«Жыве Беларусь!» змагаецца за прыз міжнароднага фэстывалю

Сьцяг у залі

Фільм «Жыве Беларусь!» — сярод 14 карцінаў, якія змагаюцца за галоўны прыз міжнароднага кінафэстывалю Febiofest. Нашумелы задоўга да выхаду, фільм Кшыштафа Лукашэвіча часткова заснаваны на дзёньніках моладзевага актывіста і журналіста Франака Вячоркі.
Фільм паказалі 19 сакавіка ў Празе пры поўнай залі.

Кінастужка «Жыве Беларусь!» польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча пабудаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае пра змаганьне беларускае моладзі супраць дыктатуры. Гэта першы фільм па-беларуску, прэзэнтаваны на фэстывалі такога ўзроўню. У фільме зьняліся рэпэр Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандар Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.

Галоўны герой фільма — рок-музыка Мірон, гурт якога трапляе ў «чорны сьпіс», а сам ён — у войска. Яго допісы ў інтэрнэт-блогу, дзе ён раскрывае цёмныя бакі жыцьця ў казарме, выклікаюць «вэб-рэвалюцыю». У галоўнай ролі зьняліся беларускі музыка Вінсэнт і польская акторка Караліна Грушка.

Прэм’ерны паказ адбыўся на 65-ым Канскім кінафэстывалі ў межах кінакірмашу летась у траўні.

На прэм’еру прыехаў рэжысэр Кшыштаф Лукашэвіч, фільм прадстаўляў ён і суаўтар сцэнару Франак Вячорка, а таксама выканаўца галоўнай ролі Зьміцер Папко (Вінцэнт).

«У нашай краіне наогул шмат сымпатыі да Беларусі, прынамсі да тае часткі беларусаў, якія імкнуцца думаць самастойна. У маім выпадку было гэтак жа, — сказаў Свабодзе Кшыштаф Лукашэвіч. — Я, як большасьць палякаў з гэтак званых усходніх земляў, «крэсаў», маю беларускія карані. Лукашэвічы, мая сям’я, паходзяць з-пад Баранавіч. Падчас нашых сямейных сустрэчаў з нагоды сьвятаў заўжды ўзьнікалі размовы, каб паехаць у Беларусь, наведаць зямлю, дзе жылі нашы дзяды.

Але сама спроба зрабіць фільм пра Беларусь вынікае хутчэй з майго «прамэтэізму», які я ў сабе, відаць, маю. Мне падумалася, што ў дадзенай сытуацыі няма вялікіх магчымасьцяў, каб беларусы самі зрабілі такі незалежны фільм пра саміх сябе, пра сваю рэчаіснасьць, пра тое, што ім найбольш баліць у сваёй краіне. А хто можа дапамагчы беларусам, калі ня мы, палякі, якія разумеюць іх сытуацыю найлепш за ўсіх, бо яшчэ ня так даўно мы падобную сытуацыю адчувалі на сваёй скуры. Дык вось з гэтага і нарадзілася мая ідэя, каб заняцца беларускай тэмай. І тут прынагодна ў «Газэце Выборчай» зьявіўся рэпартаж пад загалоўкам «Як Франак Вячорка змагаўся ў беларускай арміі»...

http://www.youtube.com/embed/QseBzQiSXcY

Фільм «Жыве Беларусь!» — сярод 14 карцінаў, якія змагаюцца за галоўны прыз міжнароднага кінафэстывалю Febiofest. Акрамя яго, за ўзнагароду спаборнічаюць «90 хвілінаў» (90 minutter) нарвэскай рэжысэркі Эвы Сорхаўг, францускі фільм «Сястра» (L’enfant d’en haut), брытанскі «Развалены сьвет» (Broken) Руфуса Норыса, «Ціхі горад» (Silent City) галяндзка-бэльгійска-люксэмбурскай вытворчасьці рэжысэркі Анны Трэс і шэраг іншых.

У склад журы ўваходзяць вядомыя ў сьвеце рэжысэры і акторы, а таксама аматары кіно. Пераможцы будуць аб’яўленыя 22 сакавіка.

Febiofest зьяўляецца найбуйнейшым міжнародным кінафэстывалем у Чэхіі, другім паводле прэстыжнасьці пасьля фэстывалю ў Карлавых Варах. Фэстываль паказвае шырокі спэктар сучасных і рэтраспэктыўных фільмаў з усяго сьвету. Фэстываль быў заснаваны ў сьнежні 1993 году, сёлета ён адбываецца ў дваццаты раз. Спачатку фільмы будуць паказаныя ў Празе, а пасьля ў іншых гарадах Чэхіі. Закончыцца фэстываль 12 красавіка.