Эдуард Лобаў у калёніі спавядаўся сьвятару. Моўчкі

Эдуард Лобаў

Палітвязьня, маладафронтаўца Эдуарда Лобава ў івацэвіцкай калёніі наведаў каталіцкі сьвятар.
Пра гэта Свабодзе паведаміла маці палітвязьня Марына Лобава. Паводле яе, Эдуард прайшоў абрад споведзі. Марына Лобава паведаміла, як ў калёніі праходзяць споведзі вязьняў, калі побач прысутнічаюць супрацоўнікі адміністрацыі.

«Ён жа сказаць там нешта ня можа асабліва, бо прысутнічаюць. Нават на споведзі кажуць шэптам, ціха-ціха. Сьвятар дазваляе таму, хто спавядаецца, пералічыць свае грахі не ў голас, а ў галаве, бо ўвесь час там прысутнічае адзін ці нават два міліцыянты».

Паводле Марына Лобавай, да яе вярнулася бандэроль, якую яна раней адправіла сыну поштай. Маці палітвязьня ня ведае, з якой прычыны бандэроль, у якой былі гарбата і цыгарэты, не прапусьцілі да сына.

Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Паводле гэтага ж эпізоду да 2 гадоў зьняволеньня асудзілі і Зьмітра Дашкевіча. Інцыдэнт адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, актывісты лічаць яго правакацыяй спэцслужбаў. Дашкевіча трымаюць зараз у Гарадзенскай турме як злоснага парушальніка рэжыму. Наста Дашкевіч, жонка актывіста, кажа, што лісты ад яго ідуць цяпер рэгулярна, ён не скардзіцца на ўмовы ці здароўе. Наста Дашкевіч мяркуе, што на будучым тыдні Зьмітра наведае адвакат.