Шварцэнбэрг — Сурвіле: Візы тармозіць не ЭЗ, а Менск

У часе гутаркі Івонкі Сурвілы з Карлам Шварцэнбэргам

У Дзень Волі міністар замежных спраў Чэскай Рэспубліка Карэл Шварцэнбэрг сустрэўся са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.
Адразу пасьля сустрэчы Івонка Сурвіла дала інтэрвію Ганне Соўсь у жывым эфіры Радыё Свабода.




Соўсь: Івонка, якія галоўны вынікі перамоваў з кіраўніком чэскага МЗС, экс-кандыдатам на прэзыдэнта Карлам Шварцэнбэргам?

Сурвіла: Мы пачалі ад пытаньня Незалежнасьці Беларусі, узгадалі дасягненьне нашае леташняе — «Віленскі Мэмарандум» за Незалежнасьць, а таксама заўважылі, да якой ступені апазыцыя з’ядналася для падпісаньня гэтага вельмі важнага для нас дакумэнту. Закранулі тэму Расеі і яе ўплыву на Беларусь, было прыемна адчуць, што спадар Шварцэнбэрг вельмі добра гэтую праблему ўсьведамляе. Гаварылі мы і пра Шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі. Спадар Шварцэнбэрг сказаў, штоў пытаньні візаў фактычна не Эўропа супраціўляецца зьменьшаньню цаны і лібэралізацыі візавага рэжыму, а — Беларусь. І сказаў, што вельмі цяжка казаць пра супольную акцыю ў гэтай галіне, таму што некаторыя краіны хочуць рабіць выключна паводле ўзаемных дамоваў, і калі Эўропа да гэтага гатовая — Беларусь (маецца на ўвазе цяперашняе кіраўніцтва) — супраціўляецца. І ў такой сытуацыі Эўропа сама па сабе вельмі мала можа зрабіць. Але ён гэта бярэ пад увагу і ён пра гэта будзе гаварыць з Эўропай.

Івонка Сурвіла і Карэл Шварцэнбэрг



Соусь: А што яшчэ дзеля падтрымкі дэмакратычных сіл у Беларусі можна зрабіць, пра што гаварыў спадар Шварцэнбэрг?

Сурвіла: Мы гаварылі пра палітычных вязьняў, уздымалі пытаньне акцыі супраць хакейнага чэмпіянату ў Менску ў 2014 годзе. Таксама гаварылі пра фундацыю «Эразмус», Шварцэнбэрг казаў, што ён ужо доўга гэтым займаецца, што ён падтрымоўваў і будзе падтрымоўваць — з намерам дазволіць большай колькасьці студэнтаў беларускіх атрымліваць стыпэндыі ў Эўропе. Ну і апошні пункт, які мы закранулі — гэта справа наданьня беларусам у Чэхіі статусу нацыянальнай меньшасьці, пра што ён таксама дакладна ведаў і гэтую прапанову ён таксама падтрымлівае.

Сяргей Навумчык, Івонка Сурвіла і Карэл Шварцэнбэрг