Ахвяра выбуху ў мэтро: «Здароўе наперакос, а грошай — на пачак таблетак»

Інэса Крутая

Праз 2 гады пасьля тэракту ў менскім мэтро пацярпелыя заяўляюць пра абыякавасьць уладаў да іхніх праблемаў.
11 красавіка 2011 году ў выніку тэракту ў менскім мэтро загінулі 15 чалавек, больш за 200 пацярпелі. Пацярпелыя і іх сваякі заяўляюць, што не атрымалі ад дзяржавы належнай дапамогі.

Інэса Крутая падчас выбуху ў мэтро атрымала пашкоджаньні ног, галавы, вачэй, іншых жыцьцёва важных органаў. Кажа, што траўмы не даюць працаваць, а пэнсіі па інваліднасьці ёй не прызначылі. Інэса мяркуе, што справа аб яе калецтве вартая судовага разгляду:

«Здароўе ніякае, усё паляцела. Дрэнна становіцца вельмі хутка. Я вунь учора ўстала, пастаяла і зноў легла. Выплаты — капейкі: мільён семсот — уперліся рогам. Гэта ня выплаты. Я сказала, што буду падаваць у суд, бо здароўе ўсё наперакос, а грошай — на пачак таблетак. Проста зьдзек — ужо за гэтую абразу трэба падаваць у суд».

Акрамя Інэсы, ад выбуху ў мэтро ўскосна пацярпеў і бацька — Аляксандар Круты. Яму прысудзілі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычнай клініцы, калі падчас суду Аляксандар Круты запатрабаваў адкласьці працэс да ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Амаль праз год Аляксандар Круты вярнуўся дадому, але і дагэтуль застаецца пад наглядам псыхіятраў. Яго хвалюе здароўе дачкі і адсутнасьць сродкаў да існаваньня:

Аляксандар Круты

«Дачцэ ня выплачаны ні бальнічны, ні пэнсія, нічога. Працоўную кніжку на рукі ня выдалі — яна пазбаўленая ўсіх сродкаў да існаваньня. Ёй неабходная дыягностыка, але ніхто інваліднасьці ёй ставіць ня будзе. Я размаўляў з адным лекарам, і ён сказаў, што калі вы будзеце рабіць дыягностыку, то ні ў якім разе — тут ён нават зьмяніў інтанацыю і паўтарыў — ні ў якім разе ня згадвайце, што гэта зьвязана з выбухам у мэтро».

Яраслаў Пясецкі ад выбуху страціў абедзьве нагі і рухаецца на пратэзах. Яго маці Натальля кажа пра сына, што ён — узор выжывальнасьці. Але і сама яна, і Яраслаў казаць журналістам штосьці большае адмаўляюцца. Натальля Паходня добра ведае сям’ю Пясецкіх і кажа, што ім патрэбная дапамога:

«Яраслаў вельмі мужны чалавек. Ён нават ходзіць. Выплаты нейкія ім рабілі — я лічу, што вельмі невялікія, але яны задаволеныя і гэтымі. Вядома, мне хацелася б, каб ім больш дапамаглі, бо даволі сьціпла сям’я жыве. Вельмі сьціпла».

Адмаўляюцца казаць пра свае фізычныя пакуты ці матэрыяльныя страты і некаторыя іншыя пацярпелыя ад выбуху ў мэтро. Сваю адмову аргумэнтуюць тым, што хочуць хутчэй забыць пра здарэньне. Праваабаронца Людміла Гразнова, якая прысутнічала ў судзе падчас усяго працэсу, мяркуе, што сапраўдныя прычыны маўчаньня ахвяраў іншыя:

Людміла Гразнова

«Прычына ня толькі ў тым, што людзі хочуць забыць: і на судзе, і падчас іншых размоваў гэтыя людзі казалі, што зь імі працавалі сьледчыя. І гэта былі начныя гутаркі, людзей выклікалі па некалькі разоў. Гэта азначае, што насамрэч на іх уплывалі псыхалягічна. Другі факт — тое, што адбылося з Аляксандрам Крутым: у яго аднялі час і здароўе. І гэта стала прыкладам для іншых, як ня трэба паводзіць сябе. Таму людзі паглядзелі на гэта ўсё і вырашылі паберагчыся. Ну, і тое, што ўвесь той антураж падчас суду, калі ўсё рабілася, каб запалохаць людзей — вядома, гэта таксама на людзей паўзьдзейнічала».

У тэракце ў менскім мэтро зьвінавацілі двух жыхароў Віцебску — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Іх пакаралі найвышэйшай мерай, што выклікала шырокі грамадзкі рэзананс у Беларусі і за межамі краіны.

Выбух у менскім мэтро. 11 красавіка 2011 году


Выбух у Менскім мэтро