Выклятыя, д’ябальскія месцы на зямлі ўзьнікаюць ня самі па сабе — іх ствараюць цалкам рэальныя людзі. Цёплыя і прыгожыя вянцы прыроды, бацькі і дзеці такіх самых людзей — і ў той самы час апантаныя д’ябальскімі ідэямі, прызвычаеныя да крыві, гатовыя выканаць любы загад. Сьлядамі іхных ботаў у вясновай гразі, іхнай вясёлай лаянкай, іхным адчуваньнем беспакаранасьці, іхнымі пальцамі на спускавых кручках жывіцца выклятае месца, а зусім ня нейкай там звышнатуральнай, трансцэндэнтнай воляй...
10 красавіка 1943 году на загад нямецкіх акупацыйных уладаў у Кракаве і Варшаве была тэрмінова сабраная група яшчэ ня зьнішчаных польскіх грамадзкіх дзеячоў і інтэлектуалаў. Гэтую групу немцы накіравалі ў Катынь пад Смаленскам. Там, над знойдзенымі парэшткамі тысяч расстраляных людзей, ужо працавала нямецкая камісія пад кіраўніцтвам прафэсара Бухца — яго, сумленнага вучонага, які не належаў да нацысцкай партыі, наўмысна абралі кіраўніком, каб не было сумневаў у выніках расьсьледаваньня. Так палякі, а потым і ўвесь сьвет, упершыню даведаліся пра Катынскі лес — месца, дзе атрады НКВД у 1940 годзе зьнішчылі больш за дзесяць тысяч польскіх ваеннапалонных, вінаватых толькі ў тым, што яны палонныя палякі неадпаведнага клясавага паходжаньня. За тры гады над пахаваньнямі ўзышоў малады сасоньнік. Паблізу разьмяшчаўся пабудаваны ў 1931 годзе Дом адпачынку для супрацоўнікаў НКВД, кінуты гаспадарамі пры адступленьні з усім майном: сталовыя, бібліятэка, спартовыя пляцоўкі...
Для нацысцкай прапаганды ўсё гэта было вельмі карысным падарункам: тысячы адкапаных целаў польскіх афіцэраў, часта са зьвязанымі ззаду рукамі, забітых стрэламі ў патыліцу савецкім гестапа... Тая самая нямецкая камісія высьветліла, што масавыя расстрэлы тут адбываліся і раней. Дарэчы, да рэвалюцыі Катынскі лес належаў палякам: Казьлінскім і Лядніцкім — але потым быў забраны і перададзены ГПУ. Тут тысячамі расстрэльвалі яшчэ ў 1918-м, тут забівалі асуджаных у дваццатых, у трыццатых. Мінула амаль паўстагодзьдзя, савецкая ўлада некалькі разоў зьмяніла аблічча, то галіла, то зноў адпускала сабе сталінскія вусы, пераймяноўвала, амніставала, змагалася з ачарніцелямі, а кроў зь яе рук усё ніяк не хацела змывацца — і ўсё адно вуснамі генсэкаў, дыпляматаў і простых савецкіх людзей яна год за годам упарта цьвердзіла: не, гэта былі ня мы, не, гэта былі ня мы... Пакуль аднойчы не здалася і нехаця не прызнала: так, гэта былі мы. Але ж паглядзіце: у нас цяпер акурат бязвусы пэрыяд! Гэта ўсё Сталін вінават!
10 красавіка 2010 году, роўна праз 67 гадоў пасьля таго, як першыя палякі пабачылі, што Саветы зрабілі зь іхнымі палоннымі суайчыньнікамі, польскі ўрадавы самалёт расейскай вытворчасьці, які меў на борце 88 чалавек (плюс восем чалавека экіпажу) і ляцеў на ўгодкі той катынскай трагедыі, пацярпеў пад Смаленскам катастрофу. Ня выжыў ніхто. Каля таго самага выклятага месца загінула значная частка польскай палітычнай эліты. Паўстане шмат вэрсіяў, чаму так магло адбыцца. Высьветліцца, што і на борце самалёта, і на аэрадроме было дапушчана вельмі шмат памылак і недаглядаў, былі парушаныя самыя розныя непарушныя правілы палётаў. Чацьвёра жаўнераў расейскага войска, што працавалі на месцы падзеньня самалёта, будуць ліхаманкава корпацца ў рэчах загінулых, шукаючы банкаўскія карткі і коды да іх... А тыя, хто зусім нядаўна аддаваў загады расстрэльваць палонных у Чачні, прасаваць танкамі тамтэйшыя вёскі, бамбіць Грузію, выкажуць спачуваньні польскаму народу і паставяць сьвечкі за спачын душаў пасажыраў польскага самалёта. І зноў скажуць сваё, сакрамэнтальнае: гэта ўсё Сталін вінават. А ў нас пэрыяд самі бачыце які — бязвусы. Так што мы тут ні пры чым. Выклятае месца, што паробіш.