Атрад імя А. Дзюпэна

20 красавіка 1841 году ў часопісе «Graham´s magazin», што выходзіў у Філядэльфіі, было ўпершыню апублікаванае апавяданьне Эдгара По «Забойства на вуліцы Морг». Першы ў сьвеце тэкст, які можна назваць сапраўдным дэтэктывам — але лепш не называць, бо ўсёй праўды гэтае простае, як ляск наручнікаў, слова так ці інакш ня скажа. Марыніна вось таксама дэтэктыўны аўтар, але пры ўсёй павазе ставіць яе побач з По — тое самае што параўноўваць Чыкацілу з Ганібалам Лектарам. «Забойства» і цяпер чытаецца на адным дыханьні — можна сабе ўявіць, як хвалявала яно тады: таямнічы Парыж (дзе бываў зусім ня кожны амэрыканскі чытач), ноч, два жаночыя трупы, загадка і яе тлумачэньне — настолькі ж нечаканае і эфэктнае, наколькі і лягічнае...

По працаваў тады рэдактарам у тым самым часопісе — і гэта быў адносна спакойны пэрыяд яго жыцьця. Яшчэ не захварэла на сухоты Вірджынія, хаця ў саміх рысах яе твару хваравітая фантазія По ўжо з жахам шукала прадвесьце будучай бяды^; яшчэ не памутнеў яго магутны розум. У гэты час ён як ніколі нагадваў свайго героя: Агюста Дзюпэна, таго, хто здолеў разьвязаць справу пра здарэньне на вуліцы Морг фактычна за адзін дзень. І хто зрабіўся літаратурным дзядулем цэлай чарады цудоўных асобаў: тут і айцец Браўн, і Пуаро, і міс Марпл, і Глеб Жаглоў, і «Знатакі-Калабкі», і Аніскін і нават інспэктар Жув — але самым вядомым зь іх ёсьць, безумоўна, містэр Шэрлак Голмс. Хаця сам знакаміты сышчык адгукаўся пра Дзюпэна ня надта прыхільна:

«...Паслухаць вас, дык гэта вельмі проста, — усьміхнуўся я. — Вы нагадваеце мне Агюста Дзюпэна ў Эдгара Алана По. Я думаў, такія людзі існуюць адно ў раманах.

Шэрлак Голмс устаў і запаліў люльку.

Вы, напэўна, лічыце, што, параўноўваючы мяне зь Дзюпэнам, робіце мне камплімэнт, — сказаў ён. — А на мой погляд, гэты ваш Дзюпэн — недалёкі хлопец. Гэты прыём — зьбіваць з думак свайго суразмоўцу пасьля пятнаццаціхвіліннага маўчаньня, паверце, вельмі танны паказны трук. Ён, безумоўна, меў пэўныя аналітычныя здольнасьці, але яго зусім нельга назваць фэномэнам, якім, відаць, лічыў яго По».


Пры гэтым і сам Голмс, і Ўотсан, і нават лёнданская паліцыя ў асобе Лэйстрэда (як і парыская ў «Забойстве» — «занадта хітрая, каб убачыць сутнасьць») абавязаныя сваім існаваньнем перадусім магіі вуліцы Морг. Ну, і самому магу, таму, хто дазваляў сабе толькі адну раскошу — кнігі, і больш за ўсё на сьвеце любіў ноч, паэзію і адзіноту. Як бы яго ні звалі: Дзюпэнам, По або проста чорнай птушкай.