Багданаў ужо не «шпіён», а сьведка

СІЗА КДБ

Наваполацкі сябар аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Ільля Багданаў паведаміў, што ў справе «аб здрадзе дзяржаве» ён зноў мае статус сьведкі, а не падазраванага, як раней.
У незаконных кантактах з замежнымі спэцслужбамі вінавацяць земляка Багданава, 23-гадовага апэратара прадпрыемства «Нафтан» Андрэя Гайдукова.

Андрэй Гайдукоў пад вартай з 8 лістапада. За выключэньнем аднаго месяца, праведзенага ў віцебскім СІЗА, хлопца трымаюць у менскім сьледчым ізалятары КДБ. Ільля Багданаў спачатку праходзіў па гэтай справе ў якасьці сьведкі. Аднак напрыканцы мінулага году на допыце ў сьледчага Алега Барысевіча яму паведамілі, што пераводзяць яго ў статус падазраванага.

Прыкладна тыдзень таму, пасьля адпаведнага хадайніцтва адваката, Ільлю Багданава зноў перавялі ў сьведкі. Але пэўны час ён не распавядаў пра гэта журналістам, бо, як сам кажа, «ад спэцслужбаў можна чакаць усяго», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Хлопец па-ранейшаму на волі: на працягу сьледзтва да яго не прымянялася ніякіх мераў стрыманьня.

Што да Андрэя Гайдукова, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве «шляхам агентурнай дзейнасьці», то дэталі сьледзтва ўсё яшчэ застаюцца таямніцай. З 8 лістапада штомесяц тэрмін сьледзтва працягваюць, але да суду ці да таго, каб адпусьціць яго з прычыны недаказанасьці віны, за 5 месяцаў справа так і не дайшла.

Знаёмыя і сваякі лічаць абвінавачаньне Гайдукова ў шпіянажы бязглуздым і зьвязваюць перасьлед з боку КДБ з апазыцыйнымі поглядамі хлопца.