ да яе выхаду з друку, праваабаронца Тацяна Равяка пасылала свайму зьняволенаму калегу Алесю Бяляцкаму. Яна спадзяецца, што парады спэцыяліста па выжываньні ў экстрэмальных турэмных умовах дапамогуць кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» выйсьці на волю зь мінімальнымі стратамі здароўя, і перакананая, што кніга Юрыя Бандажэўскага павінна быць ва ўсіх турэмных бібліятэках краіны.

«Спадар Бандажэўскі як займаўся тымі дасьледаваньнямі, якія прывялі яго да арышту, так працягваў іх і падчас арышту, наколькі гэта было магчыма, і вызваліўшыся, ён іх не спыніў. Больш за тое, імкнецца дапамагчы людзям, якія застаюцца і жывуць у чарнобыльскай зоне. Фактычна, пытаньні здароўя і ўплыву на яго чарнобыльскай катастрофы сталі падставовай прычынай для арышту і зьняволеньня прафэсара. І плюс яшчэ вось гэты асаблівы, такі незвычайны сэгмэнт яго дзейнасьці — здароўе і жыцьцё чалавека за кратамі.

Я зь вялікай удзячнасьцю паставілася да гэтага кроку Юрыя Іванавіча і думаю, што — ня дай, Бог, вядома, каб гэта ўсё ў нас працягвалася — кніга яго дапаможа ня толькі палітвязьням. Яна можа дапамагчы ўсім вязьням, якія знаходзяцца ў такой сытуацыі. І, вядома, было б вельмі добра, каб у турэмныя бібліятэкі гэтая кніжка трапіла.

Ёсьць сьпісы турмаў, калёніяў, і было б вельмі добра, каб зьняволеныя — палітычныя, непалітычныя, эканамічныя, усе зьняволеныя — мелі магчымасьць захаваць сваё здароўе. Таму што, у прынцыпе, усе асуджаныя да пазбаўленьня волі, да абмежаваньня волі, але ні ў кога ў прысудзе няма, што чалавек асуджаны да таго, каб за гэты час ён страціў здароўе. На жаль, захаваньня здароўя ўмовы, у якіх яны знаходзяцца, не забясьпечваюць. Таму такая кніжка дазволіла б выправіць вось гэты вялікі недахоп пэнітэнцыярнай сыстэмы і дапамагчы людзям захаваць сваё здароўе ў самых экстрэмальных умовах».


Някляеў: Лепш бы досьведам Бандажэўскага ніколі не скарыстацца


Кніга доктара мэдыцыны прафэсара Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе» можа ў сучаснай Беларусі стаць карысным падручнікам па выжываньні для вельмі многіх грамадзянаў, кінутых за краты, бо аўтар-лекар на сабе выпрабаваў парады аўтару-вязьню.
Гэткія першыя чытацкія ўражаньні ад новага выданьня кніжнай сэрыі «Бібліятэкі Свабоды» былога палітвязьня, былога кандыдата на прэзыдэнта краіны, паэта і празаіка Ўладзімера Някляева:

«Любы досьвед для любога чалавека ў большай ці меншай ступені мае значэньне. Няхай гэта досьвед дадатны, няхай гэта досьвед адмоўны. У сытуацыі ж, калі ў нашай краіне пэрспэктыва патрапіць за краты пагражае не адзінкам і нават не дзясяткам, а сотням, — досьвед Бандажэўскага, чалавека, які ведае ўсё пра тое, што робіцца ня толькі ў турме, але і ўнутры нас, калі мы знаходзімся за кратамі ў вязьніцы, вельмі карысны. Канечне, лепш было б ніколі ім не скарыстацца, але лепш нешта ведаць, чым ня ведаць».

Уступнае слова заснавальніка сэрыі «Бібліятэка Свабоды» Аляксандра Лукашука





Пра што гэтая кніга


Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў дапаможнік, адрасаваны вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі. Праца над кнігай пачалася яшчэ ў турме. Прафэсар Бандажэўскі расказвае, як сам змагаўся з набытымі ў няволі хваробамі, пра найбольш распаўсюджаныя захворваньні вязьняў і пра самалячэньне, пра турэмную «народную мэдыцыну» і фізычную загартоўку за кратамі, пра ролю, якую ў падтрымцы энэргетычнага мэтабалізму адыгрывае прыход да веры, штодзённая актыўная разумовая дзейнасьць і маральная дапамога вязьню звонку. Як навуковец-радыёляг аўтар спыняецца на ўплыве чарнобыльскага фактару на здароўе зьняволеных.

Калі вы хочаце атрымаць кнігу, пішыце на электронную пошту rferl.minsk@gmail.com з пазнакай «Турма і здароўе».

Вы таксама можаце даслаць замову на адрас: 22005, Менск-5, паштовая скрынка 111.

Раней разьдзелы кнігі публікаваліся на сайце Свабоды.

Бібліятэку Свабоды складаюць выбраныя перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.

Аўтар стала жыве ва Ўкраіне і ня зможа прысутнічаць на прэзэнтацыі. За некалькі дзён да яе ён зьвярнуўся да чытачоў.

Your browser doesn’t support HTML5

Відэазварот Юрыя Бандажэўскага


Даведка Свабоды: Юры Бандажэўскі


Нарадзіўся ў 1957 годзе на Гарадзеншчыне. Выпускнік Гарадзенскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту. У 26 гадоў абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 31 — доктарскую, у 33 атрымаў навуковае званьне прафэсара. Навуковая спэцыяльнасьць — паталягічная анатомія і паталягічная фізіялёгія. Навуковыя інтарэсы — радыяцыйная біялёгія і мэдыцына, генэтыка і імуналёгія.

1990–1999 — заснавальнік і першы рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту (пазьней унівэрсытэту). За гэты час падрыхтаваў больш за 1000 лекараў, якія працуюць на Гомельшчыне і Магілёўшчыне. Заснаваў катэдру паталёгіі, асьпіранты і дактаранты абаранілі 18 дысэртацыяў па праблеме радыяцыйнай паталёгіі чалавека. Стварыў пры інстытуце навукова-дасьледчы Цэнтар радыяцыйнай паталёгіі, які займаўся вывучэньнем уплыву радыяцыйнага выпраменьваньня на здароўе людзей.

Аўтар больш як 280 навуковых работ, у тым ліку 18 манаграфіяў, 2 даведнікаў, 7 вынаходак і патэнтаў. Навуковы кіраўнік 30 кандыдацкіх ды доктарскіх дысэртацыяў.

Арыштаваны ў ліпені 1999 году. У 2001 ваенная калегія Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь прызнала Бандажэўскага вінаватым у атрыманьні хабару і асудзіла на 8 гадоў няволі. «Міжнародная амністыя» назвала Бандажэўскага вязьнем сумленьня, лічачы, што яго пасадзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС. У тым самым 2001-м стаў 25-м чалавекам у сьвеце, які атрымаў Пашпарт свабоды Эўразьвязу. Ганаровы грамадзянін 17 францускіх гарадоў, у тым ліку Парыжу. Ганаровы доктар Марсэльскага ўнівэрсытэту.

Быў вызвалены ў 2005-м. Ад 2006 году жыў і працаваў спачатку ў Францыі і Літве, пазьней (ад 2009) ва Ўкраіне, дзе арганізаваў, а потым узначаліў міжнародны каардынацыйны аналітычны цэнтар «Экалёгія і здароўе», у склад якога ўваходзяць вядомыя навукоўцы і грамадзкія дзеячы, сябры Эўрапарлямэнту і парлямэнту Ўкраіны. Таксама Бандажэўскі — лідэр міжнароднай арганізацыі дапамогі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ахвярам ядзернага ўзьдзеяньня.

Жанаты, мае дзьвюх дачок.