Свабода ў кубе

Куба, любоў мая,
Востраў зары барвовай...

Гэтак сьпяваў Іосіф Кабзон, а за ім і ўвесь шматгалосы савецкі народ, адпаведна акцэнту, службоваму становішчу і вакальным дадзеным. Рамантыка часам моцна засьціць вочы. У гэтай рамантычнай цемры адрозьніць рэвалюцыянэра ад нягодніка гэтаксама цяжка, як героя-палюбоўніка ад Героя Сацыялістычнай Працы. А асабліва цяжка робіцца, калі высьвятляецца, што рэвалюцыянэрамі, палюбоўнікамі і героямі ў гэтым цёмным пакоі ёсьць усе прысутныя без выключэньня.

Уначы 17 красавіка 1961 году марскі дэсант, складзены з кубінскіх эмігрантаў, высадзіўся ў сябе на радзіме ў затоцы Качынас, каб паспрабаваць скінуць рэжым Фідэля.

Каля дзьвюх тысяч чалавек, пераважна студэнты і былыя вайскоўцы Батысты, узброеныя ў Амэрыцы, прынялі бой з арміяй Кастра ў раёне Плая-Хірон — і гэта была толькі частка пляну ўварваньня, хаця і адна з найважнейшых. Спачатку ім удалося замацавацца на ўзьбярэжжы, але потым урадавыя войскі, зброя ў якіх была пераважна савецкай вытворчасьці, на працягу трох дзён толькі й рабілі, што грамілі няпрошаных гасьцей. Уварваньне скончылася правалам, грамадзянская вайна на Кубе згасла, як сьлед не разгарэўшыся. Згубіўшы каля паўтараста чалавек забітымі і 1300 чалавек палоннымі, эмігранты адступілі і эвакуаваліся назад у ЗША.

Можна ўявіць сабе гэты дэсант — як яны высаджваюцца ўначы на родны бераг, і кожны ведае, што, напэўна, ідзе на верную сьмерць. І кожны не сумняваецца, што ідзе на яе за свабоду. Савецкія байкі пра наймітаў даўно сьпісаныя ва ўтыль: каля Плая-Хірон кубінцы ваявалі з кубінцамі, і ваявалі за ідэю. За сваё бачаньне Кубы, волю якой яны ўяўлялі па-рознаму. Гэтаксама пяць гадоў перад тым за некалькі соцень кілямэтраў на ўсход ад Плая-Хірон і затокі Качынас высаджваліся з купленай у амэрыканцаў яхты самі барбудас. Праўда, яхта была старая і мела цечу, ніякія войскі і ўрады іх не падтрымлівалі і ў паветры не кружлялі савецкія самалёты, а ля берага ня плавалі савецкія эсьмінцы — але факт: іхнае ўварваньне было ня меншым нахабствам і ня менш антыўрадавай акцыяй, чым гэтая інвазія 1961-га. Цяпер жа бакі памяняліся месцамі.

І ўсё ж тым, хто высадзіўся на Плая-Хірон, чагосьці не хапала. Таго, без чаго яны былі асуджаныя на паразу.

Харызмы.

«Мне ня трэба ўлады, — усьміхаючыся, казаў Кастра пасьля перамогі сваёй рэвалюцыі. — Паеду ў вёску і буду працаваць там адвакатам». Неўзабаве ён закрые апазыцыйныя газэты, ліквідуе незалежныя прафсаюзы, кіне ў турму іншадумцаў і навадніць краіну агентамі свайго «чырвонага гестапа» — DSE. Расстрэлы зробяцца звычайнай справай. А самым любімым спосабам падымаць кубінскую эканоміку зробіцца выкарыстаньне працы зьняволеных, якіх у краіне стане значна больш, чым турыстаў...

Ад барвовай зары на высьпе Свабоды яе жыхары ўцякалі, як ад чумы, яшчэ да падзеяў на Плая-Хірон. Пасьля 1961-га ўцёкі зрабіліся масавымі. Кубінскія бальсэрас, людзі, якія на сваіх плытах, бальсас, плывуць у Флорыду і на Гуантанама, ужо нікога не зьдзіўлялі. Палымяныя рэвалюцыянэры, якія дарваліся да ўлады, каб вызваліць няшчасных працоўных ад крывавага Батысты, закідвалі зь верталётаў тыя крохкія плыты мяхамі зь пяском. У 1994-м, за адзін год, так загіне сем тысяч чалавек. Людзі пусьціліся наўцёкі: ад бяспраўя, прымусовай працы, канцлягераў, жабрацтва і пошласьці дыктатуры. У васьмідзясятых у Гаване каля пасольства Пэру сто дваццаць пяць тысяч кубінцаў будуць патрабаваць ад уладаў даць ім выязныя візы. І хто — самыя бедныя, простыя секары трысьнягу, самы рэвалюцыйны, здавалася б, элемэнт... Эх, Куба, любоў мая... Не ацанілі яны той перамогі. Ненадоўга хапіла харызмы.