За нашу і вашу

Насамрэч, было б файна, калі б 25 сакавіка са сьвята чыста палітычнага сапраўды ператварылася ў такі сабе беларускі Дзень сьвятога Патрыка. Дзень, калі беларусы ўсяго сьвету яднаюцца, п’юць, жаруць, пяюць, танчаць, гуляюць, як бедна басота, б’юць вітрыны, падпальваюць аўтамашыны, ламаюць агароджы, грамяць пастарункі... не, без чатырох апошніх пунктаў можна і абысьціся (дастаткова будзе зламаць пару стэрэатыпаў) — і іх, беларусаў, чуваць і відаць паўсюль, і кожны ім рады.

Так, сёньняшні дзень у календары, як вядома, чырвоны — а дакладней, бел-чырвона-белы. Можа, камусьці і хацелася б, каб ён быў іншых колераў, але позна. Кім бы ні былі заснавальнікі БНР — рамантыкамі, авантурыстамі або проста звычайнымі людзьмі ў нязвычнай для сябе ролі палітыкаў — накірунак яны абралі правільны і прыгожы. Іхная Вялікая Спроба сталася прэцэдэнтам, адмахнуцца ад якога не маглі ўжо ні бальшавікі, ні кайзэр, ні Польшча, ні іншыя зьвяры гэтага Лесу. У тым, што ты нарадзіўся ў БССР, а не ў якой-небудзь аўтаномнай вобласьці РСФСР, іхная заслуга. І ня іх віна, што не ў БНР.

Больш за тое, сёньня — самы бел-чырвона-белы дзень году, бо ні Дзень канстытуцыі, ні Дзень машынабудаўнікоў, ні Дзень незалежнасьці, ня кажучы ўжо пра дзень незалежнасьці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і марсіянскіх акупантаў, ня могуць цягацца з Днём Волі — пры ўсёй павазе да трактаразаводцаў і марсіянаў. Канкураваць з Днём Волі можа толькі асабісты дзень нараджэньня, дый тое адно ў тым выпадку, калі ён прыпадае на сёньняшнюю дату. Застаецца толькі павіншаваць усіх Воляў і ўсіх беларусаў, дзе б яны ні былі, а таксама тых, хто нам спачувае, хто нас падтрымлівае, хто пра нас піша, вучыць нашую мову, перакладае зь яе, тых, хто не маўчыць, хто кажа пра нас з высокіх трыбунаў, за сталамі кавярняў, на плошчах, на кухнях і ў інтэрвію, хто беспасьпяхова намагаецца нас зразумець — карацей, усіх, хто хаця б трошачкі беларус у душы.

Сёньня самы час павіншаваць і тых, хто нас ненавідзіць, не прызнае, пагарджае намі і нас баіцца, тых, для каго мы нацысты, вылюдкі, паліцаі, маргіналы, змагары, сьвідаміты, пятая калёна, ідэалісты, якіх не падтрымаў народ, русафобы, жыдамасоны, меншасьць, вар’яты, дэструктыўныя элемэнты і наіўныя летуценьнікі. Віншую! Як бы вам ні хацелася, мы ёсьць і зьнікаць нікуды не зьбіраемся. Больш за тое — вы ўжо нам прайгралі. І даўно: яшчэ 25 сакавіка 1918 году. І ня ведаю, як астатнім, а мне вас шкада.