4 красавіка 1991 году Менск страйкуе: на плошчы Незалежнасьці, якая тады яшчэ мела імя Леніна, зьбіраецца пад сто тысячаў чалавек — замест таго каб арбайтэн, маўчаць і радавацца. Ільліч на гранітным пастамэнце пры выглядзе натоўпу ажно памаладзеў: такога непадробнага энтузіязму працоўных масаў ён ня бачыў зь лістападу сямнаццатага. На плошчы не якія-небудзь прафэсійныя рэвалюцыянэры і пэнсіянэры — на плошчы тыя, каго нават пры вялікім жаданьні не назавеш пятай калёнай; каб іх усіх пералічыць, перапісаць і прыняць меры, аднаго дзядзькі зь відэакамэрай мала. На плошчу выйшлі пераважна самыя што ні ёсьць рабочыя. Той самы пралетарскі элемэнт, пра якога Купала пісаў, што ён яшчэ ўчора раб пакутны, а сягоньня зямлі ўладар і над царамі цар магутны.
І гэта было праўдай — 4 красавіка 1991 цары спужаліся не на жарт. У тыя дні менскія пралетары, пакутныя рабы, якім не было за што карміць свае рабочыя дынастыі, сапраўды былі ўладарамі і, відаць, маглі практычна ўсё, на што хапіла б фантазіі. Напрыклад, зраўняць Дом ураду зь зямлёй і пабудаваць на ягоным месцы парк культуры і адпачынку. Дый ня толькі менскія: у красавіку таго году ў Воршы людзі спынілі рух цягнікоў, сеўшы на рэйкі; пратэсты былі паўсюдна. Слабасьць і нерашучасьць улады лунала ў паветры і адчувалася ўсімі. Для мяне, тады — менскага старшаклясьніка, які толькі-толькі сасьпеў палітычна і нацыянальна, гэта быў вызначальны год, бо менавіта на той час прыпаў пік маёй грамадзкай актыўнасьці. Я акурат пачаў хадзіць на ўсе мітынгі, слухаць прамоўцаў, чытаць адпаведную літаратурку, дый падвышэньне цэнаў — ня тая рэч, якая абмінае дзяцей, інвалідаў і старшаклясьнікаў... Як цяпер памятаю, якое адчуваньне далучанасьці да сваёй гісторыі давала тая вясна. І вельмі добра разумею Сяргея Антончыка, які кажа, што само відовішча «цёмных хмараў людзей, якія ідуць з „Інтэгралу“, з трактарнага, з аўтазаводу» да цэнтру гораду, ужо выклікала адчуваньне сьвята свабоды.
У гэты час зусім побач з плошчай ішлі гарачыя дэбаты. Дэпутаты ад апазыцыі БНФ, якія ўзялі на сябе каардынацыю стыхійнага рабочага руху, супрацьстаялі тым самым перапуджаным царам — але ня толькі ім. «Члены Прэзыдыюму адзін за другім заклікалі нас адумацца, а да страйкамаўцаў прапаноўвалі «прымяніць уладу», — піша Сяргей Навумчык. Выглядае, што камуняцкая ўлада мела ў запасе самы эфэктыўны ход дрэннага шахматыста, які прыберагаўся на скрайні выпадак — дошкай па галаве. «Ужо ў эміграцыі я даведаўся, што у сутарэньнях Дому ўраду былі разьмешчаныя сотні спэцназаўцаў, прысланых Масквой з Закаўказьзя, — піша ён. — Яны нічым не выдавалі сваёй прысутнасьці...»
Страйкі ў сталіцы былі і да 1991-га — яны ў нас маюць свае традыцыі. Узяць хаця б транспартны цэх гэтага вялізнага заводу пад назвай Менск. Ужо ў 1876 годзе тут страйкавалі рабочыя чыгуначных майстэрняў. Мінула больш за сотню гадоў. Пасьля страйку 1991-га будзе страйк працаўнікоў мэтрапалітэну ў 1995-м, задушаны ўладай, якая зноў адчуе сілу. А цяпер удзельнікі тых красавіцкіх падзеяў ломяць галовы — чаму тады, у 1991-м, усё так хутка патухла, хто вінаваты і што рабіць. А вось можна Купалу пачытаць далей, той самы верш пра пралетара. Купалаўскаму пралетару, хай яму і бацькаўшчынай цэлы сьвет, і ад родных ніў ён адвярнуўся, сьніліся сны аб Беларусі. Якія сны сьніліся цёмным хмарам людзей з Інтэгралу і трактарнага 4 красавіка 1991 году, мы ня ведаем. Але паміж хлебам і воляй чалавек звычайна выбірае хлеб. Цэны трошкі зьнізілі — каб неўзабаве павысіць іх яшчэ больш, а такога, усенароднага, страйку, як у 1991-м, больш не было. Салідарнасьць аказалася мітам.
Адзін менскі міліцыянт некалькі гадоў таму прызнаўся ў размове: «Вось калі б цяпер столькі народу на плошчу выйшла, як тады, у 1991-м. Вось тады б сапраўды: міліцыя была б з народам. А цяпер — выбачайце». Як казаў ня надта станоўчы герой набокаўскай «Камэры абскуры», грукаючы кулаком аб стол: чалавек перш-наперш павінен жэрці, так!.. Але той красавік быў, і свабода была, і цары баяліся. А калі ўсё гэта было — яно можа, здольнае, мусіць паўтарыцца.