Статкевіч на Нямізе

Вялікая выява зьняволенага экс-кандыдата на прэзыдэнцтва Мікалая Статкевіча і бел-чырвона-белы сьцяг былі вывешаныя ля ўваходу на станцыю мэтро «Няміга» ў Менску.
Акцыю з патрабаваньнем вызваліць палітвязьня ў нядзелю правялі актывісты арганізацыі «Zмена» — моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!». Побач з банерам і сьцягам яны паставілі калёнку, зь якой даносілася песьня «Ляписа Трубецкого» «Belarus Freedom».

Актывіст «Zмены» Павал Вінаградаў распавёў «Белсату», што мінакі фатаграфавалі ўваход у мэтро з партрэтам Статкевіча і бел-чырвона-белым сьцягам. Ён усьведамляе, што акцыя будзе мець наступствы: «Я думаю, у панядзелак па мяне прыедзе міліцыя. Ну, што рабіць... Я гатовы!»

Напярэдадні Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, паведаміла, што паводле яе зьвестак супроць мужа ў магілёўскай турме зноў пачаліся правакацыі.

http://www.youtube.com/embed/9M6NO7ISm2c