Паўла Вінаградава асудзілі на 12 сутак

Павал Вінаградаў

Актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава асудзілі на 12 сутак адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаваны пікет».

23 красавіка ў Цэнтральным судзе Менску адбыўся працэс над актывістам, былым палітвязьнем Паўлам Вінаградавым, якога міліцыя затрымала напярэдадні паводле падазрэньня ў арганізацыі акцыі салідарнасьці зь Мікалаем Статкевічам. 21 красавіка над уваходам у мэтро «Няміга» быў вывешаны партрэт Мікалая Статкевіча і бел-чырвона-белы сьцяг. На наступны дзень стала вядома пра затрыманьне Паўла Вінаградава.

Сёньня судзьдзя Вікторыя Шабуня разглядзела ягоную адміністрацыйную справу.

Сьвятлана Вінаградава: «Працэс праходзіў вельмі хутка. Паўла асудзілі за незаконнае пікетаваньне. Ён прызнаў, што вывесіў партрэт Статкевіча і бел-чырвона-белы сьцяг, але не прызнаў, што ў ягоных дзеяньнях быў склад адміністрацыйнага парушэньня. Сьведак не было, паказалі відэазапіс і фатаздымкі, якія былі выкладзеныя ў інтэрнэт. Гэта і стала доказамі. Судзьдзя зь імі пагадзілася.

Судзьдзя не дапусьціла на працэс журналістаў і публіку, нічога не патлумачыўшы».

Your browser doesn’t support HTML5

Паўла Вінаградава пасадзілі на 12 сутак


Якой была мэта акцыі Паўла Вінаградава?

Сьвятлана Вінаградава: «Павал імкнуўся выказаць салідарнасьць зь Мікалаем Статкевічам, адзіным кандыдатам на прэзыдэнта падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, якога працягваюць трымаць за кратамі ў турме. На Статкевіча працягваюць аказваць жорсткі прэсінг, нядаўна супроць яго адбыліся новыя правакацыі. Павал вырашыў яго падтрымаць — і падтрымаў. Ён добра ведаў, што яго затрымаюць і асудзяць на „суткі“, і нават падрыхтаваў торбу для арышту».

Акцыя «Свабоду Статкевічу», за правядзеньне якой пакаралі Вінаградава


Паводле Сьвятланы Вінаградавай, яе муж за мінулы год адбыў больш за 60 дзён пад арыштам за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях салідарнасьці і пратэсту. Сёлета гэта другое па ліку затрыманьне.

У 2011 годзе Павал Вінаградаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. Адбываў пакараньне ў івацэвіцкай калёніі, восеньню таго ж году быў памілаваны. З 2012 году Павал Вінаградаў паводле суду знаходзіцца пад прафіляктычным наглядам міліцыі.