Дэпутаты пагражаюць акцыянэрам

Дом ураду

Насычанай абяцае быць другая сэсія Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня, якая адкрываецца 2 красавіка. У камісіях ужо каля 70 пытаньняў.
На думку экспэртаў, асноўнымі на веснавой сэсіі стануць эканамічныя праблемы. Падрыхтаваныя законапраекты «Аб канцэсіях», «Аб інвэстыцыях», зьмены ў закон аб свабодных эканамічных зонах.

Эканаміст Сяргей Чалы: «Я лічу, найважнейшае, што зьбіраюцца абмяркоўваць на сэсіі, — гэта зьмены ў закон аб прыватызацыі. Тут размова ідзе пра ўвядзеньне інстытуту дзяржаўных упраўляючых пад выглядам абароны правоў мінарытарных акцыянэраў. Баюся, што гэта самая скандальная рэч. Бо патэнцыйна ў закон закладаецца мэханізм, які можа мець гэткія самыя разбуральныя наступствы, як увядзеньне ў 1998 годзе інстытуту „залатой акцыі“. Тады фактычна на 10 гадоў былі спыненыя ўсе сур’ёзныя інвэстыцыйныя працэсы. І толькі ў 2008 годзе яго скасавалі» .

Спадар Чалы кажа, што не спадзяецца на сур’ёзныя зьмены ў гэтым законапраекце з боку дэпутатаў:

«Калі ўжо дэпутатаў расейскай Дзярждумы называюць „звар’яцелым ксэраксам“, то што ж тады казаць пра беларускіх! І ня думаю, што на іх рашэньне паўплываюць высновы экспэртаў, у тым ліку і замежных, якія папярэджваюць пра велізарную патэнцыйную шкоду такога закону».

Што тычыцца зьменаў у закон аб інвэстыцыях, то, на думку Сяргея Чалага, гэта ня так важна:

Сяргей Чалы

«Тут усё залежыць ад ужываньня закону. Пасьля таго як фактычна нацыяналізавалі „Камунарку“ і „Спартак“, пасьля гісторыі з вытворцамі зэфіру ў Бабруйску — хто з інвэстараў рызыкне сюды ісьці? У законе будуць агульныя словы. А далей усё будзе ўпірацца ў коску, пасьля якой прапішуць: „…калі іншае не прадугледжана рашэньнямі прэзыдэнта“. Ну, а калі рашэньнем прэзыдэнта прымаюцца рэчы, якія фактычна перакрэсьліваюць усе гэтыя законы, то пра што далей казаць?»

На гэтай сэсіі таксама чакаюць традыцыйнага выступу Аляксандра Лукашэнкі з пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага Сходу. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка назваў гэтае пасланьне «ключавой падзеяй».

Летась кіраўнік дзяржавы прамаўляў сваё пасланьне 19 красавіка.