Армагедон па-тэхаску

Была такая кніжка ў савецкі час — «Вецер рве павуціньне». Абсалютны бэстсэлер. Аўтар — Міхаіл Герчык. Пра тое, як ідэйна выхаванае грамадзтва ратуе дзяцей ад сэктантаў, што ачмураюць неакрэплыя душы, карыстаючыся нездаровым кліматам у сям’і і хібамі выхаваўчай камсамольскай работы на месцах. Перавыдаць бы яе па-беларуску. Ды на ангельскую перакласьці. Там зразумеюць. Асабліва ў Амэрыцы — дзе камсамольскай работы няма зусім, а неакрэплых душаў пры гэтым хапае зь лішкам, і таму сэкты растуць, як галюцынагенныя грыбы.

Вось і 19 красавіка 1993 году каля гораду Ўэйка, штат Тэхас, вецер мясцовага правасудзьдзя ў выглядзе спэцатраду ФБР колькасьцю сямсот штыкоў, а таксама танкаў і гелікоптэраў, разарваў адно вельмі моцнае сэктанцкае павуціньне, якое ўжо даўно муляла вочы грамадзтву. Пасьля пяцідзесяці дзён аблогі была ўзятая штурмам сядзіба «Маўнт Кармэл», дзе заселі адэпты рэлігійнай сэкты «Галіна Давіда». Падчас апэрацыі ў сядзібе пачаўся пажар: ці то самі сэктанты падпалілі свае пабудовы, каб ворагу не дасталіся, ці то перастараліся тыя, хто браў удзел у апэрацыі — так і засталося невядома.

Загінула каля 90 адэптаў новага культу, у тым ліку малыя дзеці. А зь імі — і той, каму ахвяры верылі так безаглядна, як вераць толькі фюрэру або богу, той, хто прывёў сотню чалавек да такога жудаснага канца. Вэрнан Гоўэл, ён жа Дэйвід Корэш — гуру, збаўца, прарок, муж усіх жыхароў «Маўнт Кармэл» жаночага полу, а таксама іх духоўны бацька, дзядзька, сват, брат, правадыр, агнец Божы і хросны айцец. Яго рэлігія дазваляла яму спаць зь дзесяцігадовымі, дурыць галовы дарослым, гандляваць зброяй і бесьсьмяротнасьцю, уваскрашаць мёртвых, маніпуляваць прастакамі і зусім не замінала, прыбіраючы канкурэнтаў у нялёгкай мэсіянскай справе, зьвяртацца ў дзяржаўны суд штату Тэхас і іншыя адпаведныя зямныя інстанцыі.

Чаму ж так сувора: танкі, гелікоптэры, сямсот узброеных агентаў супраць сотні няшчасных цывільных вернікаў з махляром на чале? Задоўга да 19 красавіка, яшчэ ў лютым, ФБР паспрабавала прарвацца ў сядзібу з выкарыстаньнем больш элегантных мэтадаў. У «Маўнт Кармэл» быў засланы свой Шарапаў, было арганізавана спэцназіраньне і ў рэшце рэшт быў праведзены штурм сіламі некалькіх агентаў, якія меліся захапіць сядзібу зь мінімальнымі стратамі для яе ачмуранага насельніцтва. Але ачмуранае насельніцтва хутка разгадала няхітры плян: у выніку перастрэлкі двое агентаў былі забітыя. Давідыяне прадэманстравалі, што маюць порах у парахаўніцах і жывымі не здадуцца. Пагатоў яны верылі ня толькі ў другое прышэсьце Хрыста, але і ў Армагедон — і агенты ФБР ідэальна падыходзілі на ролю сілаў зла, што выйшлі, выпіўшы кавы і сунуўшы ў кішэні свае прыгожыя значкі, на апошні бой супраць Хрыстова воінства. Так сядзіба трапіла ў доўгую аблогу, якая завяршылася 19 красавіка канцом «Маўнт Кармэл», містэра Корэша і ягоных падманутых акцыянэраў.

Зрэшты, гэта не спыняе новых карашоў сьвятога Духа і братаноў Айца і Сына, што ў Амэрыцы, што ў іншых частках сьвету. Людзі ў масе сваёй працягваюць заставацца легкавернымі тугадумамі. Год за годам уваскрашаюць мёртвых на выбарах, апытаньнях і мітынгах і дзівяцца пры гэтым: чаму пацыент не варушыцца? Кепска молімся? Нават такая звычайная рэч, як партыйная дысцыпліна, можа прымусіць людзей паверыць ня толькі ў тое, што другое прышэсьце пачалося, але і ў сілу круглых сталоў пры перамовах з палітычнымі крымінальнікамі. Круглыя сталы наогул здаўна лічыліся добрым сродкам выклікаць духаў — дзіўна, што і цяпер імі карыстаюцца, хаця, здавалася б, стагодзьдзе ўжо ня тое. За адмену санкцый супраць злачынцаў выступаюць тыя, дзякуючы каму іх, тыя санкцыі, увялі. Канца сьвету на Зямлі чакалі сотні мільёнаў адукаваных грамадзянаў. Кожны трэці расеец пазытыўна ацэньвае Сталіна. Кожны пяты жыхар плянэты лічыць, што іншаплянэтнікі жывуць сярод нас. Адным словам, вар’ятня. У што застаецца верыць?

Напэўна, толькі ў вецер.