Людзі Кадырава наводзяць жах на ФСБ

Рамзан Кадыраў

Афіцэры цэнтральнага апарату ФСБ абураныя вызваленьнем зь СІЗА ў Маскве ахоўнікаў кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, якія абвінавачваюцца ў выкраданьні чалавека.
«Новая газета» цытуе ананімных афіцэраў ФСБ, якія заяўляюць, што іх аддзел амаль поўным складам адмаўляецца выходзіць на службу, і яны нават гатовыя пакласьці на стол службовыя пасьведчаньні.

Падставай для гэтак рашучага дэмаршу паслужыла нядаўняе вызваленьне з-пад варты чачэнскіх паліцыянтаў, якія ў 2011 годзе ў Маскве скралі чалавека, вымагалі ў яго грошы і паддалі жорсткім катаваньням.

«Разумееце, нам ня проста плюнулі ў душу – нашы сем’і падставілі пад удар. Навошта мы езьдзілі ў Чачню і зьбіралі доказную базу?» – сказаў газэце палкоўнік ФСБ, які пажадаў застацца ананімным.

«І вось зараз мы даведваемся, што гэтых самых «ахоўнікаў Кадырава», якія займаюцца ў Маскве крыміналам, спакойна адпусьцілі. Гэта як разумець? Лепш бы мы хабар узялі, які нам прапаноўвалі» – дадаў ягоны калега з ФСБ у рангу маёра.

Паводле палкоўніка ФСБ, калі чачэнцаў выпусьцілі, сьледчыя афіцэры «напіліся ўсім аддзелам», а раніцай напісалі «даведку-мэмарандум на імя дырэктара ФСБ». Рэакцыя была неадкладная – да іх прыйшоў памочнік дырэктара ФСБ і заявіў, што наверсе загадалі да заканчэньня Алімпіяды ў Сочы людзей Кадырава не чапаць.

Ахоўнікі Кадырава на фота з «Новай газеты»