Хто дапаможа беларусам, калі не палякі?

Кшыштаф Лукашэвіч

Ян Максімюк паразмаўляў з рэжысэрам фільму «Жыве Беларусь!» Кшыштафам Лукашэвічам
Кшыштаф Лукашэвіч (Krzysztof Łukaszewicz) — польскі рэжысэр маладога пакаленьня. Дэбютаваў паўнамэтражным мастацкім фільмам «Лінч» (2010), які быў вельмі прыхільна сустрэты гледачамі і крытыкамі. Раней працаваў як асыстэнт рэжысэра або сцэнарыст пры пастаноўцы такіх фільмаў, як «Агнём і мячом», «Quo vadis?», «Варшаўская бітва 1920», «Генэрал Ніль». У 2012 зьняў фільм «Жыве Беларусь!», абапёрты на факты з жыцьця беларускага моладзевага актывіста і журналіста Франака Вячоркі.


ПЕРАХІТРЫЦЬ АЎТАРЫТАРНУЮ СЫСТЭМУ

Ян Максімюк: Як вам прыйшла ў галаву ідэя зрабіць фільм пра Беларусь? Нешта вас зьвязвае зь Беларусьсю — сямейныя карані, магчыма?

Кшыштаф Лукашэвіч: У нашай краіне наогул шмат сымпатыі да Беларусі, прынамсі да тае часткі беларусаў, якія імкнуцца думаць самастойна. У маім выпадку было гэтак сама. Я, як большасьць палякаў з гэтак званых усходніх земляў, «крэсаў», маю беларускія карані. Лукашэвічы, мая сям’я, паходзяць з-пад Баранавіч. Падчас нашых сямейных сустрэчаў з нагоды сьвятаў заўжды ўзьнікалі размовы, каб паехаць у Беларусь, наведаць зямлю, дзе жылі нашы дзяды.

Але сама спроба зрабіць фільм пра Беларусь вынікае хутчэй з таго «прамэтэізму», які я ў сабе маю. Мне падумалася, што ў дадзенай сытуацыі няма вялікіх магчымасьцяў, каб беларусы самі зрабілі такі незалежны фільм пра саміх сябе, пра сваю рэчаіснасьць, пра тое, што ім найбольш баліць у сваёй краіне. А хто можа дапамагчы беларусам, калі ня мы, палякі, якія разумеюць іх сытуацыю лепш за ўсіх, бо яшчэ ня так даўно мы падобную сытуацыю адчувалі на сваёй скуры. Дык вось з гэтага і нарадзілася мая ідэя заняцца беларускай тэмай. А тут яшчэ ў «Газэце Выборчай» зьявіўся рэпартаж Уладзімежа Новака пад загалоўкам «Як Франак Вячорка змагаўся ў беларускай арміі». Прачытаўшы гэты рэпартаж, я прыйшоў да высновы, што Франак даволі весела і нязмушана, з захаваньнем дыстанцыі да сваёй асобы, распавядае пра тое, што зь ім здарылася падчас вайсковай службы і як ён змагаўся з аўтарытарнай рэчаіснасьцю на яе найбольш відным месцы, гэта значыць, у арміі. І як ён змагаўся за дробныя рэчы, за права жаўнераў на асабістую гігіену, за рамонт прыбіральняў. Ну і ён яшчэ змагаўся за ўжываньне беларускай мовы як мовы загадаў у войску. Пасьля прачытаньня гэтага тэксту ў мяне ў галаве ўзьнікла карціна такога крыху ўсьмешлівага Швэйка, які нейкім чынам спрабуе перахітрыць аўтарытарную сыстэму. Зразумела, гэта было змаганьне не на самым высокім узроўні з палітычнага гледзішча, тым ня менш я палічыў, што такі нізавы супраціў усяму таму, што ўскладняе жыцьцё ў гэтай сыстэме, можа быць добрай тэмай для фільму, асабліва яшчэ і таму, што яна была пададзеная даволі весела.



Максімюк: І што было далей? Вы пазванілі Франаку і папрасілі яго напісаць сцэнар ці, можа, вы пісалі гэты сцэнар супольна?

Лукашэвіч: Я напісаў першую вэрсію сцэнару самастойна. Потым я зьвязаўся з Франакам і запытаў яго, ці ён наогул зацікаўлены ў тым, каб здабыць сродкі на прадукцыю фільму, які распавядае ягоную гісторыю. Франак адразу моцна загарэўся гэтай ідэяй, і мы сталі працаваць над сцэнаром разам. Перш за ўсё я чакаў ад Франака, што ён узбагаціць фабулу фільму сваімі перажываньнямі і будзе сачыць за тым, каб сцэнар быў згодны з тым, што насамрэч адбывалася ў Беларусі.


МОЎНЫХ ПРАБЛЕМАЎ НЕ БЫЛО

Максімюк: Вам асабіста не замінала, што вы зьнімалі фільм ня ў польскай моўнай вэрсіі?

Лукашэвіч: Гэтак мы заплянавалі ад самага пачатку. Мовы разьмяжоўвалі герояў фільму. Так сказаць, тыя, хто прадстаўляў незалежную плынь думкі ў Беларусі, гаварылі па-беларуску. А астатнія гаварылі па-расейску.

Я наогул лічу, што кіно трэба здымаць на мовах, на якіх героі насамрэч гавораць або гаварылі. Пачатак гэтай тэндэнцыі даў фільм Мэла Гібсана «The Passion of the Christ», у якім гучала арамейская мова. Я думаю, што гэта вельмі добрая ідэя, бо яна надае карціне шмат аўтэнтычнасьці.



Максімюк: У вас не было праблемаў, каб паразумецца з акторамі, якія гаварылі па-беларуску або па-расейску?

Лукашэвіч: Большасьць беларускіх актораў добра гаварылі па-польску. Праблемы былі толькі з маладым акторам Максімам Каржыцкім, які выконваў ролю Шэрага. Максім паходзіць ажно зь Віцебску, які знаходзіцца даволі далёка ад Польшчы, і відаць таму па-польску ён гаварыў найменш з усіх. А што тычыцца Вінсэнта, які выконваў галоўную ролю Мірона, дык ён вельмі хутка навучыўся гаварыць па-польску. Спачатку ён гаварыў няшмат, хоць усё разумеў, але пад канец кіназдымак, калі мінула трыццаць зь нечым дзён, ён ужо гаварыў па-польску вельмі добра. Не было праблемаў і з Сашам Малчанавым, выканаўцам ролі зампаліта. А калі і здараліся нейкія дробныя праблемы, дык дапамагаў Франак Вячорка, які быў маім асыстэнтам ад самага пачатку да канца здымак.


ПРЫСТОЙНЫ БЮДЖЭТ

Максімюк: Фільм фінансавала Міністэрства культуры Польшчы. Калі гэта не сакрэт, вы атрымалі столькі грошай на яго прадукцыю, колькі папрасілі?

Лукашэвіч: Я не магу вам гэтага адкрыць, але магу сказаць, што прадусар фільму — Wytwórnia Filmów Dokumentalnych i Fabularnych у Варшаве — забясьпечыла прыстойны бюджэт для гэтай карціны.

Максімюк: Ці вы наогул задаволеныя сваёй працай над гэтым фільмам? Ці, можа, нешта вам не ўдалося, і калі б можна было вярнуцца ў часе, дык вы нешта паправілі б і зьмянілі ў ім?

Лукашэвіч: Пры мантажы заўсёды аказваецца, што трэба выкінуць некаторыя сцэны, якія неабавязковыя для фільму. Таму заўсёды зьяўляецца і дылема, што коштам часу, які быў прысьвечаны гэтым непатрэбным сцэнам, можна было зьняць іншыя сцэны лепшым чынам. Але атрымалася так, як атрымалася, і цяпер шкадаваць няма сэнсу. На здымачнай пляцоўцы наогул няма зашмат часу на роздум, рашэньні трэба прымаць вельмі хутка.

Максімюк: Колькі часу вы здымалі «Жыве Беларусь!»?

Лукашэвіч: Агулам мы мелі 34 здымачныя дні.


Кадр зь фільму "Жыве Беларусь!"




ХТО «РАЗЬНЯВОЛІЎ» ВІНСЭНТА?

Максімюк: А як вы выбралі выканаўцаў галоўных роляў, гэта значыць, Караліну Грушку і Вінсэнта?

Лукашэвіч: Выбар Караліны Грушкі на выканаўцу галоўнай жаночай ролі быў сам сабой зразумелы. Мы хацелі, каб у фільме была хоць адна акторка, якую добра ведаюць гледачы ў Польшчы. А паколькі Караліна вельмі добра гаворыць па-расейску — з увагі на свае сямейныя сувязі — дык я палічыў, што яна хутка навучыцца гаварыць і па-беларуску. Караліна Грушка — гэта акторка высокай клясы. І яна шмат нам дапамагла. Пры ёй, на рэпэтыцыях, Вінсэнт «разьняволіўся». Мы зразумелі, што маем такую пару галоўных выканаўцаў, якія нам патрэбныя. А што тычыцца астатніх актораў, дык у Менск некалькі разоў езьдзіла мая асыстэнтка, адказная за выбар актораў, якая выканала сваю працу вельмі якасна. Большасьць актораў усьведамлялі сабе, што гэта будзе, так бы мовіць, незалежны фільм, і толькі такія акторы пагадзіліся прыйсьці на кастынг. Значыць, калі мы іх выбралі, ніякіх праблемаў потым зь імі не было. Кожны ведаў, на што ён рашыўся.


ДЗЕ ПОЛЬШЧА ПАДОБНАЯ НА БЕЛАРУСЬ?

Максімюк: Дзе ў Польшчы вы знайшлі Беларусь, то бок, дзе вы здымалі свой фільм — сцэны ў казармах і іншае?

Лукашэвіч: Сцэны ў казармах мы здымалі ў пакінутых вайсковых казармах у Седльцах. А што тычыцца сцэнаў у пленэры, дык я скажу так — ня трэба ехаць далёка ад Варшавы, каб знайсьці такія краявіды і такія мясцовасьці, як у Беларусі. І адну такую мясцовасьць мы знайшлі каля Равы Мазавецкай.

Максімюк: Як вы наогул ацэньваеце адносіны палякаў да беларусаў? Апошнім часам беларусы зьвярнулі ўвагу на адно апытаньне, зь якога вынікае, што палякі найбольш баяцца расейцаў, немцаў і беларусаў. Ну, адносна расейцаў і немцаў ня трэба шмат тлумачыць. Але пры чым тут беларусы?

Лукашэвіч: Я думаю, што гэта бярэцца выключна з таго, што Беларусьсю кіруе рэжым, які лічыць Польшчу хутчэй ворагам, чым сябрам.


ДЭБЮТ І НАСТАЎНІКІ

Максімюк: Вы дэбютавалі фільмам «Лінч», калі вам было 34 гады. У колькі гадоў рэжысэры ў Польшчы робяць свой першы поўнамэтражны мастацкі фільм? Вы былі маладым дэбютантам ці ўжо старым?

Лукашэвіч: Бывае па-рознаму. Я думаю, што чым больш гадоў дэбютанту, тым лепшая ў яго падрыхтоўка. Чым даўжэй чакаеце, тым лепшыя вынікі. А што тычыцца ўзросту дэбютантаў, дык гэта будзе наогул паміж 30 і 40 гадамі. Няшмат каму ў Польшчы ўдаецца зьняць свой дэбют да 30 гадоў.

Максімюк: У каго вы найбольш навучыліся ў кіно? Я маю на ўвазе ня толькі польскіх рэжысэраў, зь якімі вы супрацоўнічалі, але і замежных, фільмы якіх вы любіце глядзець...


Кшыштаф Лукашэвіч падчас здымкаў "Жыве Беларусь!"



Лукашэвіч: Я асабіста навучыўся найбольш, калі быў асыстэнтам рэжысэра Рышарда Бугайскага ў фільме «Генэрал Ніль» (2009). Гэта ён адчыніў перада мною шырэй дзьверы ў кіно. Я напісаў першую вэрсію сцэнару гэтага біяграфічнага фільму пра генэрала Аўгуста Фільдорфа — гэта быў мой першы сур’ёзны крок у кінэматографе як творцы, а ня толькі як асыстэнта. Прытым Рышард Бугайскі ўмеў вельмі добра дзяліцца сваім кінэматаграфічным досьведам.

Наогул я лічу, што досьвед асыстэнта рэжысэра быў для мяне каштоўны пры здымках кожнага фільму, у якіх я ўдзельнічаў, паколькі ў кожнага рэжысэра свой стыль працы. Я магу гэтыя стылі параўноўваць, і гэта таксама дапамагае мне ў працы.

Дый назіраньне за працай кінаапэратара дае вельмі добрую навуку. Калі я быў асыстэнтам Ежы Гофмана падчас здымак фільму «Варшаўская бітва 1920» (2010), я сачыў перш за ўсе за тым, што рабіў кінаапэратар Славамір Ідзяк, як ён «па-галівудзку» працаваў з кінакамэрай. Гэта таксама вельмі каштоўны досьвед для рэжысэра.

Максімюк: А другая частка майго пытаньня — пра замежных кінэматаграфістаў? У вас ёсьць нейкі замежны майстра, досьвед якога вы хацелі б скарыстаць у сваёй працы?

Лукашэвіч: Здаецца, што нікога такога ў мяне няма. У Польшчы мы заўсёды робім фільмы па-свойму. Мы глядзім на сьвет праз прызму «польскацэнтрызму», праз прызму таго, што нам баліць, праз прызму нашых комплексаў і заганаў... Мне здаецца, што гэта якраз спэцыфіка нашага кіно, што ў іншых кінэматографах нечага такога няма.


КУДЫ ПАДЗЕЛАСЯ ЭЎРАПЕЙСКАЕ КІНО?

Максімюк: Я вельмі актыўна наведваў кінатэатры ў Польшчы ў 1970-х і 1980-х, і ў мяне тады склалася ўражаньне, што эўрапейскае кіно скончылася як заўважная мастацкая зьява недзе з канцом 1970-х або ў пачатку 1980-х. Па-мойму, сёньня ў Эўропе няма рэжысэраў такога фармату, які ў свой час мелі, прыкладам, Лукіна Вісконці ў Італіі, Ален Рэнэ ў Францыі, Карлас Саўра ў Гішпаніі або Сяргей Бандарчук у Савецкім Саюзе. Сёньня ініцыятыву ў кінэматографе перахапіў Галівуд, які высмоктвае ўсе сокі з Эўропы, і эўрапейскага кінэматографу як быццам няма. Цікава было б пачуць ваша меркаваньне на гэтую тэму. У чым тут рэч — толькі ў грошах ці, можа, Эўропа сапраўды ня мае чаго прапанаваць у кінамастацтве?

Лукашэвіч: Здаецца, што сапраўды сёньня няма нейкай моцнай плыні ў эўрапейскім кінэматографе. Я пагаджаюся, што цяжка сёньня назваць прозьвішча кінэматаграфіста ў Эўропе, які дасягаў бы нейкіх выдатных вынікаў. Магчыма, гэта будзе Міхаэль Ганэке.

Я не пайду ажно так далёка, каб сказаць, што эўрапейскага кінэматографу зусім няма. Яго проста сьпіхнула на ўскрай паводка амэрыканскіх фільмаў. Месца для эўрапейскіх фільмаў у кінатэатрах засталося няшмат, бо амэрыканцы робяць свае фільмы масавым чынам і заліваюць імі сьвет. Да таго яшчэ дадайце францускую камэрцыйную кінавытворчасьць. Для гледача, які хоча паглядзець нешта больш амбітнае з эўрапейскага кінэматографу, шмат магчымасьцяў не застаецца.

Але я са спадзяваньнем і зацікаўленьнем гляджу на ўсход, напрыклад, на тое, што адбываецца ў расейскім кіно. Фільмы Аляксея Балабанава мяне моцна ўзрушаюць. Вельмі добрыя фільмы здымае Сяргей Лазьніца. Моцны кінэматограф таксама ў румынаў. Я думаю, што Эўропа цяпер адкрывае нанава гэтыя краіны і нейкую экзотыку, зьвязаную зь іншымі шляхамі разьвіцьця гэтых краінаў, з тым, што яны па-свойму стараюцца нагнаць цывілізацыйную запозьненасьць. Гэткая сытуацыя выклікае большую цікавасьць эўрапейская гледача да такога кіно, як расейскае ці румынскае, напрыклад. Па-мойму, варта нам глядзець у той бок.


КЛЮБНЫЯ КІНАТЭАТРЫ

Максімюк: Ужо будзе 15 гадоў, як я жыву па-за Польшчай, а таму і ня ведаю, якія фільмы наогул паказваюць у польскіх кінатэатрах. У 1970-х і 1980-х у іх можна было пабачыць усю Эўропу — і румынскае кіно, і баўгарскае, і гішпанскае... А цяпер? Магчыма дзе-небудзь паглядзець, напрыклад, расейскія фільмы?

Лукашэвіч: Такія фільмы распаўсюджваюцца ў даволі абмежаваным абсягу. У вялікіх кінатэатрах вы іх наогул не сустрэнеце, але ёсьць гэтак званыя клюбныя кінатэатры (польскае: kina studyjne), дзе іх можна паглядзець. Так што з гэтым вялікіх праблемаў няма. Наогул кінатэатры ў Польшчы накіраваныя на абслугоўваньне масавага гледача, але ў самой Варшаве ёсьць больш за дзясятак клюбных кінатэатраў, і там можна паглядзець любы цікавы фільм, які ня трапіў у масавую сыстэму распаўсюджаньня.

ЦІ ПОЛЬСКАЕ КІНО ЗАРАБЛЯЕ НА СЯБЕ?

Максімюк: Як выжывае польскі кінэматограф? Ёсьць польскія карціны, якія зарабляюць на сябе, ці наогул да большасьці фільмаў трэба даплачваць?

Лукашэвіч: Ёсьць такія фільмы, якія самі на сябе зарабляюць. Я думаю, што польскі кінэматограф цяпер знаходзіцца на ўздыме, дзякуючы Польскаму інстытуту кінамастацтва, які займаецца адборам кінапраектаў і дае грошы толькі на такія праекты, якія атрымалі прыхільную ацэнку ня толькі творцаў кіно, але і кінакрытыкаў. Гэты адбор, як здаецца, значна палепшыў якасьць польскіх кінасцэнароў. Ёсьць шмат польскіх карцін, якія здабылі масавага гледача. Я маю на ўвазе фільмы Войцеха Смажоўскага, фільм Лешэка Давіда «Jesteś Bogiem», фільм Яна Камасы «Sala samobojców», фільмы Катажыны Расланец, якія былі праграмна скіраваныя да маладога гледача.

Максімюк: Як выглядае распаўсюджаньне фільму «Жыве Беларусь!» сярод масавага гледача — яно ўжо пачалося ці толькі пачнецца?

Лукашэвіч: У Польшчы распаўсюджаньне фільму «Жыве Беларусь!» пачнецца 17 красавіка, і ад гэтага моманту фільм можна будзе паглядзець на тэрыторыі ўсёй краіны.


Кшыштаф Лукашэвіч і апэратар Вітальд Сток падчас здымкаў "Жыве Беларусь!"



ЭПІЗОД З ІРАЦКАЙ ВАЙНЫ

Максімюк: На заканчэньне традыцыйнае пытаньне для творчай асобы — над чым вы цяпер працуеце?

Лукашэвіч: Хацелася б зрабіць фільм пра адзін ваенны эпізод у Іраку, у якім удзельнічалі польскія жаўнеры. Быў такі эпізод у 2004 годзе — шыіцкае паўстаньне ў Карбале, калі адзін з аб’ектаў у гэтым горадзе абаранялі польскія вайскоўцы і, агульна кажучы, паказалі сябе з найлепшага боку. Ня ведаю, ці ўдасца нам зьняць гэты фільм, бо ён патрабуе шмат грошай, але пакуль што мы працуем над гэтым.