Вяртаньне багіні

8 красавіка 1820 году грэцкі селянін і турэцка-падданы на імя Георгіяс Кентротас, які жыў на высьпе Мілас, адкапаў на сваім гародзе жанчыну зь яблыкам у руцэ.

Жанчына была мармуровая, ніжняя яе частка ляжала асобна ад верхняй, але селяніна ўсё гэта ня надта зьбянтэжыла. Жылі тыя Кентротасы бедна, ды розуму ў іх, як і ва ўсялякай беднай басоты, хапала. У той час ягоная радзіма зрабілася сапраўднай ахвярай аматараў антычнасьці — натоўпы чорных археолягаў зь белымі рукамі і блакітнай крывёй аралі Грэцыю ўздоўж і ўпоперак у пошуках хаця б якога-небудзь каменнага носа часоў Паліклета і Алкамена. Яны былі гатовыя аддаць за такі нос больш, чым селянін Кентротас мог зарабіць за ўсё сваё жыцьцё. А тут — цэлая кабета, хай сабе і разламаная напалам... Пераймацца неверагоднай прыгажосьцю статуі Кентротас не зьбіраўся: падумаеш, у ягонай вёсцы ўсе дзяўчаты былі такія, а некаторыя дык і лепшыя. У нас у Грэцыі ўсе мужчыны — Апалёны, а ўсе жанчыны — Афрадыты, сказаў сам сабе з гордасьцю праваслаўны Георгіяс, і толькі грошай у нас пры гэтым чамусьці ніколі няма. Ён схаваў знаходку ў загоне для козаў і стаў чакаць пакупніка.

Пакупнік знайшоўся імгненна. Адзін францускі афіцэр, вялікі знаўца антычнага мастацтва, пабачыўшы Афрадыту-Вэнэру, якая цярпліва ляжала сярод аліваў і козачак, адразу ж ацаніў маштаб свайго адкрыцьця. Далейшая гісторыя мае шмат розных вэрсій, якія нібыта зводзяцца збольшага да наступнага. Той афіцэр дамовіўся з Георгіясам пра цану і паслаў у амбасаду ў Канстантынопаль просьбу прыслаць як мага хутчэй карабель з узброенымі матросамі, каб адтранспартаваць насамрэч бясцэнную пакупку ў Парыж. Але калі карабель прыплыў на месца, знаходку Георгіяса перахапілі «гаспадары поля» туркі. У выніку гандлю і нават узброенага супрацьстаяньня Афрадыта-Вэнэра пазбавілася ня толькі яблыка, але і рукі, у якой яна яго трымала. Другая рука таксама бясьсьледна зьнікла. Так грэцкая прыгажуня назаўжды зрабілася Бязручкай з казак братоў Грымаў. Расейскі драматург Астроўскі на той час яшчэ не нарадзіўся, і сказаць, як ягоны герой: «Дык не даставайся ж ты нікому!» і ўтапіць статую ў Эгейскім моры не прыйшло ў галаву ні французам, ні туркам. Урэшце гальскі геній і францускі франк перамаглі, за што потым султан бязьлітасна пакараў няздатных удзельнікаў змаганьня за Вэнэру з турэцкага боку. Мармуровую жанчыну, цуд дасканаласьці і ідэал жаноцкасьці, склеілі, прадалі... Урэшце яна апынулася ў Люўры. На радасьць усім, хто можа згубіць галаву з-за жаночай пекнаты — і канцавіны тут, як высьветлілася, нічога не вырашаюць.