Суд над Сяргеем Каваленкам адклалі да пятніцы

Сяргей Каваленка

У судзе над віцебскім апазыцыянэрам Сяргеем Каваленкам абвешчаны перапынак да пятніцы. Суд задаволіў ягонае хадайніцтва, каб яму далі адваката.
У судзе Першамайскага раёну Віцебску распачаўся суд над сябрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргеем Каваленкам. Яго затрымалі 25 сакавіка — у дзень 95-х угодкаў БНР — і зьвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Сяргея Каваленку затрымалі нібыта за пераход дарогі ў неналежным месцы, калі позна ўвечары ён вяртаўся дадому. Але ў міліцэйскім пастарунку пратакол быў складзены паводле артыкула Адміністрацыйнага кодэксу аб дробным хуліганстве, а менавіта — брыдкаслоўі і размахваньні рукамі, паведаміў Свабодзе Сяргей Каваленка ў судовым перапынку:

«Я ішоў па вуліцы, раптам пад’яжджае „бобік“ міліцэйскі, зь яго выходзяць два міліцыянты. А ззаду падбягае яшчэ адзін мужчына, апрануты ва ўсё чорнае. Сказалі мне, што я ня там перайшоў вуліцу, і забралі мяне. А ўжо ў пастарунку напісалі пратакол, што я нібыта быў у нецьвярозым стане, брыдкасловіў і размахваў рукамі».

Складзены ўвечары пратакол міліцыянты ранкам перапісвалі наноў у тым жа Першамайскім РУУС. У судзе Сяргей Каваленка хадайнічаў, каб працэс праводзіўся па-беларуску, але судзьдзя адхіліла гэтае хадайніцтва. Апазыцыянэр таксама выказаў хадайніцтва, каб яму была забясьпечаная абарона адваката. Адвакат Сяргея Каваленкі працуе ў Менску і можа прысутнічаць на працэсе ў Віцебску толькі ў пятніцу. З гэтай нагоды суд адкладзены да пятніцы. Жонку Сяргея Алену Каваленку ў гэты момант судзьдзя выдаліла з залі за тое, што яна падказвала мужу, да паслугаў якога адваката зьвярнуцца найлепш. Алена Каваленка пракамэнтавала інцыдэнт гэтак:

«Прадавачкі ў крамах і дзяўчаты, якія працуюць на заводах, не паводзяць сябе гэтак, як паводзяць сябе судзьдзі нашы. У нас дэградуе ўся судовая сыстэма і ўсе тыя людзі, якія тут працуюць».

Каваленкі таксама паведамілі, што напярэдадні затрыманьня каля іхняга дому дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі. Таксама і падчас працэсу ў судзе было багата вышэйшага міліцэйскага кіраўніцтва. А судовая заля была перапоўненая супрацоўнікамі міліцыі ў форме і ў цывільным.

Паплечнік Сяргея Каваленкі ў партыі, намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі: «Чалавек, які выявіў волю, падняў нацыянальны сымбаль — бел-чырвона-белы сьцяг, сам у пэўнай ступені стаў такім сымбалем — сымбалем змаганьня. І натуральна, што акупацыйная ўлада кінула ўсе сілы, каб гэты сымбаль душыць і дэманстраваць гэта іншым. Але чым больш яны гэта робяць, тым большы адваротны эфэкт. Бо тыя, хто яшчэ сумняваўся ў прыродзе гэтай улады, зараз усё больш і больш разумеюць пра сапраўдныя прычыны нашага палітычнага, эканамічнага і духоўнага крызісу».

Суд над Сяргеем Каваленкам прадоўжыцца ў пятніцу а 9-й раніцы.