Праваабаронцы: Беларусі патрэбны свой «сьпіс Магніцкага»

«Мы не забудзем!» — кампанію пад такой назвай пачалі маладзёвыя актывісты партыі БХД. 16 красавіка ў офісе БНФ прайшла вечарына памяці зьніклага амаль 14 гадоў таму былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

Празь месяц у межах кампаніі «Мы не забудзем!» адбудзецца вечарына памяці журналіста Зьмітра Завадзкага, потым — іншых зьніклых і тых, хто стаў ахвярай палітычных рэпрэсій ў Беларусі.

16-ты дзень месяца абраны як напамін пра штомесячныя акцыі салідарнасьці, якія былі вельмі папулярныя ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, але потым сьцішыліся пад ціскам уладаў.

Адна з арганізатараў кампаніі Марына Хоміч назвала асноўную прычыну пачатку кампаніі памяці:

Марына Хоміч, сябра камітэту ў справе стварэньня грамадзкага аб’яднаньня Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў, моладзевага крыла БХД, вядоўца вечарыны


«Паводле беларускага закону, праз год скончыцца тэрмін даўніны злачынства адносна Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. Яшчэ праз год і справу Зьмітра Завадзкага закрыюць і здадуць у архіў. У грамадзтва амаль не засталося часу, каб дамагчыся ад уладаў актыўнага расьсьледаваньня спраў і адказу на пытаньне, што стала з гэтымі людзьмі. Таму мы пачынаем агульнанацыянальную кампанію памяці зьніклых».

Алег Воўчак, прадстаўнік сям’і Захаранкаў у Беларусі, праваабаронца, былы супрацоўнік пракуратуры


Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак на вечарыне апавёў пра барацьбу за тое, каб справа Юрыя Захаранкі была перакваліфікаваная і мела законныя падставы для падаўжэньня. Пакуль улады на такія прапановы не адказваюць, але праваабаронцы й апазыцыйныя палітыкі не спыняюць намаганьняў. Алег Воўчак нагадаў пра досьвед Аргентыны, дзе зараз каля 80 былых службоўцаў і сьледчых прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за тое, што ў часы вайсковай дыктатуры нічога не зрабілі ў расьсьледаваньні спраў зьніклых апазыцыянэраў. Алег Воўчак мяркуе, што ў Беларусі мусіць зьявіцца сьпіс нядобрасумленных сьледчых у справах зьніклых, кшталту расейскага «сьпісу Магніцкага».

Удзельнікі вечарыны паставілі свае подпісы пад пэтыцыяй на адрас Генэральнай пракуратуры, якую склаў знаны праваабаронца Гары Паганяйла.

Анатоль Астапенка, сябар Захаранкі, стваральнік Беларускай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (1990—1994)

Вольга Завадзкая, маці зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД