Палачка, гары

Неяк у тысяча васямсот, дай бог памяці, дваццаць шостым годзе ангельскі фармацэўт і аптэкар Джон Ўокер перамешваў дома свае мікстуры. Ён рабіў гэта пры дапамозе адмысловай доўгай драўлянай палкі, якая на патрэбу лёгка ператваралася ў зброю супраць патэнцыйных рабаўнікоў і цалкам рэальных суседзкіх дзяцей, што панадзіліся красьці з аптэкі гематаген. Карацей, добрая была палка. Аднак, як гэта часта бывае, у гісторыю яна ўвайшла дзякуючы іншым, ня менш чароўным уласьцівасьцям.

Пабачыўшы, што сумесь амаль гатовая, і адклаўшы свой інструмэнт убок, містэр Ўокер падышоў да шафы, выбіраючы прыдатную бутэлечку і разважаючы, што яму на ёй напісаць: «Сродак ад усяго на сьвеце» або «Сродак супраць усяго на сьвеце». Ён і сам цьмяна ўяўляў, з чаго складаецца ягоны прэпарат, але дзе была б цяпер мэдыцына, калі б фармацэўты мінулага зьвярталі ўвагу на такія дробязі. Вярнуўшыся, ён заўважыў, што на канцы ягонай палкі ўтварылася нейкая засохлая непрыгожая кропля. Містэр Ўокер паспрабаваў выцерці яе аб падлогу — і тут здарылася нечаканае: ягоная цудоўная палка загарэлася, а пакой напоўніўся сьмярдзючым дымам.

«Гм», — сказаў містэр Ўокер. — «Здаецца, я прыдумаў запалкі Ўокера».

Натхнёны фармацэўт зрабіў сабе сотню палак значна меншага памеру і пачаў ліхманкава прыгадваць, зь якіх жа такіх інгрэдыентаў складалася яго мікстура. У выніку працяглых і не заўжды бясьпечных экспэрымэнтаў палкі ператварыліся ў палачкі, а рэцэпт быў адноўлены. Містэр Ўокер дэманстраваў сваё вынаходніцтва ўсім ахвотным, і нават тым суседзкім падшыванцам, не забываючы, аднак, нагадваць ім, што «запалкі Ўокера — ня цацка», а тэлефон пажарнікаў 03. А потым зрабіў прыгожую алавяную скрыначку, у параўнаньні зь цяперашнімі больш падобную да цыгарнай, і 7 красавіка 1827 году прадаў яе адвакату Ніксану. У той скрынцы іх было роўна сто штук, і гарэлі яны нядоўга, але затое пахлі так, што нейкі час адвакату не было чаго баяцца цісканіны ў дыліжансах.

Так упершыню ў сьвеце адбыўся продаж запалак паўналетняй асобе. Аднак гонару быць вынаходнікам запалак містэра Ўокера пазбавілі іншыя, больш спрытныя грамадзяне. Наогул, гісторыя вынаходніцтва такой простай рэчы, як звычайная сярнічка, цёмная, як найбліжэйшая будучыня чалавека з цыгарэтай і без агню ўначы на бязьлюдным прыпынку.

Больш-менш дакладна вядома толькі тое, што сучасная запалка абавязаная сваім існаваньнем швэду Лундстрэму, які першы прыдумаў, як зрабіць сярнічку абсалютна бязшкоднай, і атрымаў за гэта мэдаль. Цяпер ужо ніхто й ня памятае, а яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя назва «швэдзкая запалка» ўспрымалася народам ня менш натуральна, чым цяперашнія выразы «швэдзкая сям’я», «швэдзкі стол» і «швэдзкая сьценка». Якія, як вядома, таксама наўрад ці ўзьніклі б, калі б не выпадковая палка ў нечых умелых руках.