Менск не адказвае на прапановы візавай палёгкі для народу

Эўразьвяз застаецца прыхільнікам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяньня ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным сёньня дакладзе пра гадавыя вынікі праграмы Эўрапейскай палітыкі суседзтва.
Даклад прадставілі ў Брусэлі вярхоўны камісар Эўразьвязу ў замежных справах Кэтрын Эштан і камісар у справах пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле. Аўтары дакладу прыйшлі да высновы, што краіны Ўсходняй Эўропы ідуць чым далей рознымі шляхамі. Малдова, Грузія і Армэнія працягваюць дэмакратычныя рэформы, праведзеныя тут выбары, як правіла, адпавядалі міжнародным стандартам. Парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне былі адзначаныя шэрагам недахопаў і адышлі ад раней дасягнутых стандартаў. Азэрбайджану рэкамэндуецца больш пасьлядоўна выконваць свае абавязацельствы ў галіне дэмакратыі, у тым ліку выбарчых працэсаў. Выбары ў Беларусі, адзначаецца ў дакладзе, адбываліся на агульным фоне рэпрэсій.

На цяперашнім этапе дапамога Эўразьвязу Беларусі абмежаваная ў маштабах і факусуецца непасрэдна ці ўскосна на падтрымцы патрэбаў насельніцтва і дэмакратызацыі. Улічваючы складаную палітычную сытуацыю ў краіне і санкцыі, накладзеныя на кіраўніцтва і часткова на дзяржсэктар эканомікі, эўрапейская праграма партнэрства робіць акцэнт на ўдзеле грамадзянскай супольнасьці і ў той жа час захоўвае тэхнічны кантакт зь беларускай адміністрацыяй, прынамсі, на мясцовым узроўні.

У дакладзе адзначаецца, што на праграмы двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі на працягу 2007-2011 было выдзелена 43 млн. эўра і ў пэрыяд 2012-2013 гадоў 28,5 млн. эўра. Беларусь удзельнічае ў асноўным у праектах у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, адукацыі і транспамежнага супрацоўніцтва. У той жа час Беларусь застаецца выключанай з сыстэмы эўрапейскіх гандлёвых прэфэрэнцый (пастанова дзяржаў-сябраў ЭЗ, прынятая на падставе сур’ёзных і сыстэматычных парушэньняў Беларусьсю асноўных стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы ўступіла ў сілу ў 2007 годзе.)

У чэрвені 2011 году Камісія ЭЗ прапанавала Беларусі пачаць перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму і пагадненьні аб рэадмісіі ў інтарэсах насельніцтва ў цэлым. Пакуль беларускія ўлады не адгукнуліся на прапанову. І пры адсутнасьці адказу, 23 сакавіка і 15 кастрычніка 2012 году Рада замежных спраў вітала намер дзяржаў-сябраў ЭЗ у аднабаковым парадку забясьпечыць аптымальнае выкарыстаньне існуючых гнуткіх магчымасьцяў, якія дае візавы кодэкс. Гэта ў прыватнасьці, магчымасьці адмяніць візы або зьменшыць іх кошт для пэўных катэгорый грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Аўтары дакладу таксама робяць акцэнт на апошняй прапанове, агучанай год таму эўракамісарам Штэфанам Фюле — Дыялёг па мадэрнізацыі. Гэты дыялёг уключае абмен поглядамі і ідэямі паміж прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці і дзяржавамі Эўразьвязу. На думку дакладчыкаў, дыялёг спрыяе нармалізацыі адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю, а таксама вызначае курс рэформаў і мадэрнізацыі ў інтарэсах беларускага народу.