Дзень Волі-2013 за мяжой

  • Тацяна Поклад

Згуртаваньне беларускай моладзі Амэрыкі. Збор подпісаў і перадача ў Кангрэс ЗША звароту з заклікам пра вызваленьне палітвязьняў у Беларусі

Для беларусаў за мяжой Дзень Волі — гэта нагода зьвярнуць увагу грамадскасьці й уплывовых палітыкаў на праблемы Беларусі.

Беларуская дыяспара рыхтуе да Дня Волі ня толькі сьвяткаваньні ў сваім коле, але й імпрэзы для больш шырокай аўдыторыі. Для беларусаў за мяжой гэта нагода зьвярнуць увагу грамадскасьці й уплывовых палітыкаў на праблему палітвязьняў у Беларусі ды іншыя парушэньні прынцыпаў дэмакратыі. У ЗША, апроч сьвяточных імпрэзаў, 25 сакавіка пройдзе сустрэча моладзевых актывістаў з кангрэсмэнамі й сэнатарамі. У Літве (якая неўзабаве будзе старшыняваць у Эўразьвязе) з нагоды Дня Волі ў Сойме пройдзе канфэрэнцыя, прысьвечаная Беларусі.

Вялікабрытанія


Лёндан. У суботу ў Беларускім Доме — урачыстае паседжаньне з нагоды 95-х угодкаў абвяшчэння БНР.

ЗША


У выходныя, а таксама 25 сакавіка — сьвяточныя імпрэзы ў Нью-Ёрку, Вашынгтоне і Нью-Брансўіку (Нью-Джэрсі).

Тацяна Кулакевіч, актывістка Згуртаваньня беларускай моладзі Амэрыкі (ЗБМА): «У Нью-Браўнсўіку будзе шмат англамоўных удзельнікаў, чакаюцца й кангрэсмэны. Я раскажу пра значэньне Дня Волі для беларускай апазызыі.

Імпрэза будзе і ў Нью-Ёрку.

У Джорджтаўнскім унівэрсітэце ў Вашынгтоне 25 сакавіка выступяць Дэвід Крэмэр і Вітаўт Кіпель. Будзе фармальная частка і цікавы канцэрт. Увечары — кветкі да мэмэрыяла ахвярам камунізму. Прыйдзе шмат людзей».

Моладзь з ЗБМА зьбірае подпісы ад беларусаў у акругах і падае звароты да акруговых кангрэсмэнаў наконт парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Такое сьвята ў беларусаў — раз на год, таму я заўсёды бяру ў гэты дзень выходны


Мікалай Цімашэнка, лідэр ЗБМА: «Такое сьвята ў беларусаў — раз на год, таму я заўсёды бяру ў гэты дзень выходны. Я вазьму ўдзел у сьвяткаваньні ў Вашынгтоне. Будзе таксама сустрэча моладзевых актывістаў з сэнатарамі і кангрэсмэнамі, якія найбольш актыўныя ў падтрымцы дэмакратыі у Беларусі. Мы адмыслова рупіліся, каб сустрэча была ў Дзень Волі, гэта сымбалічна.

Мы працуем над тым, каб кангрэсмэны і сэнатары ЗША даведаліся пра 25 сакавіка і з гэтай нагоды павіншавалі беларусаў і яшчэ раз запатрабавалі ад беларускіх уладаў вызваленьня палітвязьняў, каб заявілі яшчэ раз, што падзяляюць прынцыпы Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі. Дыктатура павінна ведаць, што ні адно злачынства не застанецца нераскрытым. Палітвязьням патрэбна нашая дапамога — і гэта тое, што мы тут можам зрабіць для іх».

Польшча


У Познані й Варшаве з нагоды Дня Волі ў суботу і нядзелю пройдуць шэсьці. Будуць таксама мітынгі й сьвяточныя канцэрты.

Гданьск. 23 сакавіка — канцэрт гуртоў Harotnica і :B:N у рамках традыцыйнага фэстывалю «Салідарныя зь Беларусьсю». (Гданьская суднавэрф, клюб «Буффэт»).

Украіна

25 сакавіка адбудзецца пікетаваньне беларускай амбасады ў Кіеве.

У Львове заплянавана ўскладаньне кветак на магілах удзельнікаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага.

Расея


Масква. 25 сакавіка — сустрэча з паэтам і бардам Эдуардам Акуліным, ускладаньне кветак да помніка Янкі Купалы, сьвяточныя курсы беларускай мовы «МоваЦіКава» (клюб «Zavtra»).

Літва. «Беларускі тыдзень»


Вільня. У ратушы ў Дзень Волі — урачысты прыём, а цягам «Беларускага тыдня» — канфэрэнцыя ў Сойме «Чаго чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Эўрапейскім зьвязе?».

27 і 28 сакавіка ў Доме правоў чалавека — прагляд праграмы фэстывалю кароткамэтражных фільмаў «Cinema Perpetuum Mobile» і сучасных дакумэнтальных фільмаў асацыяцыі «Белфільм». Дзень адкрытых дзьвярэй у ЭГУ. Канцэрты.

Завершыць «Беларускі тыдзень» у Вільні 30 сакавіка фэст «Feel Free!» з удзелам беларускіх гуртоў «Крамбамбуля» і «Нэйра Дзюбэль» і літоўскага «Biplan» (21:00, клюб LOFTAS, Švitrigailos g., 29).

Кветкі і сьвечкі традыцыйна зьяўляюцца з нагоды Дня Волі на магілах дзеячоў БНР у розных эўрапейскіх краінах — у Чэхіі, Бэльгіі, Літве.

Францыя


Ліль. 26 сакавіка — адкрыцьцё выставы «Прэс-фота Беларусі» (Espace Culture Lille 1, Cité Scientifique, 18:00).

Арганізатар выставы ў Лілі Аліна Таранік: «Будуць паказаныя ўсе фотаздымкі „Беларусь прэс-фота-2012“. На адкрыцьцё прыедуць ляўрэаты конкурсу Васіль Фядосенка і Натальля Аблажэй. Таксама пакажам працы пераможцаў у намінацыі мультымэдыяў. Пазнаёмім французаў зь беларускай музыкай».