Часопіс «Архэ» прадаюць як канфіскат

Часопіс «Архэ» на паліцах гарадзенскай крамы, дзе прадаюць канфіскаваныя тавары

У Горадні ў краме з канфіскаванымі тварамі зьявіліся кнігі, якія былі забраныя падчас леташняй прэзэнтацыі часопіса «Архэ», з-за якой быў затрыманы рэдактар выданьня Валер Булгакаў.
Часопісы «Архэ-Пачатак», а таксама кнігі, выдадзеныя рэакцыяй, прадаюцца па 14 900 рублёў. Побач на паліцах — абутак, цыгарэты ды іншы канфіскаваны на мяжы тавар.

Гандляры патлумачылі, што тут прадаюцца часопісы і кнігі (усяго каля 200 экзэмпляраў), якія былі канфіскаваныя ў тагачаснага галоўнага рэдактара выданьня Валера Булгакава ў Горадні 14 верасьня 2012 году. Булгакава тады затрымалі, а пазьней аштрафавалі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Крама на ўскраіне гораду, пакупнікоў там мала, кажуць гарадзенцы, — сюды прыходзяць тыя, хто ведае, чаго шукае.

Прадавачка спадарыня Валянціна патлумачыла, што часопісы «Архэ-Пачатак» і кнігі, выдадзеныя рэдакцыяй, прадаюцца ў краме ўжо два месяцы. Усяго тут каля 200 асобнікаў:

«Людзі пераглядаюць часам часопісы, але купляюць рэдка. Сёньня, да прыкладу, купілі толькі адну кніжку. Няма вялікай зацікаўленасьці».

Побач на паліцах ляжаць канфіскаваныя цыгарэты, абутак, у суседніх аддзелах прадаюць будматэрыялы, гарэлку, запчасткі для машынаў, гаспадарчае начыньне, кампутары і іншае.

Калі я спрабаваў пытацца ў наведнікаў крамы — ці ведаюць яны такі часопіс, што стаіць на паліцах, то ніводзін з пакупнікоў нават пра яго ня чуў.

Крама канфіскаваных тавараў у Горадні на вуліцы Карскага, 33



Тым часам учора Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў разблякаваў банкаўскі рахунак рэдакцыі, у завядзеньні крымінальнай справы супраць рэдакцыі адмоўлена. «Архэ» спрабуе аднавіць сваю дзейнасьць пасьля працяглага перасьледу. Былы рэдактар выданьня цяпер за мяжою.