Каваленку вінавацяць у хуліганстве

Сяргей Каваленка

У судзе над віцебскім апазыцыянэрам Сяргеем Каваленкам абвешчаны перапынак.
Суд задаволіў ягонае хадайніцтва, каб яму далі адваката, і адклаў паседжаньне да 14.00, узяўшы падпіску, што абвінавачаны зьявіцца ў суд самастойна. Пра гэта Свабодзе паведаміў Сяргей Каваленка. Ён таксама распавёў пра ўчорашнія падзеі. Яго затрымалі за пераход дарогі ў неналежным месцы, але пратакол у райаддзеле склалі за дробнае хуліганства — нібыта за брыдкаслоўе і маханьне рукамі.

Сяргей Каваленка таксама паведаміў, што сёньня яго двойчы дастаўлялі ў суд, бо паўторна накіроўвалі ў РУУС Першамайскага раёну для дапрацоўкі пратаколу.

Паводле прысутных на працэсе журналістаў, у судзе цяпер багата міліцыянтаў, у тым ліку самага высокага абласнога ўзроўню. Заля паседжаньняў суду таксама запоўненая міліцыянтамі ў форме і ў цывільным, а таму трапіць на працэс могуць ня ўсе ахвотныя.