Нядаўна Бабруйскі міжгарнізонны вайсковы суд асудзіў былога міліцыянта ды дзейнага дэпутата Чырванабудзкага сельсавету Рамана Бясьпятага на 30 базавых велічынь, то бок 4,5 млн — за крадзеж 32 мяхоў аўса. У СВК «Бель» на Крычаўшчыне, дзе Бясьпяты працаваў начным вартаўніком на зернетаку, ён перадаваў нібы «зьверху» ўказаньні працоўным напаўняць мяхі збожжам пшаніцы, трыцікале і аўса. Пасьля чаго вывозіў іх у невядомым кірунку. Суд адбыўся, а пытаньні засталіся. Хаця б таму, што першапачаткова на сьледзтве ў суме крадзяжу фігуравалі аж 20 тон. І не аўса, а пшаніцы.
…На чыгуначнай станцыі Бель мы сустрэліся з праваабаронцам Мікалаем Петрушэнкам, які ўжо пэўны час ад грамадзянскай кампаніі «Наш дом» дасьледаваў справу Рамана Бясьпятага. Вырашаем разысьціся — ён завяршае досьлед у мясцовых «вярхах», я вандрую па вёсцы. Мае сустрэчы і размовы праясьняюць карціну мясцовага жыцьця.
Пра тутэйшы аграгарадок, адзін зь першых у краіне, я ўжо ведаў з гутаркі з эканамічным аглядальнікам незалежнай газэты «Вольны горад» спадаром Мікалаем Гердзіем. Ён доўгі час працаваў намесьнікам старшыні Крычаўскага райвыканкаму. Так што ўсё адбывалася ў яго на вачах.
Гердзій: «У 2005 годзе прэзыдэнтам быў прыняты ўказ па разьвіцьці 60 базавых гаспадарак, якія цягам двух гадоў павінны былі выйсьці на эўрапейскія паказчыкі па мясу, малаку, ураджайнасьці асноўных сельскагаспадарчых культур. У Крычаўскім раёне вызначылі „Бель“. Былы старшыня калгасу, былы дэпутат Сапранецкі, калі быў у парлямэнце, сядзеў побач з Лукашэнкам. Мікалай Кірылавіч любіў хваліцца — ільнозавод будаваў, коней разводзіў, зьверафэрму рабіў, летакі скупіў, зрабіўшы авіяатрад. Але нічога да канца не давёў. Чаму імкнуўся ў лік базавых гаспадарак? Ім даваліся ільготы. Калі ў шараговых гаспадарак малако закуплялася па 600 рублёў за літар, у гэтых — 900 і больш. І даваліся вялікія крэдыты для закупу тэхнікі, у тым ліку замежнай. Папрацавалі год-паўтара, а паказчыкаў няма. Бо трэба арганізоўваць вытворчасьць, а Сапранецкі мог месяцамі не зьяўляцца на фэрме. У 2008–9 гадах гаспадарку і яго судзілі за масавыя прыпіскі. Лукашэнка яго вызваліў ад адказнасьці…»
Ля вясковай крамы пытаюся ў сіваватага мужыка, што ідзе з фэрмы непадалёк:
Карэспандэнт: «У аграгарадку заробкі большыя сталі?»
Спадар: «Ды не, такія і ёсьць…»
Завітаў у хату старажыла — 69-гадовага электрыка спадара Міхася Раманенкі. Ягоны домік — «старых крывей»: калгасны, а не прэзыдэнцкі. Але ў цяперашняй сытуацыі гаспадар абазнаны.
Раманенка: «У нас цэнтральнае ацяпленьне калгасных домікаў, водаправод ёсьць — пабудаваныя год 25 таму яшчэ пры савецкай уладзе. Яны каштавалі па 14 тысяч, мы паступова выплачвалі па 50% за іх. 25 год трэба было. За дом я нічога не плачу — толькі за камуналку. Ён ужо мой. У сьнежні толькі сышоў з электрыкаў…»
Карэспандэнт: «Ну і колькі яны вам клалі?»
Раманенка: «Ой! (Сьмяецца.) Мільён 300 з выслугай. А на працу з раніцы пойдзеш і ў нядзелю…»
Карэспандэнт: «А моладзь застаецца цяпер жыць?»
Раманенка: «Не, моладзі мала. Ну што за заробак такі — на ўборцы троху палучаць, а цяпер, зімой…»
Карэспандэнт: «Быў усплёск пры Супранецкім, калі мільярды далі, калі летакі зьявіліся?»
Раманенка: «Яны ёсьць — лятаюць, угнаеньні распыляюць. Быў пад’ём — давалі нам тэхнікі, машыны розныя, трактары. Дамы во двухпавярховыя калгас будаваў. Малады з войска прыдзець — ён трактар, машыну даваў. А зараз куды прыдзець? А ў нас жа за 6 км „Крычаўцэмэнташыфэр“ — самае вялікае прадпрыемства Крычава і нармальныя заробкі. А сюды прыдзець — дадуць яму ламаччыну з-пад плота. А тады і школу пабудавалі. Цяпер прыядналі адзін калгас — мо для таго, што прэзыдэнт гаварыў, каб 10 000 га было ў адной гаспадарцы? Ня толькі мая думка — цяперашні прадсядацель для такой гаспадаркі не гадзіцца. Галоўнага заатэхніка, галоўнага інжынэра і галоўнага агранома няма — ці ня хочуць, ці не бярэць. Ён сам усё бачыць — на фэрму, усюды сам, спэцыялістаў не пытае — як Лукашэнка…»
Карэспандэнт: «Міхась, я так разумею, што не асабліва шкадуеце, што з калгасу сышлі?»
Раманенка: «І гады ўжо — 69, здароўе ня тое. Матэрыялаў няма, не даець. Электрычнасьць жа — гэта не паламаны плот, а дрот. „Прыдумай што“ — а што можна прыдумаць, не замяніўшы?!»
Разгаварыўся і зь сяброўкай спадара Міхася — 48-гадовай Тацянай Філіпенкай. Вось яе споведзь.
Тацяна: «У мяне бацькі памерлі, быў адзін мужык, другі — памерлі. Запіла — пасадзілі за краты. Паскандаліла — у бабкі адной віно было, я забрала. Адседзела, як за крадзеж, паўтара года, зноў запіла, тады ў ЛТП. Тры гады ўжо ня п’ю. Прыйшла — дом разабралі, жыць няма дзе. Потым во гэты стары мяне прыняў. Ну і што — у турмах у мяне нарасьлі алімэнты, а заробак у калгасе 800–900 тысяч — я рабочая-палявод. І ўявіце — пакідаюць мне толькі 160 тысяч! У мяне адзін рабёнак ад аднаго, другі ад другога. Дачцэ ўжо 23, тры гады замужам. А ў нас 3 рублі быў заробак у турме. Сядзела ў Горках у ЛТП — тожа тры з паловай, 4, ну 5. А другая вучыцца ў Леніна ў пэдвучэльні — ёй 16. А запазычанасьць 32 мільёны. Я ў Менск званіла, да прадсядацеля Валерыя Ягоравіча Куляшова падыходзіла — больш за 70% ня маюць права адбіраць. І як пражыць — ня ведаю, куды ісьці работаць. А ён тожа памрэць — дачка мяне выганіць. А 7 год да пэнсіі. А ня выплачу — казалі, з пэнсіі будуць вылічваць. Трывайла, зампракурора, кажа — ідзіце вартаўнікамі, печнікамі. А хто ж нас вазьмець на дзьве работы і баб яшчэ!»
* * *
Ля тае ж крамы да мяне падскочыла цётка Ганна, цягнучы за руку невысокага хлопца ў кажуху — як высьветлілася, яе 27-гадовага сына.
Спадарыня: «Для кагосьці аграгарадок, а ў нас палову плота падзелалі, паловы няма — прыйшлі б паглядзелі! А ў яго во маладой сям’і з двума дзецьмі хата дагары нагамі. А домік абяцаюць-абяцаюць…»
Непадалёк пафарбаваны ў жоўтае будынак адзінага ў Белі «прадпрыемства» — невялікай піларамы. Працуюць там у асноўным украінцы. Хоць памянёная цётка Ганна і патлумачыла прычыну — маўляў, «у нас усе сьпітыя». Гутару з маладым хлапцом, побач зь якім характэрнай зьнешнасьці ўкраінец з казацкімі вусамі.
Хлопец: «Ад Пінску 30 км жывем…»
Карэспандэнт: «Чаму ў Беларусі выгадней працаваць, чым на Ўкраіне?»
Хлопец: «У нас пакрадуць усё!»
Спадар: «Ты выключыся, кадэбіст хрэнаў!»
Карэспандэнт: «Вам чаго баяцца — у вас жа галоснасьць на Ўкраіне?»
Спадар: «Мне трэба, каб на Беларусі галоснасьць!» (Сьмех.)
Мне паказваюць хату «самага лепшага працаўніка» ў Белі — камбайнэра Івана Дабравольцава. У хаце толькі жонка і 4-гадовы Дзімка. На сьцяне — некалькі грамат розных гадоў «за перамогі ў жніве». Пытаюся:
Карэспандэнт: «Акрамя ўдзячных лістоў ад старшыні райвыканкаму Сысоева — што ён мае ў рублях?»
Тамара: «У 2005–6 гадах заняў па раёну першае месца — яму далі машыну. А ўзімку мільён 600 атрымаў…»
Дабравольцавы жывуць у адным зь некалькіх дзясяткаў прэзыдэнцкіх домікаў. І калі загаварылі пра ўмовы, усё аказалася зусім не «перадавым».
Тамара: «У домік перасяліліся пяць год — сырасьць, падлогі ўцяплялі, сыплецца ўсё. Недаробкі — дах, калі найменшы вецер, сыплецца, а як дождж, цякучка ідзе. І ў прыбіральні! Ацяпленьне — кацёл усталявалі, як дзень і ноч працуе, цёпла. Дамы голымі здаваліся, таму людзі ўсе шпалеры клеілі…»
Падыходзіць праваабаронца Мікалай Петрушэнка, які скончыў свой досьлед. Бадай адначасова зьяўляецца і гаспадар — 52-гадовы спадар Іван.
Дабравольцаў: «Плацяць мала, на ўборцы нармальна. У мяне стары камбайн КЗС-10 — убраў тысячу тон з капейкамі, палучыў за два месяцы 18 мільёнаў…»
Карэспандэнт: «А нямецкія „Джон-Дзіры“ ёсьць у вас?»
Дабравольцаў: «Ёсьць „Фэнд“, дык яны яго зламалі год восем. Ён даў дзецям пакатацца, так і стаіць…»
Заводзім гаману пра выпадак зь «міліцыянтам-дэпутатам», пра які дагэтуль гавораць у Белі.
Дабравольцаў: «З Лутаў вазіў ён пад Клімавічы 20 тон. Гэта ж мент — форму апране! Гэта я столькі не магу! (Сьмяецца.) Штрафу далі 4 мільёны, а 100 тысяч мех, тона — 24 мяхі. А іх 20 — спакойна так і вывез…»
Петрушэнка: «Галоўнае, што ён раскаяўся!» (Агульны сьмех.)
Сам Раман Бясьпяты зьехаў пасьля суду ў Расею — нібы на заробкі. Гэта ўжо з расповеду спадара Петрушэнкі.
Петрушэнка: «У Рамана Бясьпятага быў даволі моцны міліцэйскі дах. Крымінальнае злачынства было зьдзейсьнена па акрузе, дзе дэпутатам старшыня сельсавету, былы міліцыянт. Па выбарчай акрузе ў раённы савет быў таксама дэпутатам старшыня Крычаўскага райсавету!»
Карэспандэнт: «Чаму ж яго ўзялі?!!»
Петрушэнка: «Таму што дзяржбясьпека зрабіла апэрацыю — хтосьці „здаў“. Але далей адбылося, што да суду замест 20 тон дайшло толькі 32 мяхі, і не пшаніцы, а аўса. А 20 тон — гэта ўсе 50 мільёнаў. Дэпутаты сельсавету пры тым сваю згоду на звальненьне зь міліцыі далі? Далі! Пытаньне — чаму гэты былы міліцыянэр застаўся дэпутатам? Закон „Аб статусе дэпутата мясцовага савету“ адназначна кажа — калі дэпутат парушае закон, у выбарцаў ёсьць падставы яго адклікаць. Чаму вайсковы трыбунал не праінфармаваў грамадзкасьць, чаму сельсавет пра гэта не турбуецца? Чаму маўчыць крычаўская „казённая“ газэта? Таму мы думаем знайсьці 15 выбарцаў і вылучыць патрабаваньне адклікаць дэпутата-міліцыянта — бліжэйшым часам!»